28 ліпеня 2016 года на Кракаўскіх Блонях адбылося ўрачыстае прывітанне Святога Айца, які прыбыў у Польшчу на Сусветныя дні моладзі.
Трансляцыя на вялікіх экранах, устаноўленных на полі, распачалася з выхаду Папы Францішка з Дому Арцыбіскупаў у Кракаве.
Затым Пантыфік увайшоў у трамвай, на якім разам з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі прыехаў на Блоні.
Потым Папа Францішак перасеў на папамабіль, на якім праехаў праз сектары, дзе знаходзілася моладзь з усх краінаў свету, каб іх прывітаць.
У 17.30 Святы Айцец з’явіўся на галоўным алтары. Словы прывітання да Пантыфіка скіравалі кардынал Станіслаў Дзівіш і моладзь, якая была на мінулых СДМ у Рыа дэ Жанейра.
Святы Айцец, як першы зарэгістраваны пілігрым, атрымаў прыгатаваны для яго белы заплечнік удзельніка дзён моладзі. Затым моладзь прадставіла танец “Кракавяк”, як сімвал гасціннасці Кракава для маладых людзей з усяго свету.
Пасля адбылася працэсія са сцягамі. Перад выйсцем прадстаўнікоў пэўнага кантынента,прэзентавалі абраз лідэра спраў міласэрнасці з іх кантыненту.
Адметным стала тое, што юнаку з беларускім сцягам Папа Францішак адказаў на прывітанне адпаведным жэстам рукі.
Сваю прамову Святы Айцец распачаў з прывітання і слоў “Нарэшце мы спаткаліся. Вялікі дзякуй за гарачае прывітанне. (…) Дарагая моладзь, сёння ўся Польшча святкуе; гэтымі днямі Польшча хоча быць вечна маладым абліччам Божай Міласэрнасці.
На гэтай зямлі разам з вамі, а таксама з іншымі людзьмі, якія не могуць быць тут, але далучаюцца да нас праз сродкі масавай інфармацыі, усе разам зробім гэты дзень сапраўдным юбілейным святам”.
Папа Францішак заклікаў моладзь не быць заўчаснымі “пенсіянерамі”, не хадзіць са смутным тварам штодзённа, як быццам іх жыццё не мае ніякай каштоўнасці, але таксама прасіў не гнацца за фальшывымі ілюзіямі, якія выкрадаюць у вас самае найлепшае.
“Дзеля гэтага мы сёння сабраліся, каб дапамагчы сабе ўзаемна, бо не можам дазволіць згубіць найлепшае што маем, страціць запал, радасць і мары, даючы ўзамен фальшывыя ілюзіі”, — падкрэсліў Пантыфік.
Затым адбылася супольная малітва “Ойча наш” і бласлаўленне Святога Айца.
Марына Сінкевіч
Глядзі таксама:
Папа Францішак узначаліў начное чуванне і св. Імшу на заканчэнне СДМ на Полі міласэрнасці ў Кракаве
Беларуская моладзь прыняла ўдзел у Крыжовым шляху з Папам Францішкам
Удзельнікі СДМ задаюць пытанні біскупам
“Дакрануцца да Божай міласэрнасці”: біскуп Алег Буткевіч правёў катэхезу для моладзі ў Кракаве
Катэхеза і танец ад біскупа Юзафа Станеўскага ў Кракаве (+відэа)
Дні ў дыяцэзіях скончыліся. Кракаў сустракае пілігрымаў
Беларусы прымаюць актыўны ўдзел у дыяцэзіяльных днях моладзі ў Польшчы
«Моладзь для Хрыста» прыбыла ў Міхалавіцы на дыяцэзіяльныя дні моладзі напярэдадні СДМ