Ці ўсе грахі могуць прабачацца?

Ці ўсе грахі могуць прабачацца?

На пытанне адказвае ксёндз Андрэй Рылка:

— Мы прызвычаеныя да таго, што кожны грэх можа быць адпушчаны. Аднак Святое Пісанне гаворыць пра тое, што існуе такі грэх, які ніколі не будзе прабачаны ні ў зямным жыцці, ні ў вечнасці. Біблія называе яго грахом «супраць Духа Святога» (пар. Мц 12, 31—32; Мк 3, 28—29; Лк 12,10; 2 П 2, 20—22; Гбр 6, 4—6. 10, 26—29). Але ў чым канкрэтна выяўляецца гэты грэх? Знайсці адказ на гэтае пытанне нам дапамагае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК, 1864). Ёсць падрабязнае апісанне шасці праяўленняў гэтага граху:

1 Грашыць, празмерна спа­дзеючыся на Божую міла­сэрнасць;
2 Роспач або сумненне ў Божай ласцы;
3 Супраціўляцца спазнанай хрысціянскай ісціне;
4 Зайздрос­ціць бліжняму, які мае Божую ласку;
5 Закамянеласць у грахах;
6 Адкладаць пакаянне аж да смерці.

Калі разважаць пра сутнасць усіх гэтых праяўленняў граху супраць Духа Свя­тога, можна заўважыць, што ўсе яны зводзяцца да дзвюх крайнасцяў у духоўным жыц­ці (пар. ККК, 2091–2092). Умоўна іх можна назваць фальшывым духоўным апты­мізмам і фальшывым духоўным песімізмам.

У першым выпадку чалавек не ўстрымліваецца ад граху, бо лічыць, што Бог абавязкова яму прабачыць. У другім выпадку чалавек таксама не ўстрымліваецца ад граху, але ўжо з адваротнай матывацыяй: ён лічыць, што Бог яму ніколі не прабачыць.

Як бачым, у знешнім — практычным і маральным сэнсе — грэх супраць Духа Святога праяўляецца ў нястрымным пагружэнні ў нейкі грэх. Трываць у граху чалавек можа па розных прычынах (свядома, несвядома, упаўшы ў залежнасць, з’яўляючыся закладнікам нейкай сітуацыі і г.д.). Спецыфіка граху супраць Духа Святога заключаецца ў тым, што чалавек трывае ў граху не з­-за нейкіх знешніх (не залежных ад яго) ці неўсвядомленых прычынаў. Наадварот. Гэта поўнасцю свядомае і дабравольнае нежаданне пакаяцца, адкідванне такой магчымасці. Як мы ўзгадалі вышэй, пакаянне адкідваецца або па прычыне фальшывага пераканання, што Бог сам усё зробіць, або пераканання, што Бог і так нічога не зробіць. Незалежна ад праяўленняў і перакананняў грэх супраць Духа Святога — гэта свядомае трыванне ў граху і нежаданне ад яго пазбаўляцца.

Здаецца, у сучасным свеце асабліва папулярнае першае з узгаданых праяўленняў граху супраць Духа Святога: грашыць, празмерна спа­дзеючыся на Божую міласэр­насць. Людзям прыемна ўсве­дамляць, што Бог іх любіць заўсёды, усюды, незалежна ад акалічнасцяў. Разважанне аб бязмежнасці Божай любові можа прывесці да вельмі небяспечнай высновы: «калі Бог любіць без меры, і калі Ён усё можа, то Ён не можа не ўратаваць сваё любімае дзіця — чалавека. Бог не быў бы Богам, калі б для Яго было нешта немагчымае. Калі Ён можа збавіць, хоча збавіць, значыць — збавіць».

Гэты на першы погляд правільны лагічны ланцужок на самай справе падманлівы, бо магчы і хацець не азначае зрабіць. Існуе розніца паміж жаданнем і дзеяннем. Калі Бог бязмежны ў сваіх магчымасцях, але не выкарыстоўвае іх, каб зацягнуць грэшніка сілком у неба, значыць існуе нейкая прычына, па якой Ён так не робіць. Прычына вельмі простая: Пан Бог не садыст. Ён любіць! А любоў пад прымусам немагчымая. Сапраўдная любоў — гэта дабравольнае жаданне быць разам і нешта рабіць для любімага чалавека.

Чалавек, які трывае ў граху і суцяшае сябе надзеяй на Божую міласэрнасць, становіцца ахвярай уласнага эгаізму. Ён лічыць, што можна грашыць, выкарыстоўваць любоў Бога, перакінуць на Яго клопат аб выратаванні, а самому нічога не рабіць, разбураць, свавольнічаць.

Гэта тыповыя паводзіны нясталага і капрызнага дзіцяці, якое не ўмее любіць і не жадае змяняцца. Адсутнасць спачування, любові, ахвярнасці, няўменне валодаць сабою такі чалавек гатовы прыкрываць прыгожымі словамі сваю слабасць і бязмежнасць Божай міласэрнасці. Аднак учынкі сведчаць пра тое, што такі чалавек не шануе ні Бога, ні сябе. У гэтым кантэксце св. Аўгустын назваў грэх «любоўю да сябе, даведзенай ажно да прыніжэння Бога» («Contra Faustum manichaeum», 22). Папа Бэнэдыкт XVI, працягваючы думку св. Агустына, указваў на Бога, аб’яўленага ў Хрысце, які палюбіў чалавека ажно да прыніжэння сябе. Як жа страшна выглядае чалавек, які ўпарта намагаецца выкарыстаць Любоў Бога, у душы пагарджаючы ёю, выбіраючы трыванне ў граху.

Дык чаму ж не прабачаецца грэх супраць Духа Святога? Чаму не прабачаецца празмерная надзея грэшніка на Божую міласэрнасць? Не прабачаецца таму, што чалавек не жадае прыняць прабачэнне, бо ўмова прабачэння — пакаянне, адмаўленне ад граху. Усё вырашаюць не прыгожыя словы грэшніка пра Бога, пра любоў і спадзяванні, а канкрэтныя дзеянні, скіраваныя на вызваленне ад граху неадкладна. Узгаданы ўжо намі св. Аўгустын казаў: «Бог стварыў цябе без цябе, але не збаўляе цябе без цябе» («Sermones», 169). Вызваліцца з граху празмернай надзеі можна толькі адным шляхам: пачаць рабіць хоць нешта, каб ужо цяпер пераадолець грэх, і клікаць Духа Святога, каб Ён даў мудрасць і моц для поўнай перамогі Хрыста ў нашым жыцці.

ave-maria.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі