Ружанец – гэта настолькі інтэгральная частка рэлігійнай рэчаіснасці Каталіцкага Касцёла, што часта з’яўляецца наўпрост візітоўкай католіка і «каталіцкасці». Чоткі-каронку для ружанцовай малітвы часта можна пабачыць у аўтамабілях як сімвал веравызнання ўладальніка машыны. Часамі здаралася нават бачыць у галівудскіх фільмах персанажаў, якія паводле сцэнарыя з’яўляюцца католікамі. Гледачы гэта лёгка маглі распазнаць па ружанцах на шыях акцёраў. Такім чынам, ружанец (або больш дакладна – каронка, чоткі да ружанцовай малітвы) ёсць вельмі пазнавальным знакам прыналежнасці да Каталіцкага Касцёла.
Разам з гэтым ва ўяўленні некаторых маладых католікаў ружанец з’яўляецца сімвалам закасцянеласці, кансерватызму. Паводле іх, ружанцовая малітва – гэта механічная малітва бабуль, якія нібы праз сваю абмежаванасць не здатныя на разумовую рэфлексію. Такое меркаванне вынікае з неразумення, чым з’яўляецца ружанцовая малітва ды малітва ўвогуле. На жаль, гэтаму памылковаму бачанню паспрыяла таксама тое, што ружанец стаў публічнай малітвай – г.зн. малітвай, якая адмаўляецца супольна групай вернікаў (што само па сабе, канечне, нядрэнна). Аднак гэты фактар «публічнасці» выцесніў іншы, больш важны аспект ружанцовай малітвы – індывідуальны. Дык якой павінна быць ружанцовая малітва? Перад тым, як адказаць на гэтае пытанне, давайце звернемся да гісторыі яе паўстання.
Інструмент падліку малітваў
Часта даводзілася чуць ад вернікаў, якія распавядалі іншым пра ўзнікненне ружанца, што гэта Маці Божая дала такое малітоўнае правіла св. Дамініку. Сапраўды, у апісанні жыцця св. Дамініка сустракаем факт з’яўлення яму ў 1214 г. Найсвяцейшай Дзевы Марыі ды ўручэнне ружанца, але гэта вельмі спрошчанае тлумачэнне. Апавяданне пра св. Дамініка, заснавальніка дамініканскага ордэна і несумненнага папулярызатара ружанца, – гэта прыгожая гісторыя, якая мае права на існаванне. Аднак каб зразумець, адкуль узялася ружанцовая малітва, трэба зазірнуць яшчэ глыбей.
Сама каронка, чоткі для малітвы або малітоўны шнурок не з’яўляюцца выключна атрыбутыкай хрысціянскай веры. Каронка-чоткі сустракаецца ў многіх сусветных рэлігіях як інструмент для падліку малітваў. Ва ўсіх гэтых выпадках чоткі-каронкі ўзніклі натуральным чынам у адказ на духоўныя патрэбы іх адэптаў. Падобнае адбылося і ў хрысціянстве. Ад моманту з’яўлення хрысціянскага манаства ў Егіпце ў ІІІ-м стагоддзі перад аскетамі, якія намагаліся рэалізаваць наказ св. Апостала Паўла аб нястомнай малітве (гл. 1 Тэс. 5:4), паўстала практычнае пытанне: як кантраляваць колькасць сваіх малітваў, каб захаваць рэгулярнасць уласнага малітоўнага жыцця? З гэтай мэтай пустэльнікі пачалі выкарыстоўваць каменьчыкі, якія перакладвалі з адной чашы да другой, такім чынам лічачы ды кантралюючы колькасць малітваў. Вельмі хутка прыдумалі таксама завязваць адпаведную колькасць вузельчыкаў на вяроўцы ды лічыць іх… Далей, як гаворыцца, справа тэхнікі.
Трэба адзначыць, што на чотках-каронцы адгаворвалі розныя малітвы, першая з якіх была «Ойча наш». Дарэчы сама беларуская назва «пацеркі», «пацеры» паходзіць ад лацінскай назвы малітвы «Ойча наш» – Pater noster. З часам з чоткамі спалучылася іншая малітоўная традыцыя – разважанне над Божым словам. Справа ў тым, што не ўсе манахі і не заўсёды мелі магчымасць чытаць Біблію, таму, наведваючы храм і слухаючы Божае слова, якое там чыталася, яны запаміналі верш, каторы найбольш кранаў іх сэрца – гэта быў пачатак своеасаблівага lectio divino. Напрыклад, для св. Яна Касьяна, з якога паходзіць і Усходняя і Заходняя традыцыя, такім улюбёным вершам быў «Божа, на ўспамогу мне накіруйся; Госпадзе, паспяшайся, каб падтрымаць мяне» (Пс. 70 (69) : 2). Такія вершы станавіліся прадметам нястомнага разважання і інтэрыярызацыі (унутранага засвойвання), іншымі словамі, вершы Святога Пісання станавіліся асабістай малітвай аскета.
На падставе любімых біблійных вершаў манахі складалі таксама свае кароткія малітвы – «малітаўкі». «Малітаўкі» былі тыповай з’явай для сінайскай пабожнасці, якая адрознівалася асаблівым стаўленнем да Божага імя. І гэта зразумела, калі мы ўзгадаем, што сінайскі манастыр св. Кацярыны размешчаны на месцы Незгаральнага Куста, дзе Госпад Бог абвясціў сваё Імя Майсею. Сінайскія манахі развівалі практыку кароткіх “малітавак” да Езуса, якія выказвалі веру ў сілу Яго Імя. Гэтыя практыкі паўплывалі пазней на ўзнікненне «Езусавай малітвы», што можа быць прадметам асобных разважанняў.
Дзеі малітоўнага шнурка на Захадзе
З цягам часу манаства пачало распаўсюджвацца на Захадзе, а разам з ім і пабожныя практыкі ды самі чоткі-каронка. Іх знешні выгляд быў далёкі ад сучаснага. Найстарэйшая выява ружанца паходзіць з XIII стагоддзя. На ёй бачныя 158 пацерак.
Першым крокам да сучаснай формы ружанца стала традыцыя шматразовага паўтарэння малітвы «Вітай, Марыя», якая была скампанавана з фрагментаў Евангелля (Лк.1:48 і Лк.1:42). Гэтая практыка была вельмі папулярная ў Сярэднявеччы. Звычайна прамаўлялі 150 такіх малітваў, па колькасці псальмаў у Псалтыры. Тым жа, хто прыдумаў падзел на таямніцы, быў Дамінік Прус – картузскі манах з кляштара г. Трыр (Нямеччына). У 1409 ён падзяліў жыццё Езуса і Багародзіцы на 50 таямніцаў, якія былі згрупаваныя па 5 дзясяткаў (ад Дабравешчання да Другога прыйсця Езуса ў славе).
Сучасная форма ружанца ўсталявалася ў 1470-х гадах праз дамініканцаў Алана Рупскага і Якуба Шпрэнгера і была ўпершыню надрукаваная ў 1481 годзе. У 1520 годзе яна зацверджаная Папам Львом Х і названая Ружанцам Блаславёнай Дзевы Марыі. Адкуль жа паходзіць назва “ружанец” – rosarium (сад руж)? Ёсць розныя версіі, якія тлумачаць паходжанне гэтай назвы. Напрыклад, што малітвы ружанца – гэта нібы вяночак з руж, які мы ахвяруем Багародзіцы. Самая экзатычная версія гаворыць, што гэта назва прыйшла з Далёкага Усходу, з будызму. Там чоткі-каронка называецца japamala – вянок з малітваў або вянок з руж.
Апісанне сучаснай ружанцовай малітвы
Увесь ружанец ахоплівае 20 падзей ці таямніцаў, з якіх 5 радасных (Раство і дзяцінства Езуса Хрыста), 5 таямніц святла (яны тычацца публічнай дзейнасці Езуса Хрыста), 5 балесных таямніцаў (у іх узгадваем пакуты і смерць Госпада), і 5 слаўных (у якіх разважаем пра вечную славу Езуса і Багародзіцы на нябёсах). Такім чынам, ружанец дзеліцца на 4 часткі, кожная з якіх утрымлівае па пяць тэм для разважанняў, названых “таямніцамі” або евангельскімі медытацыямі.
Вядома, што асноўнымі малітвамі ружанца з’яўляюцца “Ойча наш” і “Вітай, Мырыя”. Хачу асаблівую ўвагу звярнуць на “Вітай, Мырыя”. Гэтая малітва ў лацінскай традыцыі прыняла канчатковую форму пры Св. Пію V і была надрукаваная ў Брэвіярыі ў 1568 годзе. Да гэтага хрысціяне на Захадзе выкарыстоўвалі кароткую форму, падобную да той, якой карыстаюцца вернікі візантыйскай традыцыі. Ва ўсходняй традыцыі гэта малітва называецца “Багародзіца Дзева”. Вось яе тэкст:
Багародзіца, Дзева, радуйся!
