У гэтым нумары святары расказваюць “Каталіцкаму Весніку” пра сваіх жывёл-улюбёнцаў.
Ксёндз Вячаслаў Адамовіч:
– Зараз у мяне жыве ўжо другі кот. Першы “знік без вестак”. Ката завуць Какос. Ён брытанскай пароды. Яшчэ малады, мае толькі пяць месяцаў. Адметна, што паявіўся кот на Божае Нараджэнне, 25 снежня. Як і кожны малады каток, Какос вельмі любіць шкодзіць і паўсюль сунуць свой нос. Ніводнае дзеянне ў хаце – ці то прыбіранне, ці нейкі малы рамонт – не можа быць зроблена без кантралёра-ката. А калі дзесьці ў хаце зашамацела торба, то дзе б ён ні быў, што б ні рабіў Какос – адразу прыбяжыць, каб праверыць, што адбываецца. Кот вельмі любіць хадзіць да капліцы. Там правярае, ці ўсё ў парадку, і далей бяжыць гуляць. А яшчэ ён добры будзільнік: заўсёды раніцай пабудзіць. Вельмі любіць пяшчоту і ўвагу, дарэчы, як кожнае Божае стварэнне.
– Калі мяне прызначылі на працу ў Шэметава, Мядзельскага раёна, я зацікавіўся сабакамі. Касцёл стаіць на водшыбе, найбліжэйшая вёска – на адлегласці 1,5 км. Было жудасна аднаму. Тады мой сябар прапанаваў падарыць на дзень нараджэння сабаку. Гэта быў цудоўны шчанюк лабрадора. З яго ўсё і пачалося. На жаль, ён загінуў. Адразу я набыў другога шчанюка, таксама пароды лабрадор. Запрасілі на выставу. Пазней супрацоўнічаў з іншымі прыхільнікамі гэтай пароды. Зараз маю шчанюкоў, якія працуюць праваднікамі сляпых, апякуюцца інвалідамі, служаць на граніцы ў якасці пошукавых сабак па наркотыках, тытуні і іншых рэчывах. Супрацоўнічаю са многімі гадавальнікамі не толькі ў Беларусі, Расіі, але і ў некаторых краінах Еўропы і ЗША. Сабака для мяне сябар, які заўсёды мне рады і, напэўна, ратуе сваёй адданасцю ад розных жыццёвых цяжкасцяў. А ў першую чаргу, моцны антыдэпрэсант J.
Аднойчы арцыбіскуп Клаўдыё Чэлі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, наведаў Нясвіж – парафію, дзе я працую. Ён адразу задаў пытанне пра сабак і папрасіў паказаць іх. Мы доўга размаўлялі. Ён распавёў пра савайго сабаку, якога яму прапісаў лекар J. Арцыбіскуп мае зараз шмат руху. Дзякуючы гэтаму ў яго палепшылася праца сэрца. Сабака вымушае яго кожны дзень выходзіць у Ватыкане на шпацыр. Сабакі таксама евангелізуюць. Многія сабакаводы ведаюць, што я святар. У часе выставы задаюць шмат пытанняў на рэлігійную тэму і тэлефануюць, каб атрымаць парады. Лічу таксама, што сабака ў сям’і вучыць дзяцей быць адказнымі. Чалавек, які расце і апякуецца сабакам, больш міласэрны, ён ніколі не будзе здзекавацца з жывёлы.
– Люблю сабак за іх надзвычайную адданасць, глыбокі розум, шчырасць і “кампанейскасць”. Найбольш падабаюцца нямецкія аўчаркі. Здаецца, што гэтая парода блізкая мне па духу. Зараз у мяне выхоўваецца «немец» па клічцы Тамерлан. Сабака мае адпаведны характар: наравісты, прабіўны, незалежны і ў некаторых выпадках нават уладны. Але пэўныя метады дрэсіроўкі дапамагаюць дасягнуць кантакту з ім, калі я для яго гаспадар, а ён падначалены. Вельмі люблю бавіць з ім свой вольны час: выязджаем у лес, на азёры, гуляем па палях. Быў спачатку здзіўлены, што Тамерлан любіць купацца. Таму, асабліва летам, пры першай магчымасці ён прымае водныя працэдуры. Гэта потым ускладняе яго перавозку ў машыне.
Лічу, што дамашнія гадаванцы, а асабліва сабакі, дапамагаюць людзям быць больш чалавечнымі і вучаць шанаваць жывёльны свет.
– Самымі першымі ў маім святрскім жыцці з’явіліся птушкі. Гэта былі папугайчыкі. На сённяшні дзень маю канарэек, амадзінаў. Таксама заўсёды марыў пра рыбак. Яшчэ будучы вікарыем у Гродне, пачаў імі займацца. Рыбкі мяне супакойваюць, імі можна сядзець і любавацца. Зараз маю акварыум аб’ёмам 116 літраў. Калі я працаваў у Астраўцы, манахіні падарылі мне ката. Ён у мяне ўжо 3 гады. Заўсёды ведае, калі да мяне прыйсці, вельмі адданы. Калі яго пагладзіш, мурлыча, любіць смачна паесці і паспаць на цёплым месцы.
У мяне ёсць і перапёлкі. Яны нясуць смачныя і карысныя яйкі. Я як святар часам маю шмат клопатаў, абавязкаў і не заўсёды паспяваю своечасова паснедаць. А перапяліныя яйкі з’яўляюцца цудоўнай стравай. З дзяцінства марыў мець свайго сабаку. Мне заўсёды падабалася парода кокер-спаніэль. Але выпадкова знаёмыя мне параілі кане-корса. Пазней з’явілася магчымасць узяць такога сабачку-дзяўчынку. Вельмі прыгожая, цудоўная. І калі я, напрыклад, знаходжуся дома, а яна звонку, то не ўпусціць у хату незнаёмага чалавека, а толькі таго, хто ведае гаспадара.
Маю яшчэ адну мару – хачу набыць трусоў. Таму пабачым, што атрымаецца. На сённяшні дзень цешуся з таго, што маю. Мне гэта вельмі падабаецца.
Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках
Як вы клапоціцеся пра наваколле?
Папа Францішак заклікае ахоўваць навакольнае асяроддзе і клапаціцца пра прыроду. У сваёй энцыкліцы “Laudato si’” Пантыфік заахвочвае да “экалагічнага навяртання”. А як вы клапоціцеся пра наваколле?
– Сартую і не раскідваю смецце – 44 адказы;
– Эканомлю электрычнасць, ваду, газ – 22 адказы;
– Саджу дрэвы і розныя расліны – 13 адказаў;
– Карыстаюся энергазберагальным абсталяваннем – 12 адказаў;
– Стараюся як мага менш ездзіць на машыне – 6 адказаў;
– Карыстаюся натуральнымі матэрыяламі – 6 адказаў;
– Удзельнічаю ў розных семінарах, канферэнцыях па экалогіі – 3 адказы;
– Іншы варыянт – 3 адказы.
Усяго – 109 адказаў.
Падрыхтавала Ірына Грэйць
