“Мы збіраемся хрысціць сына. Ці можа быць у яго хросным яўрэй і хроснай каталічка?” Юля
На пытанне адказвае кс. Андрэй Сідаровіч MIC:
– Пачнём адказ на гэтае пытанне з хроснай каталічкі. Так, яна можа быць хроснай пры ўмове, што сама з’яўляецца хрысціянкай-практыкам.
Ідэальны варыянт кандыдатаў на хросных – гэта калі і бацька, і маці – каталікі. Такое патрабаванне Касцёла звязана з разуменнем ролі хросных бацькоў: яны не толькі “бюракратычныя” сведкі падзеі, але і сапраўдныя памочнікі родных бацькоў у рэлігійным выхаванні дзіцяці. Таму Касцёл настойвае, каб хросныя самі практыкавалі веру: толькі дэкларацыі, што я ахрышчаны, недастаткова.
Святар мае права папрасіць пісьмовую даведку, ці з’яўляецца дадзены чалавек вернікам той або іншай парафіі. Тое, што святар ставіць канкрэтныя патрабаванні, гэта яго права і абавязак. У прынцыпе хросных выбіраюць бацькі дзіцяці, а зацвярджае іх, дае згоду на выкананне місіі, пробашч парафіі.
Паколькі многія нашы сем’і змешаныя, каталіцка-праваслаўныя, то, здараецца, на аднаго з хросных запрашаем чалавека іншай канфесіі. Касцёл дазваляе гэта як выключэнне.
Яўрэй як неахрышчаны чалавек можа быць сведкам хросту і ўласным подпісам пацвердзіць, што сакрамант быў удзелены ў яго прысутнасці. Гэта функцыя сведкі хросту толькі для некатолікаў. Калі католік, кандыдат на хроснага, не адпавядае патрабаванням, то ён нават сведкам хросту быць не можа.
