Прысутнасць, поўная любові: жанчыны як удзельніцы збаўлення

Жанчыны займаюць адметнае месца ў жыцці і выкананні збаўчай місіі Езуса ад пачатку Яго служэння. У Евангеллі паводле Лукі мы бачым, што разам з вучнямі Езуса знаходзіліся «некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем злых духаў; Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёй» (Лк 8, 2–3). Яны не толькі падтрымлівалі Настаўніка сваёй штодзённай паслугай, але таксама былі Яго сведкамі, прадэманстраваўшы, што ў Валадарстве Божым «Няма ўжо ні юдэя, ні грэка; няма ні раба, ні свабоднага; няма ні мужчыны, ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысце Езусе» (Гал 3,28), бо кожны, хто чыніць волю Божую, становіцца сапраўдным вучнем Хрыста.

Жанчыны займаюць унікальнае і незаменнае месца ў гісторыі пакут Езуса, а іх роля ў Вялікім Тыдні ярка падкрэслівае моц і значнасць далікатных і шчырых пачуццяў. На фоне крыку і жорсткасці натоўпу, здрады Юды, адрачэння Пятра і страхаў вучняў яны застаюцца вернымі, змагаюцца са сваімі страхамі і аказваюць падтрымку Езусу ў цяжкія моманты. Іх любоў, выяўленая ў найменш прыкметных, але значных жэстах — у малітве, адданай паслузе і шчырым клопаце, у прысутнасці, што з’яўляецца своеасаблівым кантрастам да абыякавасці і варожасці свету. Іх дзейнасць не патрабуе гучнай пахвалы ці ўдзячнасці, яна праяўляецца праз трывалую, верную і пастаянную дапамогу, якая крые ў сабе вялікую сілу праз спагаду і суперажыванні.

У найбольш важны момант — у час нязносных пакут і смерці Езуса — жанчыны застаюцца вернымі. Калі натоўп крычаў, калі вучні хаваліся ад напалоханасці, жанчыны працягвалі змагацца са сваімі страхамі і аказвалі падтрымку Езусу. Евангелле паводле Мацвея распавядае: «Было там таксама шмат жанчын, якія глядзелі здалёк і якія спадарожнічалі Езусу ад Галілеі, служачы Яму» (Мц 27, 55). У той час як вучні, акрамя Яна, разбегліся, жанчыны засталіся. У іх вернасці мы бачым моц суперажывання і духоўнай стойкасці.

Жанчыны, якія суправаджалі Езуса на шляху да крыжа, нагадваюць сучасным вернікам пра неабходнасць не баяцца праяўлення любові і спагады. Яны вучаць, што праз далікатнасць і клопат можна ствараць моцныя сувязі паміж людзьмі і супрацьстаяць абыякавасці, якая распаўсюджваецца ў сучасным грамадстве. Іх прыклад заклікае нас вярнуць у сваё жыццё пачуццёвасць, уменне заўважаць чужыя пакуты і дзеля гэтага рабіць нават маленькія, але каштоўныя ўчынкі любові. Такім чынам, жанчыны з’яўляюцца не толькі сведкамі гісторыі Хрыста, але і яе важнымі ўдзельніцамі, якія праз сваю прысутнасць і спачуванне дапамагаюць вернікам глыбей зразумець сутнасць хрысціянскага шляху і любові.

Нясучы свой крыж, Езус звяртаецца да жанчын Ерузалема: «Не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23, 28). Гэтыя словы — не проста суцяшэнне, альбо прароцтва пра будучыя пакуты. Яны раскрываюць глыбокую праўду: сапраўдная трагедыя — не ў смерці Нявіннага, а ў абыякавасці сэрцаў, якія могуць бяздушна прымаць зло. Езус заклікае жанчын (а праз іх — усіх вернікаў) плакаць не аб Ягоным лёсе, а аб тым, як грэх разбурае чалавечыя душы і грамадства.

Гэты момант паказвае, што шлях да Валадарства Божага ляжыць праз усведамленне ўласнай патрэбы ў збаўленні. Крыж — не толькі знак пакут, але і дарога да Жыцця, і Езус, нясучы яго, ужо бачыць перамогу. Яго словы да жанчын — гэта запрашэнне далучыцца да гэтай перамогі, прыняць удзел у пераадоленні зла праз веру і любоў. Такім чынам, плач, пра які Ён гаворыць, становіцца не сімвалам роспачы, а крокам да духоўнага абнаўлення.

У апошнія хвіліны свайго жыцця Езус стварае нешта новае і незвычайнае. Ён кажа сваёй Маці і ўлюбёнаму вучню: «Жанчына, вось сын твой… Вось, Маці твая» (Ян 19, 26–27), Ён стварае духоўную сям’ю, якая выходзіць за межы крыві. Гэтая новая супольнасць становіцца прататыпам Касцёла, у якім усе людзі, прыняўшы любоў Хрыста, знаходзяць сваё месца як браты і сёстры ў адной сям’і дзяцей Божых. Гэты акт не толькі праяўляе клопат Пана пра тых, каго Ён любіў, але і нагадвае нам пра ўніверсальны характар Божай любові.

