«Моладзь для Хрыста» прыбыла ў Міхалавіцы на дыяцэзіяльныя дні моладзі напярэдадні СДМ

michalowice301“Моладзь для Хрыста” – гэта адна з груп маладых людзей з Віцебскай дыяцэзіі, якія накіроўваюцца на Сусветныя дні моладзі ў Кракаў.

Гэта супольнасць аб’яднала 44 хлопцаў і дзяўчат з Мёраў і Браслава, Дзісны і Верхнядзвінска, Друі і Глыбокага, Шаркаўшчыны і Варапаева, Далёкіх і Дзеркаўшчыны, а таксама з Барысава і Клецка.

Моладзь суправаджаюць святары і законныя сёстры: кс. Вячаслаў Адамовіч з Дзісны, кс. Анджэй Бочар з Далёкіх, с. Наталля Арлянковіч і с. Ірына Папакуль.

Шлях гэтай групы да Міхалавіц, што бліз Варшавы, пралягаў праз Вюльнюс. Зранку ў санктуарыі Божай Міласэрнасці была адпраўлена св. Імша, пасля якой манахіня, якая працуе там, сказала, што яе вельмі ўразіў прыгожы спеў маладых людзей з Беларусі, які ўзносіўся прыгожымі галасамі на хвалу Божую.

20 ліпеня, каля 21 гадзіны, аўтобус з удзельнікамі дасягнуў першай мэты пілігрымкі – прыбыў у парафію ў Міхалавіцах. Тут беларуская моладзь разам з грузінскай на працягу чатырох дзён будзе прымаць удзел у Дыяцэзіяльных днях моладзі, якія будуць папярэднічаць Сусветным дням у Кракаве, дзе будзе прысутнічаць Святы Айцец Францішак.

michalowice11

Вельмі прыемнай і кранальнай неспадзяванкай стала сустрэча: убачыўшы наш аўтобус здалёк парафіяльная супольнасць разам са святарамі выйшлі на вуліцу перад святыняй, трымаючы беларускі і польскія сцягі, і з песняй на вуснах віталі гасцей. Мясцовыя жыхары Міхалавіц адчынілі свае сэрцы і дзверы сваіх дамоў для маладых людзей. Для кожнага ўдзельніка валанцёры падрыхтавалі падарункі, а кожная, прымаючая ў свой дом пілігрыма, сям’я вітала з хлебам і соллю.

michalowice28

21 ліпеня групу “Моладзь для Хрыста” чакае экскурсія па Варшаве, абед у Варшаўскай семінарыі, а ўвечары – дыяцэзіяльнае спатканне.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку