Пантыфік сустрэўся з украінскімі грэка-католікамі Рыма

Францішак падзякаваў украінскім грэка-католікам, якія жывуць у Рыме, за вернасць Наступніку св. Пятра. 28 студзеня ён наведаў базыліку св. Сафіі – цэнтр духоўнага жыцця ўкраінскай супольнасці ў Вечным горадзе. Прывітаць Папу сабралася вялікая колькасць епіскапаў, святароў, семінарыстаў і свецкіх вернікаў з Украіны, якія жывуць, вучацца і працуюць у Рыме.

Звяртаючыся да сабраных, Святы Айцец узгадаў пра тры выбітныя постаці Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы: кардынала Іосіфа Сліпога, якія ініцыяваў будаўніцтва рымскай базылікі св. Сафіі; біскупа Стэпана Чміля, які падчас служэння ў Аргентыне пазнаёміў яго з прыгажосцю ўкраінскай літургіі і культуры, а зараз пахаваны ў гэтай святыні; а таксама кардынала Любаміра Гузара, памерлага каля года таму.

“Калі перакрочваеце парог гэтай святыні, памятайце, узгадвайце айцоў і маці ў веры, бо яны з’яўляюцца фундаментам, які вас падтрымлівае: тыя, хто навучыў нас Евангеллю сваім жыццём, дагэтуль нас накіроўваюць і спадарожнічаюць у дарозе”, — сказаў Папа.

На сустрэчы са Святым Айцом прысутнічала вялікая колькасць украінскіх жанчын, якія працуюць у італьянскіх сем’ях, даглядаючы за пажылымі людзьмі. Пантыфік заклікаў іх разглядаць сваю працу ў якасці сапраўднай місіі, праз выкананне якой яны могуць сведчыць аб веры, несці суцяшэнне і лагоднасць Бога тым, хто рыхтуецца да сустрэчы з Ім.

Францішак адзначыў важнасць таго, каб парафія была месцам сустрэчы з жывым Хрыстом. Паводле яго слоў, менавіта тут можна знайсці падтрымку ў моманты адчування самотнасці і настальгіі, перамагчы спакусу самаізаляцыі і закрытасці, “чэрпаць хлеб для штодзённага пілігрымавання, суцяшэння сэрца і аздараўлення ран”.

Святы Айцец запэўніў украінскую супольнасць у сваёй пастаннай блізкасці і малітве аб міры. “Малюся, каб надзея ніколі не сгасла ў сэрцы ніводнага чалавека, каб заўсёды аднаўлялася адвага, каб крочыць наперад і заўсёды пачынаць спачатку”, — сказаў ён.

На заканчэнне прамовы Папа распавёў, што мае ў сваім пакоі ўкраінскі абраз, які архіепіскап Кіева-Галіцкі Святаслаў Шаўчук, падараваў яму на заканчэнне свайго служэння ў Аргентыне, пасля таго як быў абраны кіраўніком Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы.

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі