У Глыбокім знайшлі абразок Маці Божай з вершам Казіміра Сваяка

У людзей у старых шафах і на гарышчах можна знайсці шмат цікавых рэчаў, каштоўных як для малой радзімы, так і агулам для гісторыі Беларусі. Нядаўна адзін чалавек набыў дом у Глыбокім на вуліцы, каторая мае гістарычную назву Копцеўская, а цяпер называецца Максіма Горкага. Сярод папер, якія засталіся ад былых гаспадароў, новы ўладальнік знайшоў некалькі ўнікальных старых абразкоў.

Асабліва цікавы для гісторыі невялікі папяровы абразок з выявай Маці Божай Вастрабрамскай. Вядома, што сам гэты абраз знаходзіцца ў нашай гістарычнай сталіцы – Вільні, у капліцы пры Вострай Браме. Абразом апекаваліся манахі з ордэна кармелітаў босых. Гэта той самы ордэн, які меў кляштар у Глыбокім (былы кармеліцкі касцёл цяпер з’яўляецца праваслаўным саборам). Абраз Маці Божай Вастрабрамскай у нашым рэгіёне ўшаноўваюць і католікі, і праваслаўныя. Яго можна ўбачыць не толькі ў касцёлах, але і ў цэрквах – напрыклад, у Глыбокім, Порплішчы, Сітцах.

Але вяртаемся да папяровага абразка. На пярэдняй яго частцы выяўлены абраз Маці Божай Вастрабрамскай, а пад ім маленькім шрыфтам па-нямецку – “Stachistich v. Carl Mayer’s K. A. in Nürnberg”. Гэта значыць, што аўтарам гравюры з’яўляецца Карл Майер (1798-1868), гравёр з нямецкага горада Нюрнберга. У Інтэрнэце лёгка знайсці абразкі, якія былі перадрукамі гэтай выявы. Адным з такіх перадрукаў быў і знойдзены ў Глыбокім абразок.

Але самае цікавае знаходзім на адваротным баку абразка. Там – тэкст рэлігійнай песні на беларускай мове, напісаны лацінкай. У другой палове ХІХ – першай палове ХХ стагоддзя лацінка часта выкарыстоўвалася ў беларускіх выданнях, асабліва ў каталіцкай рэлігійнай літаратуры.

Песня Да Маткі Боскай Вострабрамскай

Вострабрамска Маці Божа,
Ты прачыста Райска рожа! [ружа – заўв. аўт.]
З святой Тройцы Твая доля
Свяце Вільні ў нядолі,
У краі нашым Ты ў чэсці
Нясеш з Неба добры весці!
Шчасце для для нашаго краю!
Даеш нам ад Бога з Раю!
Уся Цябе Русь славіць Бела
І Літва і Польшча цэла,
Бо ты Маці Міласціва,
Сваім дзеткам дабратліва –
Іх у смутку пацешаеш,
Слабых хворых папраўляеш!
І хто толькі к Табе прыйдзе,
То без радасці не выйдзе,
Ты так кожнаму дагодзіш,
Што надзею ў сэрцы зродзіш,
Праз Цябе і важна віна
Даруецца ў Бога Сына!

На абразку не пазначанае аўтарства тэксту гэтай песні. У многіх даступных публікацыях аўтарства прыпісваюць Казіміру Сваяку. Гэтым творчым псеўданімам падпісваўся ксёндз Канстанты Стэповіч, які быў беларускім паэтам і дзеячам нацыянальнага руху. Сапраўды, мы знаходзім песню на старонцы 268 у малітоўніку “Голас душы”, які быў выдадзены ў Вільні ў 1926 годзе. Укладальнікам гэтага малітоўніка быў якраз кс. Канстанты Стэповіч. Праўда, у малітоўніку тэкст песні адрэдагаваны. Першая страфа гучыць так:

Вострабрамска, Маці Божа, раска чыстая, прыгожа
Міласэрдзе Тваей волі
Свеціць Вільні ў нядолі.

Падобна, тэкст быў зменены, каб стаў больш зразумелым і правільным тэалагічна. Застаецца пытаннем, хто быў выдаўцом гэтага абразка. На ім не пазначана ні даты, ні месца выдання, ні дазволу касцельных уладаў на друк. Калі звярнуць увагу на тое, што на ім была надрукаваная ранейшая версія верша, то можна выказаць меркаванне, што ён быў выдадзены раней за малітоўнік “Голас душы”, то бок да 1926 года.

Гэта ўжо другая знаходка папяровага абразка з рэлігійным тэкстам па-беларуску. У 2017 годзе Юлія Цярэньева з Браслаўшчыны перадала мне абразок з каляровай выявай Маці Божай Вастрабрамскай. На адваротным баку – тэкст песні “Матачка Божая, Матачка добрая”. Думаю, што няма патрэбы цытаваць у газеце гэтую песню, бо яе часта спяваюць у касцёлах. Аўтарства яе невядомае. Таксама невядомае і аўтарства абразка.

Знаходкі абразкоў з песнямі па-беларуску нагадваюць пра тое, што ў пачатку ХХ стагоддзя сярод часткі вернікаў існавала імкненне ўжываць у рэлігійным жыцці беларускую мову. Гэтае імкненне знаходзіла падтрымку сярод ксяндзоў-беларусаў і нацыянальнай інтэлігенцыі. Але гістарычныя ўмовы тады складваліся неспрыяльныя. Беларуская мова стала мовай Касцёла толькі ў 90-я гады ХХ стагоддзя, калі Рэспубліка Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

Хачу яшчэ звярнуцца да чытачоў: калі ў вашых сямейных архівах захаваліся старыя фотаздымкі, абразкі, кнігі, дакументы, якія сведчаць пра рэлігійнае і грамадскае жыццё нашага рэгіёна, падзяліцеся, калі ласка, гэтай інфармацыяй. Звязацца са мной можна праз сацыяльныя сеткі або праз мэйл ksz@tut.by ці тэлеграм @shytal. Магчыма, такім спосабам пры вашай дапамозе ўдасца даведацца невядомыя дэталі гісторыі нашага краю.

Канстанты Стэповіч – беларускі каталіцкі святар. Нарадзіўся 19 лютага 1890 года ў вёсцы Барані Свянцянскага павета (цяпер – Астравецкі раён). У 1914 годзе скончыў семінарыю ў Вільні, у 1915 атрымаў святарскае пасвячэнне. З 1912 года пісаў вершы на беларускай мове, друкаваўся ў газетах “Biełarus” і “Krynica”. Аўтар зборніка вершаў “Мая ліра” (Вільня, 1924), укладальнік малітоўніка “Голас душы” (Вільня, 1926). Служыў як святар у парафіях Клюшчаны, Карыцін, Засвір. Памёр ад сухотаў 6 мая 1926 года, пахаваны ў Вільні на могілках Росы.

Кастусь Шыталь

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі