“Хвала Хрысту! Часта можна пачуць: у мяне, у яго, у іх лёс такі. Адкажыце, калі ласка, што Касцёл і Святое Пісанне кажуць пра перадвызначэнне чалавека, пра нейкую наканаванасць у яго жыцці? Ці можна змяніць свой лёс? І ці наогул ёсць штосьці такое, як лёс, у хрысціянскім разуменні?”
Ірына
– Пры адказе на гэтае пытанне ўжо напачатку варта выразна адзначыць, што памылковым меркаваннем з’яўляецца тое, быццам некаторым людзям наканавана няшчасце, у тым ліку канчатковае няшчасце, гэта значыць, вечны праклён. Пытанне нават не ў тым, як прымірыць гэта з Божай міласэрнасцю. Вядома, некаторыя фрагменты Бібліі, на першы погляд, могуць накіраваць на такога кшталту думкі. Як, напрыклад, верш з Апакаліпсіса: “Калі некаму наканавана няволя, няхай ідзе ў няволю. Калі некаму наканавана загінуць ад мяча, той павінен быць забіты мячом. У гэтым цярплівасць і вера святых (Ап 13,10). Тое ж піша і святы Пётр, што можна парафразаваць як “тым, хто не прыняў Евангелля, наканавана загінуць” (пар. 1 П 2,8). Каб даць адпаведную інтэрпрэтацыю дадзеных тэкстаў і іншых складаных вершаў Святога Пісання, варта ведаць адзін з агульных прынцыпаў каталіцкай экзегезы, а менавіта ўкаранёнасць у Традыцыю (слова «Традыцыя» пішам з вялікай літары, бо гэта ўлада аўтэнтычна і верагодна тлумачыць боганатхнёныя тэксты і навучаць вернікаў на іх падставе) Касцёла.
Каталіцкі Касцёл адназначна адхіляе як ерась меркаванне, што Бог перадвызначыў каму-небудзь быць вечна асуджаным. Ужо ў 529 годзе Аранскі (Orange) сінод сказаў на гэты конт, што мы (чытай “айцы сабору”) не толькі не верым, што некаторыя з Божай волі прызначаныя на зло, але, калі ёсць тыя, хто хацеў бы верыць у такое няшчасце, мы цвёрда выключаем іх з супольнасці вернікаў (пар. Breviarim fidei VII 38).
Прамое адмаўленне таго, што Бог перадвызначыў каго-небудзь да асуджэння, не раз паўтарала найвышэйшая ўлада ў Касцёле. Так, Папа Адрыян I (772-795), пазней Сінод у Валанс-сюр-Роне (Valence-sur-Rhone) у 855 г., а найбольш выразна ў 1547 г. Трыдэнцкі сабор у Дэкрэце аб апраўданні, канон 17 (пар. Breviarim fidei VII 93).
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла св. Яна Паўла ІІ з 1992 г. апісвае веру Касцёла на гэты конт так: “Бог нікога не прызначае ў пекла; такое прызначэнне чалавек атрымлівае праз добраахвотны адыход ад Бога (смяротны грэх) і пры гэтым застаецца ў граху да канца жыцця. У эўхарыстычнай літургіі і ў штодзённых малітвах сваіх вернікаў Касцёл просіць аб міласэрнасці Бога, Які не хоча, “каб нехта загінуў, але хоча, каб усе прыйшлі да пакаяння” (2 П 3,9), (ККК 1037).
Цяпер вернемся да тэкстаў Бібліі, якія мы прывялі напачатку. Ні ў адным з іх няма ніводнага слова, вытворнага ад дзеяслова “перадвызначаць”. У Новым Запавеце гэты дзеяслоў – па-грэцку proorizein – сустракаецца толькі шэсць разоў (Рым 8,29-30; 1 Кар 2,7; Эф 1,5.11; Дз 4,28).
Верш з Кнігі Апакаліпсіса 13,10, здаецца, утрымлівае заклік да хрысціянаў з пакораю прыняць пакуты, якія спадаюць на іх з Божай рукі. Так што гэта было б прадвеснікам ганенняў, якія пагражаюць вернікам: іх кінуць у вязніцы, іх заб’юць. Гэта менавіта тое, што ўжо сказаў Хрыстос у сваёй эсхаталагічнай прамове. Ён не абнадзейваў хрысціян адносна іх зямной будучыні ў ружовых колерах. Бо яны таксама, як і іх Збаўца, пакліканыя ўдзельнічаць ва ўсёй паўнаце пасхальнай таямніцы. А гэта прадвесце жорсткага пераследу праз Звера і прадказанне адносна працягласці такога пераследу. Гэта не заклік да ўзброенага паўстання супраць улады Звера. Такая інтэрпрэтацыя пацвярджаецца апошнім радком дадзенага верша: “У гэтым цярплівасць і вера святых”. Першае пасланне св. Апостала Пятра 2,8 (“Яны спатыкаюцца аб яго, бо не пакараюцца слову, дзеля гэтага яны і пакінутыя”) можна разумець як “яны і пакінутыя ў адпаведнасці з іх стаўленнем”, “у адпаведнасці з іх жыццёвай пазіцыяй”. Магчыма, гэты тэкст св. Пятра папярэджвае, што ранейшыя дзеянні чалавека істотна ўплываюць, а нават кіруюць яго паводзінамі сёння. Пан Езус аднойчы сказаў пра гэта: “Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім” (Лк 16,10).
Святое Пісанне гаворыць толькі пра лёс чалавека ў перспектыве збаўлення: “Бласлаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Які блаславіў нас у Хрысце ўсялякім духоўным бласлаўленнем на нябёсах і выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові. Ён перадвызначыў нас для ўсынаўлення праз Езуса Хрыста, паводле ўпадабання сваёй волі, дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі, якою Ён адарыў нас ва Умілаваным (Эф 1,3-6; пар. Рым 8,28-31).
Таму праўда пра лёс – гэта радасная праўда, што нас палюбіў Бог яшчэ да нашага існавання, а нават больш: яшчэ да заснавання свету. Мы прыйшлі ў гэты свет пры папярэдняй любові Бога да нас, любові, якая мае на мэце даць нам жыццё вечнае. Божая любоў да нас настолькі непахісная, што, нават калі мы грэбуем ёю і з пагардай ставімся да Бога, калі мы ўпалі ў грэх і сталі непрыдатнымі да жыцця вечнага, Бог вырашыў змагацца за нас і за нашае вечнае шчасце – і Ён дае нам свайго ўласнага Сына, Які стаў нашым вызваліцелем, лекарам і правадніком да жыцця вечнага.
У Святым Пісанні мы знаходзім і іншыя пацвярджэнні, якія адносяцца да волі Пана Бога адносна нашых вечных лёсаў. Прыкладам можа служыць пачатак 2-га раздзела Першага паслання св. Апостала Паўла да Цімафея. У ім ясна сказана, што Бог “хоча, каб усе людзі былі збаўленыя і дайшлі да пазнання праўды” (1 Цім 2,4). Так што гэта не Божая воля, каб збавіць адных і асудзіць іншых. Аднак некаторыя секты і пратэстанцкія супольнасці, маніпулюючы тэкстам Бібліі, кажуць пра перадвызначэнне ўсяго звыш.
Слова “перадвызначэнне” паходзіць ад лацінскага назоўніка praedestinatio, што азначае лёс. Не ўваходзячы занадта ў тэалагічныя і гістарычныя складанасці, варта абагулена прадставіць навучанне Касцёла, а менавіта думку пра тое, што Бог прызначыў некаторую частку чалавецтва для збаўлення і вырашыў асудзіць астатніх, і што гэтае перадвызначэнне не залежыць ад нас, з’яўляецца чыстай ерассю. Стваральнік чалавека прагне, каб кожны з нас быў збаўлены. “Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго” (1 Ян 4,9).
Тым не менш, Бог не можа нічога зрабіць супраць нас саміх. Мы істоты, надзеленыя свабодай волі. Такім чынам, мы можам сказаць “не” Богу. Аднак, калі мы зробім гэта свядома і добраахвотна, мы самі апынемся ў ліку асуджаных. Бог ратуе і жадае збаўлення для ўсіх, але чалавек можа выбраць асуджэнне – ён вольная істота.
Кожнае стварэнне, нават неразумнае, мае ў пэўным сэнсе свой лёс, таму што Бог “бачыў” лёс кожнага адвечна. У тэалагічным і хрысціянскім сэнсе, аднак, лёс адносіцца толькі да звышнатуральных дароў, дадзеных разумным істотам, і, у прыватнасці, чалавеку, гэта значыць “перадвызначэнне” належыць да нябеснай ласкі і славы. Лёс, такім чынам, – частка Божага Провіду. Божы Провід увогуле ставіць перад усімі істотамі свае мэты і своечасова дае сродкі для іх дасягнення. Такім чынам, перадвызначэнне ўключае ў сябе акт Божага пазнання, бачання і ў той жа час акт Яго волі, гэта значыць, прысуд аб надзяленні дарамі нябеснай ласкі і славы людзей, якія свабоднай воляй запрагнуць гэтага.
А запрагнуць не ўсе. Езус у Евангеллі паводле св. Мацвея кажа наступнае: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям” (Мц 11,25). У Бога ёсць відавочныя прычыны для выбару тых, а не іншых. Ганарлівыя, эгацэнтрычныя фарысеі і кніжнікі пагарджалі Божай задумай адносна сябе (пар. Лк 7,30).
Бог з’яўляецца суверэнным уладаром сусвету. Аднак адносіны любові з чалавекам прымушаюць Яго стрымліваць свае бязмежныя магчымасці, таму што Ён хоча свабодных адносін, заснаваных на любові і даверы стварэння да Стваральніка (пар. Іс 24,14-15; Мц 23,37). Адносіны з Богам могуць быць толькі двухбаковымі і пры тым дынамічнымі. Бог чакае ад нас паслухмянасці, і няма ніякіх прыкмет таго, што гэта проста пусты вербалізм. Так, прарок Эзэхіэль у 3,18-20 і прарок Ерамія у 18,7-11 паказваюць, што Бог чакае нашай належнай рэакцыі на Яго папярэджанні. Бог не пазачасавы, але Ён напаўняе ўвесь час, таму патрабуе дынамікі развіцця адносін з сабой.
Той факт, што Бог з’яўляецца суверэнным, азначае, што Ён можа ўмешвацца ў працу стварэння, і неаднойчы робіць гэта праз цуды і надпрыродныя знакі. Хоць гісторыя свету знаходзіцца пад кантролем Бога, Які робіць усё паводле сваёй волі, аднак гэта не азначае, што, напрыклад, Халакост быў Божай воляй, учынены Ягоным адвечным дазволам. Верагодна, Божая воля заключалася ў тым, каб людзі бачылі наступствы злоўжывання сваёй свабодай. Бог занадта вялікі, каб мы вінавацілі Яго ў памылковай канцэпцыі збаўлення толькі некаторых, а не ўсіх. Гэтую канцэпцыю, здаецца, асуджае Езус, кажучы пра любоў Бога да ўсіх (а не толькі выбраных) як узор для нас (пар. Мц 5,43-48). Тое, што Бог ёсць любоў, азначае, што перадвызначаная Божая любоў да свету – гэта першае і апошняе слова Бога.
Літаратура
- A. G. Palladino, “Predestination (in Catholic Theology)”, New Catholic Encyclopedia (ed. T. Carson, J. Cerrito), V. 11, Washington, DC 2003, p. 647-653.
- Breviarium fidei. Wybór doktrynalnych wypowiedzi Kościoła, red. ks. I. Bokwa, Poznań 2007.
- Вопрос 23. О предопределении, Сумма теологии (Тома I-XIII) – Фома Аквинский (azbyka.ru)
Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі, г. Віцебск