Цэнтральнае месца ў сцэне ля крыжа Збаўцы займае Марыя, Маці Езуса. Яе мацярынства дасягае кульмінацыі ў момант, калі яна бачыць смерць свайго Сына. Гэта не проста страта дзіцяці — гэта разрыў сэрца, пра які прадвяшчаў Сімяон: «А праз Тваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў» (Лк 2, 35). Але Марыя не адступае, Яна прысутнічае, як верная сведка, якая разумее, што яе мацярынская роля не завяршаецца смерцю Хрыста. Яна становіцца Маці ўсіх вернікаў, новай духоўнай супольнасці, што нараджаецца пад крыжам.

Евангелісты згадваюць імёны тых, якія стаялі ля крыжа Пана з Марыяй: «Былі таксама жанчыны, якія глядзелі здалёк. Сярод іх была Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба малодшага і Юзафа, і Саламея» (Мк 15, 40). Гэтыя жанчыны не маглі спыніць катаў, не маглі зняць Яго з крыжа, але яны маглі быць там — і гэтага было дастаткова. Іх слёзы, іх маўчанне, іх боль сталі жывой малітвай, якую Езус прыняў разам са сваім апошнім уздыхам.

Сцэна ля падножжа крыжа адкрывае прарочую глыбіню жаночага сведчання. Як заўважае евангеліст Марк, менавіта жанчыны — засталіся апошнімі, хто не пакінуў Пана ў час Яго найстрашнейшых пакут. Іхнія статычныя постаці поўныя сімвалізму: яны не ўцякаюць, не хаваюцца, але і не могуць змагацца праз фізічную сілу, каб супрацьстаяць лютай моцы і нянавісці катаў — яны проста ёсць.

Гэта «быццё» становіцца наймацнейшай формай суперажывання. У іхняй бязмоўнай прысутнасці раскрываецца сапраўдная сутнасць хрысціянскай пакорлівасці: калі немагчыма змяніць абставіны, застаецца толькі быць маўклівымі сведкамі, нясучы крыж разам з Хрыстом, і быць вернымі да апошняга. Іх слёзы — гэта не знак слабасці, а моцная малітва, якая дасягае нябёсаў. Іх маўчанне — больш красамоўнае за любыя словы, бо яно гаворыць пра любоў, якая перамагае страх і маладушнасць.

Але гісторыя не завершана! Любоў і адданасць жанчын дасягае вяршыні ў момант, калі яны становяцца першымі сведкамі ўваскрасення: «Прыйшла Марыя Магдалена і абвясціла вучням: “Я бачыла Пана”» (Ян 20, 18). Жанчыны не толькі суправаджалі Езуса на шляху да крыжа, але і сталі першымі, хто абвясціў пра Яго перамогу над смерцю.

Калі настаў дзень уваскрасення, менавіта жанчыны першымі даведаліся пра перамогу жыцця над смерцю. Яны прыйшлі да магілы, каб пакласці пахучыя рэчы, але замест гэтага атрымалі вестку, якая змяніла свет: «Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма; Ён уваскрос!» (Лк 24, 5–6). Менавіта Марыі Магдаліне Пан з’явіўся першай, даруючы ёй гэтую радасную вестку. Гэта не выпадковасць — гэта лагічнае завяршэнне іхняга шляху. Тыя, хто не пакінуў Яго ў час пакут, першымі атрымалі права абвясціць: «Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй» (Ян 20, 18).

Евангельскія жанчыны вучаць нас, што праз далікатнасць і клопат можна ствараць моцныя сувязі паміж людзьмі і супрацьстаяць абыякавасці свету. Як Марыя прымала боль, так і мы павінны навучыцца прымаць цяжкасці, не губляючы веры і любові. Іх прысутнасць павучае нас, што сапраўдная вера — гэта не толькі вялікія подзвігі, але і штодзённая вернасць. Евангельскія жанчыны не рабілі гучных заяў, не вялі за сабой натоўпаў, але іх прысутнасць, але іх маўклівая любоў і нязломная вернасць зрабілі іх неад’емнай часткай гісторыі збаўлення.

Няхай прыклад жанчын навучыць нас захоўваць вернасць у выпрабаваннях, каб наша прысутнасць у жыцці іншых людзей заўсёды прыносіла святло і надзею. Няхай мацярынства Марыі адкрые для нас глыбіню Божай любові, якая ахоплівае кожнага чалавека. І няхай іх сведчанне стане натхненнем для нас, каб мы заставаліся побач з нашым Панам не толькі ў хвіліны радасці, але і ў хвіліны выпрабаванняў.

Падрыхтаваў кс. кан. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку