16 ліпеня ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, якую традыцыйна называюць таксама Маці Божай Шкаплернай, у Ідолце адбылася парафіяльная ўрачыстасць. Адпустовую святую Імшу ўзначаліў дэкан Мёрскі ксёндз Андрэй Кулік.
Эўхарыстыя распачалася з ўрачыстага ўваходу літургічнай службы ў святыню, дзе на супольную малітву сабраліся мясцовыя вернікі і госці свята. У прывітальным слове пробашч парафіі ксёндз Вячаслаў Адамовіч падкрэсліў, што мы збіраемся разам на супольную малітву, каб скласці да ног Маці Божай свае просьбы і падзякі. Панна Марыя з гары Кармэль — апякунка нашай святыні і нашай парафіі, таму мы ўзносім Ёй сваю хвалу і пашану як Маці Божай і нашай Маці.
Пра выключную ролю Марыі, як Божай Маці, заахвоціў паразважаць падчас гаміліі ксёндз Андрэй. Святар падкрэсліў, што фізічнае мацярынства Марыі, якая нарадзіла Збаўцу, з цягам часу дапаўняецца духоўным мацярынствам, якое пацвярджае Езус, кажучы Марыі з крыжа: «Жанчына — вось сын Твой», а Яну: «Вось Маці твая» (пар.Ян 19, 26-27).
Тэалогія падкрэслівае два вымярэнні прысутнасці Марыі пад крыжам: Марыя церпіць разам з Хрыстом (Маці балесная), Марыя прымае запавет з крыжа ў словах, якія мы толькі што ўзгадалі. З аднаго боку Марыя ўдзельнічае ў ахвяры свайго Сына, як першая адкупленая — Марыя без граху першароднага і іншых грахоў, поўная ласкі. Як кажа Касцёл — дзеля будучых заслуг Мукі Хрыста. А з іншага боку, будучы часткай роду людскога, Марыя стаіць пад крыжам, як прадстаўнік чалавецтва, якое чакае збаўлення.
Ушаноўваючы сёння Маці Божую — Найсвяцейшую Панну Марыю з гары Кармэль — мы спадзяёмся, што Яна, як Маці Збаўцы і наша Маці, дапаможа нам стаць Яе вернымі дзецьмі і годнымі членамі Хрыстовага Касцёла.
Напрыканцы святой Імшы кс. Вячаслаў выказаў словы ўдзячнасці дэкану Мёрскаму за цэлебрацыю святой Імшы і прамоўленую гамілію, святарам Аляксандру Грыцкевічу з Верхнядзвінска і Дзмітрыю Рацько з Празарок за паслугу ў канфесіянале і ўдзел у цэлебрацыі Эўхарыстыі. Святар шчыра падзякаваў парафіянам, якія з любоўю і клопатам рыхтавалі святыню да ўрачыстасці, а таксама ўсім вернікам за супольную малітву.
Завяршылася ўрачыстасць літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі і супольным спевам гімна Te Deum.
Пасля Эўхарыстыі дыякан Міхаіл Вішнеўскі SDB асвяціў набытыя вернікамі рэлігійныя рэчы, каб праз гэтыя знакі і прадметы, яны атрымалі Божую ласку і з радасцю прадоўжылі святкаванне парафіяльнага адпусту.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!







