Рэкамендацыі Кангрэгацыі Божага культу да Вялікага тыдня

Святы Пасад заклікае біскупаў прымаць разумныя рашэнні адносна святкавання Вялікага тыдня, улічваючы складаную эпідэмічную сітуацыю, якая захоўваецца ў свеце.

У спецыяльным лісце Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў гучыць заклік да правядзення літургічных цэлебрацый з павагай да здароўя вернікаў і ў адпаведнасці з правіламі, устаноўленымі органамі, якія адказваюць за агульнае дабро.

Дыкастэрыя нагадвае, што ацэнка канкрэтнай сітуацыі з’яўляецца абавязкам біскупа, які павінен паклапаціцца пра духоўнае дабро душпастыраў і вернікаў падчас Вялікага тыдня. Нормы, змешчаныя ў літургічных кнігах, прызначаны для звычайных абставін і не могуць быць у поўнай меры выкарыстаны ў выключных сітуацыях, такіх як бягучы эпідэмічны крызіс.

Кангрэгацыя нагадвае біскупам пра леташні дэкрэт на тэму цэлебрацыі Вялікага тыдня і падкрэслівае, што ён працягвае дзейнічаць і сёлета. Таксама застаецца актуальным ліст кардынала Рабера Сара пад назвай: Вернемся з радасцю да Эўхарыстыі, апублікаваны ў жніўня 2020 г. У ім звяртаецца ўвага на неабходнасць уважлівага стаўлення да літургічных жэстаў пры захаванні санітарных патрабаванняў.

Аўтары Ліста прызнаюць, што выкарыстанне сацыяльных сетак дапамагло душпастырам захаваць кантакт з вернікамі. Аднак, акрамя станоўчых момантаў, былі і праблемныя аспекты. Гучыць прапанова падчас цэлебрацыі Вялікага тыдня арганізаваць трансляцыю літургіі з удзелам біскупа, каб такім чынам залучыць вернікаў, якія не маюць магчымасці наведваць храм.

Ватыканская дыкастэрыя таксама заклікае падрыхтаваць адпаведныя дапаможнікі для асабістай і сямейнай малітвы. Пры гэтым можна выкарыстаць некаторыя элементы Літургіі гадзінаў.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку