Stella splendens, або Песня-танец з гары Мансэрат

Фігура Маці Божай з Мансэрат

Напэўна, у кожнага народа ці рэгіёна ёсць святыя месцы, што з’яўляюцца іх духоўнай сталіцай, сімвалам адзінства ў веры, месцы, куды ідуць пілігрымкі, куды хрысціяне нясуць свае малітвы і праслаўленні Бога. Для нас, беларусаў, – гэта санктуарый у Будславе, для палякаў – Чэнстахова, а для жыхароў Каталоніі – кляштар Мансэрат, што знаходзіцца за 40 кіламетраў на паўночны захад ад Барселоны. 27 красавіка тут адзначаецца свята Маці Божай – Мадонны з Мансэрат.

У старажытным бенедыктынскім кляштары, які размясціўся на стромкім горным масіве Мансэрат (Montserrat), што азначае “Шчарбатая гара”, знаходзіцца цудатворная фігура Маці Божай, так званай Чорнай Мадонны. Мясцовыя называюць яе ласкава La Moreneta (Смугляначка). Справа ў тым, што твары Панны Марыі і Дзіцятка Езуса з цягам часу афарбаваліся ў чорны колер. Паводле адной з версій, гэта адбылося ў выніку акіслення лаку, якім яны пакрытыя, паводле іншай – яны пачарнелі ад сажы: вернікі пастаянна запальвалі перад фігурай свечкі і аліўныя светачы.

Легенда гаворыць, што цудоўную фігуру зрабіў святы Евангеліст Лука ў Ерусаліме, а ўжо каля 50-га года ў Каталонію яе прывёз сам святы Пётр. Яна ўяўляе Панну Марыю, Якая сядзіць на троне і трымае ў руцэ зямны шар на знак таго, што Найсвяцейшая Маці атуляе ўвесь свет сваёй любоўю. У Яе на каленях сядзіць Езус з хваёвай шышкай у руках – знакам вечнага жыцця. У 1881 г. Папа Леў ХІІІ укаранаваў фігуру папскімі каронамі і абвясціў Маці Божую з Мансэрат Апякункай Каталоніі.

На месцы пакланення Маці Божай на гары Мансэрат з самага пачатку адбывалася шмат цудаў, і ўжо з канца ІХ ст. тут пачалі сяліцца пустэльнікі. Пасля Рэканкісты – вызвалення Іспаніі з-пад арабскага прыгнёту – тут узнік кляштар ордэна бенедыктынцаў. Хутка Мансэрат стаў не толькі адным з галоўных месцаў паломніцтва, але і рэлігійным, культурным цэнтрам Каталоніі. У XI ст. тут з’явіліся скрыпторый, а таксама славутая бібліятэка, якая цяпер налічвае каля 300 тыс. кніг і манускрыптаў на розных мовах. З 1499 года тут дзейнічае друкарня, адна з першых у свеце, а ў 1920 г. у базіліцы паўстаў музей, дзе знаходзяцца вядомыя карціны іспанскіх і замежных мастакоў.

Кляштар і базіліка Мансэрат

У 1811 г. войскі Напалеона амаль ушчэнт знішчылі кляштар. Фігура Маці Божай, схаваная парафіянамі, ацалела цудоўным чынам. Кляштар і базіліка былі адбудаваныя ў 1874 г. У іх аднаўленні прымаў удзел у тым ліку сусветна вядомы архітэктар, тады яшчэ зусім малады, Антоніа Гаўдзі. Сапраўднай апорай каталонскай нацыянальнай самасвядомасці кляштар Мансэрат стаў у ХХ ст.: падчас дыктатуры Франсіска Франка, які між іншым забараніў ужыванне каталонскай мовы, гэта было адзінае месца, дзе на ёй праводзіліся набажэнствы і шлюбныя цырымоніі. Гара Мансэрат зрабілася месцам ратунку для мастакоў, вучоных, артыстаў і студэнтаў, якія належалі да каталонскага руху супраціву і якіх пераследавала паліцыя. Але і самі манахі-бенедыктынцы палі ахвярамі рэжыму: у часе грамадзянскай вайны там былі забітыя 22 манахі.

У вышэйзгаданай бібліятэцы кляштара Мансэрат ёсць сапраўдная пярліна – рукапіс 14 ст. Llibre Vermell de Montserrat (Чырвоная кніга Мансэрат). Назва паходзіць ад аксамітнай вокладкі пунсовага, ярка-чырвонага колеру, якая была зробленая ў ХІХ ст. Акрамя звестак пра жыццё кляштара і арганізацыю пілігрымак, у рукапіс уваходзіць некалькі старонак з музычнымі матэрыяламі. Сярод іх – нотны запіс Stella splendens (Зіхатлівая Зорка) – песні-танца, які суправаджаў працэсію вернікаў да месца пакланення Маці Божай з гары Мансэрат.

Чаму гэты твор быў уключаны ў манускрыпт? Адказ можна знайсці там жа: “Паколькі здараецца, што пілігрымы, праводзячы ночы ў касцёле Панны Марыі з Мансэрат, часам жадаюць спяваць і танцаваць, а часам нават удзень на касцельнай плошчы, дзе могуць выконвацца толькі цнатлівыя і пабожныя спевы, то некаторыя адпаведныя спевы былі запісаныя тут для гэтай патрэбы. І яны павінны выконвацца ў паважнай і сціплай манеры, каб не турбаваць тых, хто працягвае маліцца.” Такім чынам, пілігрымы танчылі і спявалі, чуваючы пры базіліцы. Ці ж не нагадвае гэта танцы і спевы пілігрымаў у Будславе?

Танец Stella splendens выконваецца паважна і спакойна, але адначасова імкліва і рытмічна. Варты ўвагі і сам тэкст спеву, які суправаджае танец. У ім гаворыцца, што розныя людзі – заможныя і бедныя, шляхта і просты народ, старыя і маладыя, вернікі розных прафесій, свецкія, манахі і святары – усе імкнуцца да Панны Марыі, каб пакланіцца Ёй і праславіць Бога. Усе радасна ўсклікаюць Ave Maria і вяртаюцца, напоўненыя ласкай. Размываюцца межы паміж рознымі саслоўямі і станамі, бо перад Богам усе роўныя.

Stella splendens in monte ut solis radium miraculis serrato exaudi populum! (Зорка, якая ззяе на гары, падобная да цудоўнага сонечнага промня, выслухай свой народ!)

Танец выконваюць чальцы клуба гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная Вежа” з г. Віцебска.

с. Дар’я Галубкова OV, тэкст і відэа

для друку для друку