Святар моцна крытыкуе людзей падчас казання. Як рэагаваць?

“Пахвалёны Езус Хрыстус! Я жыву ва Усходняй Беларусi. Наш ксёндз паходзiць з Гродзеншчыны, ён часта крытыкуе наш горад, яго жыхароў, а таксама парафiян, часам жорстка. На яго радзiме ўсё лепш, чым тут. Вельмi гэта непрыемна, я размаўляла з iм аднойчы на гэтую тэму, але нiчога не змяняецца. На душы вельмі цяжка i непрыемна, маю намер пакiнуць парафiю. Не ведаю, што рабiць. Прашу парады. Дзякуй вялiкi”.

– Вялікі дзякуй за пытанне. Адразу трэба сказаць, што мы не ходзім у касцёл дзеля сімпатыі да пэўнага святара альбо дзеля сардэчнасці нашых сабратоў-парафіянаў. І калі часам добры святар ці добры хрысціянін з’яўляецца значнай дапамогай у развіцці духоўнага жыцця, праўда таксама і тое, што падчас смагі важнай з’яўляецца вада, а не прыгажосць шклянкі, з якой мы яе будзем піць.

Вельмі добра, што Вы паразмаўлялі са сваім святаром на гэтую тэму і прадставілі яму свой пункт гледжання, бо часам і нам, святарам, трэба ўбачыць “нябачнае”. Дарэчы, асабістым прыкладам і малітвай кожны душпастыр павінен змяняць на хрысціянскі лад жыццё ў той парафіі, а таксама і мясцовасці, куды яго накіраваў біскуп. Магчыма (але Вы ў пытанні дакладна не апісваеце), ён і крытыкуе не да канца хрысціянскае жыццё жыхароў Вашага горада, заклікаючы да навяртання. А калі так, то гэта прамы абавязак святара. Ведаем, што Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні, казаў: “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (пар. Мц 3, 1-2).

Святы апостал Павел у “Лісце да Габрэяў” кажа: “Кожны першасвятар, якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых, каб прыносіць дары і ахвяры за грахі. Ён можа спачуваць тым, хто не ведае і блукае, бо і сам мае ў сабе слабасць. Таму ён павінен як за народ, так і за сябе прыносіць ахвяры за грахі” (пар. Гбр 5, 1-3).

Гэта паказвае, што кожны святар з’яўляецца чалавекам са сваімі недасканаласцямі і грахамі, але гэта, вядома, не апраўдвае дрэнныя альбо некарэктныя паводзіны ці размовы святара. Святы Аўгусцін, біскуп Гіпоны, у адной са сваіх тэалагічных прац пісаў, што: “… сапраўднасць сакраманту не залежыць ад асабістай святасці распарадчыка [таго, хто ўдзяляе сакрамант]…” (пар. св. Аўгусцін, De Baptismo 112, 19).

Кожны хрысціянін, у тым ліку і святар, павінен удасканальвацца, імкнуцца да святасці жыцця. Некаторым, магчыма, гэта цяжка рабіць, і тут на дапамогу святару павінны прыходзіць вернікі. Кожны вернік мае абавязак маліцца за свайго душпастыра, маліцца аб яго святасці, аб яго дасканаласці, маліцца пра святыя і шматлікія пакліканні да святарскага і манаскага жыцця. І да гэтага ізноў жа нас заклікае Святое Пісанне. Апостал Павел піша: “Памятайце пра вашых настаўнікаў, якія абвяшчалі вам Божае слова, і, разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру” (пар. Гбр 13, 7).

Таму, на маю думку, пакідаць парафію – гэта не выйсце з сітуацыі. Найлепшае выйсце – гэта пачаць маліцца за святара, рабіць так, як гэтаму вучыць нас слова Божае.

З павагай і малітвай, кс. Аляксей Ляшко.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі