«Хвала Хрысту! Я маю патрэбу ў гамеапатычным лячэнні. А як да гэтага метаду ставiцца Касцёл? Дзякуй!»
Вікторыя
На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі з Віцебска:
– Цалкам натуральным для кожнай людской асобы з’яўляецца клопат аб правільным функцыянаванні свайго цела, клопат пра фізічнае і псіхічнае здароўе. Гэта таксама вынікае з Божага закону і зместу пятай запаведзі Дэкалогу, а значыць – з вучэння Касцёла. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла можна прачытаць, што «чалавечае жыццё святое, таму што з самага пачатку патрабуе «творчага дзеяння Бога» і застаецца заўсёды ў асаблівых адносінах да Творцы, яго адзінага спаўнення». І далей: «Жыццё і фізічнае здароўе – гэта каштоўныя даброты, давераныя нам Богам (…) Нягледзячы на тое, што мараль патрабуе павагі да фізічнага жыцця, яна не робіць яго абсалютнай каштоўнасцю. Гэта супрацьпастаўляецца неапаганскай канцэпцыі, якая імкнецца прапагандаваць пакланенне целу, прынашэнне яму ў ахвяру ўсяго (…)» (ККК 2258; 2288).
У той час, калі, нягледзячы на развіццё навукі і тэхнікі, медыцына ў пэўных пытаннях застаецца бездапаможнай, тым самым выносячы свайго кшталту «смяротны» прысуд чалавеку ў нейкай безвыходнай сітуацыі, кіруючыся самазахаваннем, нам часта прыходзіць ідэя выкарыстоўваць альтэрнатыўныя крыніцы лячэння. Такія, як акупунктура, лекаванне колерамі або гукамі, гіпноз, розныя віды масажу або біяэнергатэрапія. Адным з падобных нестандартных метадаў лячэння з’яўляецца і гамеапатыя.
Пра гамеапатыю вядома не так шмат. Зацікаўленым даецца толькі элементарная інфармацыя, або без слоў ім прапісваюцца і прадаюцца гамеапатычныя прэпараты. Часта гэтую галіну нетрадыцыйнай медыцыны памылкова асацыююць з фітатэрапіяй (лячэнне зёлкамі). Гэта сведчыць пра тое, што, хоць гамеапатыя і не ўпісваецца ў каноны фармацыі або класічнай медыцыны, больш за тое, гэта супярэчыць пэўным навукам (напрыклад, хіміі), але, як ні дзіўна, яна прыносіць рэальныя вынікі. З іншага боку, з’яўляецца ўсё больш сведчанняў людзей, каторыя выкарыстоўвалі гамеапатыю або былі яе папулярызатарамі, а пазней трапілі ў духоўныя праблемы, што ўзнікаюць у выніку выкарыстання гамеапатычных сродкаў.
У падручніках для студэнтаў-фармацэўтаў гамеапатыяй называецца метад лячэння, які заключаецца ва ўвядзенні пацыенту прэпарата, здольнага выяўляць у здаровым чалавеку сімптомы, падобныя, як у хворага. Кожны арганізм па-рознаму рэагуе на адны і тыя ж узбуджальнікі, таму адно і тое ж захворванне пераносіцца рознымі пацыентамі па-рознаму. Такім чынам, як можна прачытаць у многіх крыніцах, гамеапатыя лечыць хворага, а не хваробу: яна не лечыць, напрыклад, грып, але сімптомы, якія праяўляе атакаваны арганізм.
Гамеапатыя заснаваная на чатырох прынцыпах:
- Прынцып падабенства – similia similibus curentur (падобнае лечыць падобнае). Паводле гэтага разумення хворыя будуць вылечвацца праз прыём прэпарата, які ў здаровым арганізме будзе выклікаць сімптомы, найбольш падобныя да сімптомаў хворага чалавека. Пры гэтым варта зазначыць, што гамеапатычныя лекі вырабляюцца з рэчываў расліннага паходжання (травы), жывёльнага (напрыклад, сабачча малако), мінералаў (напрыклад, золата, цынку), кіслот (напрыклад, серы), элементаў солі, горных пародаў (напрыклад, лавы з вулкана Гекла), а таксама і ад «энергіі» (выпраменьвання Сонца і іншых зорак). Асобную групу, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці лекаў, утвараюць т.зв назоды, ці прадукты хваробатворных працэсаў – напрыклад, сліна хворага сабакі пры шаленстве або пры наяўнасці ракавых пухлінаў.
- Прынцып тэставання прэпарата на здаровым арганізме – гамеапатычная дыягностыка прадукту праводзіцца шляхам давання яго толькі здаровым добраахвотнікам рознага полу і ўзросту. Такім чынам атрымліваецца сукупнасць сімптомаў, якая ўключае рэакцыі чалавечых органаў, праявы ў галіне чалавечых перажыванняў і ўражанняў. Гэта дапаўняецца таксікалагічнымі і фармакалагічнымі дадзенымі, а таксама дадзенымі назіранняў за пацыентамі.
- Прынцып індукцыі або ўзмацнення гамеапатычных лекаў – гэта спосаб іх атрымання, таксама званы “дынамізацыяй”. Метад падрыхтоўкі спецыфічных для гамеапатыі лекаў дазваляе ператварыць неактыўнае рэчыва ў яго актыўны, энергічны аналаг і вызваліць з яго лекавую сілу. Гэтая сіла дзейнічае непасрэдна на жыццяздольнасць чалавека, гэта значыць, на механізмы самарэгулявання, якія прыводзяць да хуткага, мяккага, эфектыўнага і непрацяглага вылячэння і аднаўлення здароўя.
- Прынцып – з нутра да знешняга, гэта значыць, што спачатку гамеапатычным шляхам вылечваюцца духоўныя і псіхічныя праблемы, і толькі потым лекі дзейнічаюць на ўнутраныя органы, скуру ці валасы. На думку гамеапатаў, тое, што вызначае добры стан чалавека, – гэта т.зв нематэрыяльны цэнтр кіравання, дынамізм, духоўная сіла або, іншымі словамі, энергія. Гэты цэнтр, калі ён аслаблены, прыводзіць да захворвання. Таму калі гэты «духоўны цэнтр» атрымлівае інфармацыю ў выглядзе лекаў, то ён «адмаўляецца» ад кірунку да яшчэ большага аслаблення. Такім чынам, эфектам лекаў будзе спроба вярнуць першапачатковы стан.
Гамеапаты параўноўваюць гэты працэс з усходняй філасофіяй. Яны прызнаюць у дадзеным пытанні аўтарытэт, сярод іншых, Рышы Патанджалі, аўтара Ёга-сутры – найстарэйшага класічнага трактата індыйскай ёгі. Паняцце душы, якое функцыянуе ў такім кірунку, гамеапаты атаясамліваюць з «духоўным дынамізмам» аздараўлення. Па словах Патанджалі, душа знаходзіцца ў свеце для таго, каб праходзіць працэс перараджэння, набыцця пэўнага вопыту, што ўпісваецца ў класіку індуісцкіх вераванняў. Толькі тады яна можа вярнуцца ў той свет, які быў раней і з якога яна выйшла. Так, на думку гамеапатаў, нематэрыяльны духоўны цэнтр дзякуючы інфармацыі гамеапатычнай медыцыны нейкім чынам вяртаецца да належнага стану, або, карацей, – да здароўя.
Класічная навука, як, напрыклад, фізіка, спрабуе дабрацца да асноў. У фізіцы – гэта будуць атамы, базоны і інш., у медыцыне – самыя асноўныя працэсы, якія адбываюцца ў клетцы, яе ядры, у храмасомах. Гамеапаты, аднак, сцвярджаюць, што гэта шлях у нікуды, таму што навукоўцы, лекары або генетыкі не змогуць знайсці аснову функцыянавання чалавечага арганізма, а значыць, і прычыны захворванняў, з якімі ён змагаецца. Для іх «арганізацыйная аснова» чалавека ў цэлым не знаходзіцца ні ў органах, ні ў клетках, а наадварот, у нематэрыяльным арганізацыйным цэнтры.
Такім чынам, можна меркаваць, што гамеапатыя мае сваю крыніцу ў натуралістычнай ініцыяцыі, якая заключаецца ў адкрыцці лекара або пацыента на звышпачуццёвы свет. Так бывае і ў фетышызме, і ў шаманізме, і ў індуізме, а таксама ў магіі, біяэнергатэрапіі або акультызме. Нягледзячы на запэўніванні сучасных гамеапатаў пра свабоду гэтай сферы ад усялякай ідэалогіі і рэлігіі, досыць праўдападобна, што гамеапатыя ўяўляе сабой насамрэч нейкі рэлігійны сінкрэтызм, змешванне гнозісу, пантэізму і арыенталізму.
Што датычыць вернікаў у Хрыста, то з вышэйсказанага вынікае адназначнае папярэджанне. Грунтуючыся на рацыянальных аргументах, якія ўзнікаюць у выніку супрацьстаяння эмпірычнай навукі і гамеапатыі, і беручы пад увагу канкрэтныя філасофскія праблемы, якія складаюць ядро гамеапатычнай думкі, вернік пакліканы сур’ёзна задумацца, перш чым згадзіцца на выкарыстанне гамеапатычных апаратаў.
Увесь «дактрынальны» пакет гамеапатыі, калі гэта можна так назваць, не павінен здзіўляць, улічваючы, што Самуэль Ганеман (заснавальнік гамеапатыі) быў чальцом масонскай ложы. Біёграфы Ганемана згадваюць, што ён займаўся акультызмам, сапраўдным майстрам якога потым стаў. Да таго ж немагчыма, каб хрысціянін прымаў вучэнне, заснаванае на веры ў рэінкарнацыю, магнетызм, гнозіс або індуізм.
Прымаючы гамеапатычныя сродкі, належыць улічваць той факт, што дзеянне гамеапатыі, на думку яе прапагандыстаў, не толькі можа датычыць саматычнай сферы чалавека, але таксама разумовай і духоўнай.
Касцёл пакуль не выказаўся адназначна па дадзеным пытанні, ёсць толькі меркаванні асобных тэолагаў. Аднак пэўныя важныя галасы ўжо прагучалі. Так, Папская рада па справах міжрэлігійнага дыялогу ў адным з дакументаў ставіць гамеапатыю ў адзін шэраг з іглаўкалваннем, кінезіялогіяй, або рэфлексалогіяй, і называе гэтыя рэчаіснасці метадамі аздараўлення (не лячэння!), якія ўзніклі і былі ўкаранёныя ў эзатэрыцы, або, шырэй, у руху нью-эйдж. Вартай увагі спасылкай тут таксама будзе інтэрпрэтацыя Каталіцкім Касцёлам магічных практык, якая змяшчаецца ў Катэхізісе: «Усе магічныя або вядзьмарскія практыкі, з дапамогай якіх чалавек імкнецца атрымаць таемныя сілы, каб выкарыстаць іх і дасягнуць звышнатуральнай улады над бліжнім (нават аднавіць яго здароўе), знаходзяцца ў сур’ёзнай супярэчнасці з цнотай рэлігіі (…) Таму Касцёл заклікае вернікаў сцерагчыся іх» (ККК 2117).
Біблія таксама адназначна разглядае гэтае пытанне: «Не будзе сярод вас нікога, хто мог бы правесці свайго сына ці дачку праз агонь, ці хто займаўся б варажбой і вядзьмарствам; ці хто займаўся б чарамі, ці пытаўся б у духаў і прывідаў, ці звяртаўся б да мёртвых. Бо кожны, хто робіць гэта, агідны Пану» (Дрг 18,10-12а). Або ў іншым месцы: «Паўстануць ілжэмесіі і лжэпрарокі, і будуць вялікія знакі і цуды, каб ашукаць, калі магчыма, і выбраных» (Мц 24,24).
Літаратура
- Grandgeorge D., Duchowy aspekt leku homeopatycznego. Ukryty sens choroby. Nowy Sącz, 1998.
- Kodym P., «Homeopatia – poszukiwane panaceum, czy naukowe kłamstwo i źródło duchowych zagrożeń? Próba analityczno-krytycznego ujęcia sposobu leczenia opracowanego przez Samuela Hahnemanna», Bielańskie Studia Teologiczne 3/2017, s. 99-121.
- Mather G.A., Nichols A.L., Słownik sekt, nowych ruchów religijnych i okultyzmu, Warszawa 2006.
- Papieska Rada Kultury, Papieska Rada Do Spraw Dialogu Międzyreligijnego, Jezus Chrystus dawcą wody żywej. Chrześcijańska refleksja na temat New Age, Kraków, 2003.
- Pfeifer S., Czy zdrowie za wszelką cenę? Wrocław, 1994.