Міністрант – гэта хлапчук, юнак, які прыслужвае святару падчас набажэнстваў. У сённяшнім нумары хлопцы раскажуць “Каталіцкаму Весніку” цікавыя выпадкі са свайго служэння.
– Аднойчы мы вярталіся з сустрэчы моладзі, што праходзіла мінулай зімой у Полацку. Па планах, дома, у Шуміліне, яшчэ была запланаваная Імша. Пасля дарогі мы былі змучаныя і сонныя. І вось, калі ксёндз пачаў гаварыць казанне, я пачуў справа ад сябе храп. Гэта быў мой сябра, які заснуў. Астатнія таксама пачулі, бо людзей было няшмат. Усе пачалі смяяцца, і ён раптам усхамянуўся, не зразумеўшы, у чым справа. Толькі потым я распавёў яму, што выклікала ўсмешкі на тварах вернікаў.
– Часта на служэнні здараюцца так званыя “касякі”. Падчас маёй міністранцкай дзейнасці здаралася шмат гісторый, на якія немагчыма забыцца. Адна з такіх гісторый адбылася са мною год назад, калі ў нашай барысаўскай парафіі быў пробашчам айцец Вячаслаў Пялінак.
Быў вечар. Святая Імша. Айцец пачаў прапаведаваць, і тут я заўважыў, што адзін міністрант пачаў засынаць. “Што рабіць”, – думаю я? І тут вырашыў стукнуць яго нагой, пасля чаго ён прачнуўся. Але каб жа гэтым скончылася. Праз некалькі хвілінак ён зноў пачаў спаць. Я падумаў, што, калі ён нікому не перашкаджае, хай паспіць. Але праз некаторы час ён пачаў нахіляцца назад і стукнуўся аб батарэю. Усе міністранты сталі рагатаць. А ксёндз Вячаслаў, павярнуўшыся, спытаў: “Дзе там што звалілася?” Тут і парафіяне пачалі смяяцца. Калі зараз прыпамінаю гэту гісторыю, то заўсёды ўсміхаюся.
– З маленства я хацеў стаяць пры алтары, і ў 6 гадоў мая мара спраўдзілася. Праз 8 год я ўжо стаў галоўным міністрантам у парафіі. Распавяду цікавы выпадак, які адбыўся адносна нядаўна. Я тады прыслугоўваў на Імшы ў Віцебску, дзе адбывалася кансэкрацыя біскупа Алега Буткевіча. За сваё жыццё я ні разу не бачыў, як праходзіць такая ўрачыстасць, і гэта было вельмі цікава для мяне. Калі мы прыехалі ў Віцебск з сябрам, нам паведамілі, што мы будзем трымаць мітру і пастарал біскупа. Для мяне гэта было вялікай радасцю, бо ўсю Імшу мы стаялі побач з усімі біскупамі. А яшчэ я ганаруся тым, што біскуп Алег нарадзіўся на Браслаўшчыне, на маёй Радзіме. Гэтая Імша назаўсёды застанецца ў маім сэрцы.
– Аднойчы перад адпустовай Імшой адбылася вельмі цікавая гісторыя. Як заўсёды, распальвалі кадзіла. Напэўна, кожны міністрант ведае, што, каб вуглі лепей гарэлі, кадзільніцу трэба раскручваць. І ў той раз раскручвалі, раскручвалі – і тут адбылося тое, чаго ніхто не чакаў. Некалькі кольцаў з кадзільніцы разарвалася, і паляцелі вугалькі, а з імі і часткі кадзільніцы па ўсім садзе, што быў побач. Вядома, у траве хутка рэчаў маленькіх не знойдзеш, але, дзякуй Богу, міністранты зоркія, хутка ўсё пазнаходзілі і нават паспелі да пачатку Імшы. Другім жа разам адбылася сітуацыя не менш драматычная… У закрыстыі скончылася вада для Імшы. І аднаму з міністрантаў сказалі: “Збегай у плябанію* па ваду”. Ён і пабег. А ў плябаніі на стале стаяла бутэлька спрайту. І ён, як пазней аказалася, падумаў, што гэта простая вада, набраная ды падрыхтаваная ксяндзом. Вось так на Імшу і налілі замест вады спрайт… На шчасце, ксёндз своечасова зразумеў што да чаго ды зрабіў усё, як мае быць.
– Калі я вучыўся яшчэ ў школе, то быў вельмі адказным міністрантам і, як казалі сябры, меў “паблажкі”. І вось аднойчы, калі ў Мёрах праходзіла спатканне святароў, закрыстыянін** папрасіў дапамагчы паслужыць. Калі я ўвайшоў у касцёл, то разгубіўся, бо ніколі не бачыў столькі многа святароў. Пасля служэння да мяне падышоў біскуп і сказаў, што я добры чалавек і маю светлую будучыню. Ад таго часу, за што я вельмі дзякую Богу, я стараўся шчыра служыць, затым стаў лектарам. А год назад – закрыстыянінам парафіі.
*плябанія – дом святара.
**закрыстыянін – дарослы міністрант, часта – мужчына сталага ўзросту, які адказны за парадак у закрыстыі і міністранцкую службу.
Гутарыла Ірына Грэйць
для друку