Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2020 года

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

ЕЗУС СТУКАЕ Ў ДЗВЕРЫ НАШЫХ СЭРЦАЎ, АДЧЫНІМ ЯМУ

Пастырскае пасланне на Божае Нараджэнне 2020 года

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас і віншую з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыста. Евангелле вядзе нас у Бэтлеем, у месца Нараджэння доўгачаканага Збаўцы свету. Рымскі імператар Аўгуст выдаў загад правесці перапіс насельніцтва. Мы добра ведаем, што гэта такое. Час ад часу ў нас таксама адбываецца перапіс. Апошні раз такая падзея мела месца ў 2019 г.

Паводле загаду імператара, жыхары Рымскай імперыі павінны былі запісацца ў месцы свайго паходжання. Абраннік Марыі, Юзаф, паходзіў з каралеўскага роду Давіда, і таму запіс павінен быў адбыцца ў каралеўскім горадзе Бэтлеем. Марыя была цяжарнай і чакала нараджэння Збаўцы. Так сталася, што час нараджэння супаў з прыбыццём Марыі і Юзафа ў Бэтлеем на перапіс. Трэба было знайсці месца, дзе Марыя магла б радзіць. Юзаф шукае, ён стукае ў дзверы розных дамоў і заездаў. Хоць жыхары Блізкага Усходу адзначаюцца гасціннасцю, тым не менш ніхто не хацеў прыняць у свой дом цяжарную Марыю. У заездзе не было месца, як чытаем у Евангеллі паводле Лукі (пар. Лк 2, 1–7).

Марыя з Юзафам перажываюць халодную ноч не толькі з фізічнага пункту гледжання, бо сапраўды ў гэты час на Святой Зямлі холадна. Яшчэ большы маральны холад павяваў з сэрцаў абыякавых людзей, якія не хацелі прыняць іх у свае дамы.

У тую халодную ноч знайшлося толькі адно цёплае месца ў Бэтлееме —сярод хатніх жывёл. Сапраўды, гэта была вялікая таямніца. Не чалавек, якога збавіць прыйшоў Езус, але жывёлы першымі Яго ўбачылі і прынялі.

Часам кажуць, што чалавек можа быць жорсткім, але рэчаіснасць такая, што мы можам быць горшымі за жывёл, робячы сабе і адзін аднаму тое, чаго нават жывёлы не робяць. Нездарма лацінская прыказка кажа: Homo homini lupus est — «Чалавек чалавеку воўк».

Яшчэ прарок Ісая казаў, што вол і асёл ведаюць свайго гаспадара, але Ізраэль не пазнаў прыйсце Бога ў гэты свет (пар. Іс 1, 3–4). Святы апостал Ян вельмі суровымі словамі сцвярджае гэтую праўду: а менавіта што Збаўца прыйшоў да сваіх, але яны Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11).

У Бэтлеемскую ноч раздаўся стук, які разбудзіў увесь свет, бо нарадзіўся Збаўца. Гэтым стукам быў голас анёла, які абвясціў нараджэнне Збаўцы, і спеў анёльскіх хораў, якія праслаўлялі Бога (пар. Лк 2, 8–14).

Адначасова з радасцю гэтай благаслаўлёнай Бэтлеемскай ночы трэба адзначыць і яе трагедыю. Яна ў тым, што жывёлы прынялі Збаўцу і сагрэлі Яго, але Выбраны народ не прыняў.

Тым не менш, нягледзячы на гэта, у той халоднай цемры заззяла святло і цяпло Божай любові. Вельмі добра аб гэтым кажа прарок Ісая: «Народ, які сядзеў у цемры, убачыў святло вялікае, над жыхарамі краіны смяротнага ценю заззяла святло» (Іс 9, 1).

2. Таямніца Богаўцелаўлення вядзе нас да праўды аб тым, што Бог у сваёй пакоры прыйшоў у гэты свет. Ён схіліўся вельмі нізка, каб з вышыні светлага неба прыйсці ў наш разбураны нянавісцю, несправядлівасцю, узброенымі канфліктамі, гвалтам і іншымі паталогіямі цёмны і халодны свет.

Калі Бог схіляецца, то схіляецца вельмі нізка, бо нараджаецца не ў палацы, а ў яслях. Гэтым самым Бог сваёй пакорай перамагае ганарлівасць злога духа. Каб знайсці Яго ў гэтую лёсавызначальную ноч Божага Нараджэння, таксама неабходна нахіліцца.

Гэтае схіленне Бога добра ілюструе сама тапаграфія Бэтлеема і яго ваколіц. Гарады Святой Зямлі пабудаваны на вяршынях пагоркаў, там, дзе скалістая парода. Так робіцца з мэтай пакінуць ураджайныя даліны для сельскай гаспадаркі. Бэтлеем узвышаўся над пашамі, якія акружалі яго. Вуліцы Бэтлеема былі стромымі і збудаванымі ў форме ярусаў. Такім чынам, задняя частка будынкаў крута апускалася ўніз і выкарыстоўвалася як склад і месца для жывёлы.

У халодную і цёмную ноч Божага Нараджэння такое месца прытуліла Марыю з Юзафам, каб у ім нарадзіўся Збаўца свету. Бог схіліўся над сваім народам, каб нарадзіцца сярод жывёл і сельскагаспадарчых прыладаў, у халоднай пячоры.

Нават у наш час, калі мы наведваем Бэтлеем і хочам убачыць месца прыйсця Збаўцы ў наш свет у базыліцы Божага Нараджэння, то найперш трэба прайсці ў яе праз так званыя «дзверы пакоры». У даўнія часы ў мэтах бяспекі яны былі пабудаваны вельмі нізкімі. Трэба моцна схіліцца, каб увайсці ў святыню.

Само ж месца нараджэння Езуса знаходзіцца на другім канцы базылікі, пад алтаром. Тут зноў неабходна моцна нахіліцца. Праз нізкія і вузкія дзверы па стромай вузкай лесвіцы чалавек уваходзіць у пячору Нараджэння. Каб дакрануцца да месца Нараджэння Езуса, дзе знаходзіцца надпіс: «Тут Слова сталася Целам», трэба стаць на калені і моцна сагнуцца.

Наш Бог схіляецца, каб прыйсці да нас. Каб знайсці Яго і быць з Ім, мы таксама павінны схіліцца. Бог не ўспрымае ганарлівасці, бо яна дэмаралізуе чалавека. Бог прыходзіць, каб пакорай перамагчы ганарлівасць. Цемра не можа перамагчы цемру: толькі святло ў сілах зрабіць гэта. Нянавісць не можа перамагчы нянавісць: гэта пад сілу толькі любові. Ганарлівасць не можа перамагчы ганарлівасць: толькі пакора ў стане гэта ўчыніць. Менавіта таму Бог прыходзіць у гэты свет у атмасферы пакоры.

Бог мог прыйсці ў наш свет з нябёсаў, як маланка, і ашаламіць нас. Замест гэтага Ён прыйшоў у пакоры, ціха, не гвалтоўна, без пагрозы, як Немаўля. Такім незвычайным спосабам Ён і сёння звяртаецца да нас. Шукае нас з такой самай пакорай, як зрабіў гэта дзве тысячы гадоў таму ў таямніцы Уцелаўлення.

Зноў у наш час, ужо ў ХХІ стагоддзі, Ён стукаецца ў нашыя сэрцы. Езус кажа: «Вось стаю каля дзвярэй і стукаю. Калі хто пачуе Мой голас і адчыніць дзверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, а ён са Мною» (Ап 3, 20). Ці мы спяшаемся іх адчыніць? Ці не нам адрасаваны словы старажытнай амерыканскай рэлігійнай песні: «Бог стукаецца ў твае дзверы! А ты, чаму ты не адчыняеш?»

3. Калі завершыцца наша зямная гісторыя і будуць напісаны апошнія кнігі, то адзін з самых сумных сказаў будзе наступны: «У „доме“ чалавечага сэрца не было месца для Езуса». На жаль, так часта ёсць у нашым жыцці. І таму вельмі дзіўна і сумна, што Бог проста не пасуе сучаснаму свету і не ўпісваецца ў яго. Ён не адпавядае нашаму парадку дня, нашым графікам, нашым прыярытэтам.

Святы апостал Ян кажа, што Бог прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі, а тыя, хто Яго прыняў, сталі дзецьмі Божымі (пар. Ян 1, 11–12). Ці можа быць большая трагедыя, чым адмова ад гэтага дару, дзякуючы якому мы становімся дзецьмі Божымі? Таму, сапраўды, самы сумны сказ, які напісала чалавецтва, — гэта тое, што на свеце няма месца для Бога.

А што з намі? Ці ёсць месца Езусу ў «дамах» нашых сэрцаў? Калі ёсць, то атрымаем ад Яго шмат дароў. Услухаемся добра. Ці чуем у нашай духоўнай ночы стук у дзверы нашых сэрцаў? Гэта Езус. Ці адказваем на яго і ці спяшаемся адчыніць іх Яму?

Штогод выбіраецца слова года. Сёлета, у часы пандэміі каранавірусу, лідарам стала англійскае слова lockdown, што азначае «каранцін», а менавіта ізаляцыю. Яна патрэбная, каб вылечыцца і захаваць фізічнае здароўе. Аднак у той жа час мы не можам ізалявацца ад Хрыста і Яго Евангелля. Таму нам нельга дапусціць духоўнага «каранціну», гэта азначае ізаляцыі ад Хрыста, які праз служэнне Касцёла нараджаецца ў нашых сэрцах.

Мы павінны зрабіць месца для Езуса. Ён прыходзіць у Святым Пісанні, Эўхарыстыі і іншых сакрамэнтах і стукае. Нізка схіляецца і просіць нас дазволіць Яму ўвайсці ў найбольш амаральныя месцы гэтага свету і нашага жыцця. Што не дазваляе Яму ўвайсці ў яго? Што перашкаджае распазнаць Езуса і шырока адчыняць Яму дзверы? Сёння мы павінны даць адказ на гэтыя і падобныя пытанні.

А калі мы падчас Адвэнту ўжо адчынілі Яму дзверы нашых сэрцаў, то праславім Яго і папросім дапамагчы іх адчыніць яшчэ шырэй. А можа, мы не далі Яму найлепшае месца, магчыма, прагналі з канапы на падлогу, бо з’яўляемся аморфнымі і самалюбнымі хрысціянамі?

Дамо Яму месца ў нашых душах, каб быць дзецьмі Божымі (пар. Ян 1, 12). Калі мы прымем гэты дар Нараджэння Божага Сына і дамо Яму больш месца ў нашых сэрцах, то Ён пераменіць нас і праз нас — гэты грэшны свет.

Свята Божага Нараджэння — гэта свята Божага дару быць дзецьмі Божымі, які мы атрымліваем ад пакорнага Бога. Ці ёсць Яму месца ў «доме» нашага сэрца? Ад гэтага адказу будзе залежаць наша сучаснасць і вечнасць. Езус стукае, адчынім Яму.

Гэта вельмі важна цяпер у нашай Бацькаўшчыне Беларусі, якая перажывае нябачаны ў сваёй гісторыі грамадска-палітычны крызіс, які працягваецца ўжо пяць месяцаў. Сярод шматлікіх адказаў, якія прапануюць палітыкі, эканамісты і грамадскія дзеячы, неабходна звярнуць увагу на тое, што галоўнай прычынай крызісу з’яўляецца адсутнасць у нашых сэрцах Езуса з Яго законам любіць Бога і бліжняга (пар. Мк 12, 28–31), прабачаць, нават сваім ворагам (пар. Лк 23, 34), быць справядлівымі (пар. Мц 5, 6). Мы павінны будаваць нашу Бацькаўшчыну як цывілізацыю жыцця і любові. Не зможам зрабіць гэтага нянавісцю і гвалтам, але ўзаемнай любоўю, бо не можам злоўжываць самі сабой.

4. Дарагія браты і сёстры!

Віншую вас са святам Нараджэння Хрыста!

Віншую сваіх адзінаверцаў католікаў і іншых хрысціянаў, якія сёння адзначаюць яго!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць перажываць радасць праўды Богаўцелаўлення!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Дамо месца Езусу, каб Ён сваёй ласкай нарадзіўся ў нашых сэрцах, каб яны сталі Бэтлеемам ХХІ стагоддзя, а мы — дзецьмі Божымі, якімі Ён апякуецца і бароніць ад эпідэміі як фізічнага, так і грахоўнага вірусаў, каб наша Бацькаўшчына нанава стала краінай міру, узаемнай любві і ўзаемапавагі.

Радасных, поўных ласкі і супакою нованароджанага Збаўцы святаў Нараджэння Хрыста і шчаслівага Новага года!

Давяраючы вас апецы Марыі, якая нарадзіла свету Збаўцу, дзялюся традыцыйнай аплаткай і свае зычэнні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, + і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск – Сакулка, 8 снежня 2020 г.

Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі

P.S. Гэтае Пасланне належыць прачытаць вернікам на свята Божага Нараджэння 25 снежня 2020 г.

catholic.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі