Сярод выпрабаванняў шукайце ўсмешкі Марыі

Большасць выяваў Маці Балеснай падкрэсліваюць той боль, які адчула Марыя, калі была сведкам мукі свайго Сына.

Яе слёзы могуць суцешыць нас, калі мы плачам, нагадваючы, што Яна таксама шмат выпакутавала ў гэтым свеце. Але часам у хвіліны пакут нам будзе больш карысна бачыць усмешку Марыі, ведаючы, што Яна з намі і хоча разрадаваць нас.

Папа Бэнэдыкт XVI разважае аб жаданні бачыць усмешку Марыі ў гаміліі, прамоўленай у 2008 годзе з нагоды ўспаміну Маці Балеснай:

«Псальміст, бачачы здалёку матчыну сувязь паміж Маці Хрыста і людзьмі веры, прадказвае ў адносінах да Дзевы Марыі: «Багатыя з народу прыносяць дары, каб здабыць тваю прыхільнасць.” (Пс 44, 13). Такім чынам хрысціяне, якія падахвочваюцца натхнёным словам Святога Пісання, заўсёды шукалі ўсмешкі Маці Божай, усмешкі, якія сярэднявечныя мастакі ўмелі адлюстраваць і выгадна паказаць з такім дзіўным майстэрствам. Гэтая ўсмешка Марыі для ўсіх; але асабліва для тых, хто пакутуе, каб яны маглі знайсці ў ёй суцяшэнне».

Папа Бэнэдыкт тлумачыць, што шукаць усмешкі Марыі — гэта не сентыментальнасць, але гэта тое, да чаго ўсе мы павінны імкнуцца сярод нашых пакут:

«Імкненне да ўсмешкі Марыі — гэта не акт набожнасці ці старамоднай сентыментальнасці, а хутчэй належная праява жывых і глыбока чалавечых адносін, якія звязваюць нас з той, якую Хрыстос даў нам як Маці».

Ён асабліва падкрэслівае, як «Магніфікат» можа быць «каналам» для гэтай усмешкі:

«Жадаць сузіраць гэтую ўсмешку Багародзіцы не значыць падвергнуцца некантралюемаму ўяўленню. Менавіта Святое Пісанне адкрывае нам гэта вуснамі Марыі, калі Яна спявае Магніфікат: «Вялічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы» (Лк 1, 46-47). Калі Панна Марыя дзякуе Пану, Яна заклікае нас быць сведкамі. Марыя, нібы поўная прадчування, дзеліцца з намі, сваімі будучымі дзецьмі, радасцю, якая жыве ў Яе сэрцы, каб яна стала нашай. Кожны раз, калі мы чытаем «Магніфікат», мы становімся сведкамі Яе ўсмешкі».

Калі наша ўласнае жыццё ляціць кулём, мы можам знайсці адпачынак у абдымках Дзевы Марыі, глядзець на Яе і бачыць Яе ўсмешку, якая суцяшае нас у часы нашага гора.

Паводле credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі