«На жаль, у рэлігійных інтарэсах можна заблудзіцца да такой ступені, што чалавек амаль забывае пра тое, што ў нашых адносінах з Богам самым важным з’яўляецца малітва». Так піша ў сваіх новых разважаннях а. Яцэк Салій ОР.
Вядома, гаворка не ідзе пра легкадумнае стаўленне да тлумачэння нам ісцін веры і ўзбуджэнню рэлігійных пытанняў. Хутчэй, пра нюх адносна ілжэпрарокаў, якіх не цікавіць праўда, таму што іх мэта — спадабацца чытачам і слухачам. Такая «пабожная балбатня» можа адбіць ахвоту нават да святога Евангелля… Гаворка, такім чынам, аб тым, каб размяжоўваць размовы пра Бога (і ўвогуле пра тэмы, звязаныя з верай) і памкненне сэрца проста да Бога, які нас любіць і якому мы можам давяраць.
Размовы пра Бога могуць як палегчыць, так і ўскладніць наша малітоўнае жыццё. Затое адкрытае сэрца насустрач жывому Богу — рэч несумненна больш важная.
Як можна кіраваць сваімі рэлігійнымі інтарэсамі, каб яны не перагрузілі нас да такой ступені, што зачынілі б нас ад сапраўднай сувязі з Богам? У мяне ёсць дзве парады.
Першая парада: калі думаем пра Бога і задумваемся над рознымі рэлігійнымі пытаннямі, варта адкінуць думку, быццам бы Бог дзесьці ад нас далёка. Сапраўдны Бог, які любіць нас, больш чым усюдыісны. Ён у поўнай меры прысутнічае ўсюды. Адным словам, Ён бліжэй да нас, чым мы самі да сябе. А з гэтага вынікае, што мы можам звяртаць непасрэдна да Яго нашы думкі, словы і сэрцы. І ўсе нашыя пытанні адносна Яго, і ўсе нашыя разважанні адбываюцца ў Яго прысутнасці. Напамін сабе пра тое, што мы ўвесь час знаходзімся «перад Яго абліччам», у значнай меры захоўвае ў нас саму здольнасць маліцца.
Гэта цудоўны дар, які ўсе мы атрымалі ад Яго, хутчэй за ўсё нават тыя, хто лічыць сябе няверуючым.
Другая парада: сцеражыцеся мудрагельства. Хтосьці пераканаўча патлумачыў, што гэта такое. Уявіце, што вы ўпершыню ў жыцці ляціце самалётам. І адразу накіроўваецеся ў кабіну пілота і кажаце яму: «Трэба вось так трымаць гэты руль, трэба націскаць гэтыя кнопкі, і выгляд будзе яшчэ прыгажэйшы, калі гэтыя паказальнікі выключыць».
На жаль, часта наша асабістая размова пра Бога і нашыя думкі пра Касцёл адзначаюцца менавіта такой «мудрасцю». Мы пастаянна чуем пра людзей, якія добра ведаюць, якім павінен быць Бог, а тым больш, якім павінен быць Касцёл. Аб малітве такія людзі, можа, і наогул не думаюць.
На шчасце, такія «мудрацы» сустракаюцца нячаста, і многія з нас моляцца па-сапраўднаму і яшчэ больш з нас жадаюць навучыцца гэтай сапраўднай малітве.
Дадам некалькі слоў пра тое, што я раю людзям, якія жадаюць навучыцца добрай малітве. Сачыце за нядзельнай Імшой — я заўсёды пачынаю з гэтага. Так, Эўхарыстыя — гэта «больш, чым малітва»: яна ўвасабляе любоў, якую Бог паказаў нам праз свайго Сына Езуса Хрыста. Аднак святая Імша, несумненна, таксама з’яўляецца малітвай. Удзельнічаючы ў ёй рэгулярна, кожную нядзелю, мы атрымліваем глыбейшае пасвячэнне ва ўменне маліцца (калі перажываем набажэнства з адкрытым сэрцам, а не дзеля таго, каб «прысутнічаць»). З кожным разам мы лепш вучымся таму, як звяртацца да Бога, аб чым Яго прасіць, за што Яму дзякаваць і як Яго праслаўляць.
Па матэрыялах opoka.org.pl
пераклад Марыны Ткач