Памяць Язафата Кунцэвіча ўшанавалі грэка-католікі ў Полацку

polock_greko-katoliki08Памяць царкоўнага і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага Язафата Кунцэвіча ўшанавалі грэка-католікі ў Полацку. Ён быў Полацкім арцыбіскупам, умацоўваў грэка-каталіцтва ў гэтым краі і лічыўся прыхільнікам еднасці Заходняй і Усходняй Цэркваў. На свята ў храм вялебнай Параскевы Полацкай з’ехаліся госці з Мінска, Віцебска, Глыбокага і іншых гарадоў Беларусі, а таксама з Расіі.

Мерапрыемства пачалося з агульнага малебна, у час якога ў спевах і малітвах вернікі ўзгадвалі пра пакутніка. Язафат Кунцэвіч быў жорстка забіты за сваю дзейнасць раз’юшаным натоўпам падчас Віцебскага паўстання ў 1623 годзе. Рэліквіі беларускага пакутніка захоўваюцца ў саборы святога Пятра ў Рыме. Папа Рымскі Ян Павел II назваў пакутніка Язафата Кунцэвіча “Апосталам еднасці”. Ён таксама з’яўляецца нябесным апекуном Віцебскай дыяцэзіі Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

І хоць некаторыя людзі асобу Язафата Кунцэвіча ўспрымаюць неадназначна, айцец Аляксандр Шаўцоў – пробашч Полацкай грэка-каталіцкай парафіі – не пабаяўся сказаць, што як асоба Язафат мае вялікае значэнне не толькі для Каталіцкага Касцёла, але і для ўсяго свету.

“Таму што тое, што мы бачым у асобе Язафата, гэта тое, да чаго заклікае Папа Францішак. Да таго, каб біскупы, святары выходзілі з храмаў да людзей. Гэтым і займаўся Язафат Кунцэвіч. Можна сказаць, гэта святы па-над часам. Таксама яго словы паўтарыў Ватыканскі сабор: “Супакой – гэта не адсутнасць вайны, а перш за ўсё справядлівасць”. Для нас гэта заклік да ўсіх беларусаў, каб ішлі такім шляхам справядлівасці”.

На свята прыехаў і Апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей Гаек, які маліўся разам з вернікамі і таксама распавёў пра значэнне асобы Язафата Кунцэвіча для грэка-католікаў.

Напрыканцы службы вернікі ўшанавалі памяць памерлых і заспявалі “Многае лета”. Скончылася набажэнства маленнем за Бацькаўшчыну і спевам “Магутны Божа”. А пасля ўсе прысутныя змаглі наведаць духоўны канцэрт з удзелам гурта “Балцкі субстрат”.

Таццяна Смоткіна, тэкст
Маргарыта Юрык, фота

для друку для друку