Ласкі поўная Марыя, Госпад з Табою,
Блаславёная Ты між жанчынаў,
І блаславёны плод улоння Твайго,
Бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.
Лёгка заўважыць, што да слоў “і блаславёны плод улоння Твайго” малітвы супадаюць. Абедзве формы годныя выкарыстання ў ружанцовай малітве.
Дарэчы, ў Праваслаўнай Царкве ружанец таксама вядомы, але пад іншай назвай – “Багародзічнае правіла”. На таямніцы выбраныя крыху іншыя падзеі, якія адпавядаюць царкоўным Багародзічным святам ва ўсходнім календары. Вядомы праваслаўны святы Серафім Сароўскі быў вялікім прыхільнікам “Багародзічнага правіла”.
Метад малітвы ружанцам паводле Яна Паўла II
Вялікі Папа Ян Павел II напісаў выдатны апостальскі ліст Rosarium virginis Mariae, які можна смела назваць адным з найлепшых падручнікаў ружанцовай малітвы. Папа ў сваім лісце звяртае ўвагу на “дзейсны метад”, бо “няма нічога дзіўнага ў тым, што ўзаемаадносіны з Хрыстом можна ўсталяваць пры дапамозе нейкага канкрэтнага метаду” (RVM 27). Ян Павел II вылучае ў метадзе наступныя ключавыя моманты:
Аб’яўленне таямніцы. У такі момант мы ўзгадваем евангельскую падзею. Папа робіць важную заўвагу, што абвяшчэнне розных таямніцаў ружанца “не замяняе Евангелля і нават не паўтарае ўсіх яго старонак. Такім чынам, ружанец не замяняе lectio divina, а наадварот, прадугледжвае яго і спрыяе яму”. Гэта павучанне азначае, што ружанцовую малітву нельга аддзяліць ад рэгулярнага чытання Евангелля ды ўвогуле ад сакрамантальнага жыцця ў Касцёле.
Слуханне Слова Божага. На гэтым этапе мы разважаем над евангельскай падзеяй і суадносім Слова Божае, якое да нас звернута праз яе, са сваім жыццём. Папа засяроджвае ўвагу, што часам варта звярнуцца на гэтым этапе непасрэдна да біблейскай тэксту (пар. RVM 30).
Маўчанне. Маўчанне з’яўляецца неабходным элементам малітвы, бо Бог адказвае чалавеку ў маўчанні, у цішы нашага сэрца. Маўчанне – гэта пачатак сузірання, пачатак чыстай малітвы…
Наступны этап:
«Ойча наш» і дзесяць малітваў “Вітай, Марыя” («Багародзіца Дзева, радуйся») з’яўляюцца інтраспектыўным элементам малітвы.
Потым:
“Хвала Айцу, і Сыну, і Духу Святому…” – такім малым славаслоўем мы закрываем «дзясятку» і дадаём «заключнае ўскліканне».
Заключнае ўзнёслае ўскліканне – гэта, як правіла, кароткая малітва, якая можа вар’іравацца ў залежнасці ад мясцовых звычаяў (пар. RVM 30). Папа робіць акцэнт на тым, што нам варта паклапаціцца, каб гэта была малітва-просьба пра здабыццё духоўных пладоў ад разважання над дадзенай таямніцай. Мова ідзе пра кароткую рэфлексію над зместам дадзенай таямніцы, якая можа выліцца ў кароткую спантанную малітву сваімі словамі.
Нават на падставе апісання самога метаду малітвы можна яшчэ раз сцвердзіць, што ружанец – гэта індывідуальная, асабістая малітва, якая мае глыбокі інтраспектыўны і біблійны характар, і ў гэтым яна падобная да Езусавай малітвы, малітвы сэрца (пар. Rosarium Virginis Mariae 5). Ружанец можа стаць сапраўднай школай малітвы для таго, хто рупліва будзе прытрымлівацца апісанага метаду. У гэтай школе вучань пройдзе шматлікія ўзроўні малітвы, пачынаючы ад малітвы словамі, праз медытацыю да сузірання.
а. Андрэй Буйніч
