Яе ўзначаліў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч.
Храм быў запоўнены вернікамі, прысутнічала больш за сотню святароў.
Напачатку Імшы ўсіх прысутных прывітаў біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Аляксандр Кашкевіч. Ён звярнуўся да людзей на беларускай, польскай і літоўскай мовах. Ён папрасіў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ўзначаліць гэту Імшу.
Мітрапаліт павіншаваў гродзенскіх вернікаў з 25-гадовым юбілеем ўтварэння іх дыяцэзіі, а біскупа Аляксандра Кашкевіча таксама і з юбілеем біскупскай паслугі. Ён падзякаваў Пану Богу за тое, што ў свой час дазволіў яму стаць сведкам і ўдзельнікам гэтых падзей.
У сваім слове да вернікаў ён адзначыў важнасць Эўхарыстыі ў жыцці вернікаў, звярнуў увагу на тое, што яна з’яўляецца вышэйшай праявай Божай Міласэрнасці.
— Напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя ў Гродне працавалі толькі два святары, здавалася пройдзе яшчэ час, і вера на гэтай зямлі загіне. Але прайшло крыху больш за чвэрць стагоддзя, і паглядзіце колькі нас тут ёсць! Ці ж гэта не Цуд Божы, сведкам якога мы ўсе з’яўляемся?! – адзначыў іерарх.
Ён заклікаў вернікаў цясней яднацца з Хрыстом праз Сакрамант Эўхарыстыі, які з’яўляецца галоўным сакрамантам Каталіцкага Касцёла.
Закончылася богаслужэнне эўхарыстычнай адарацыяй.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
