Бог стварыў чалавека з любові і паклікаў яго да любові, якая дапамагае не толькі яднацца з Найсвяцейшай Тройцай, але і ўваходзіць у праўдзівыя адносіны з іншымі людзьмі і са светам.
Менавіта любоў — гэта сіла, здольная да ахвяравання сябе і прыняцця іншай асобы ў паўнаце яе жыццёвай праўды і багацця. Паколькі сапраўдная любоў з’яўляецца цнотаю, атрыманай ад Бога, неабходна на працягу ўсяго жыцця маліцца аб яе ўзрастанні, беручы пад увагу той факт, што чалавечая натура слабая і часта паддаецца спакусе жыць супраць любові.
Многія людзі спазнаюць у сваім жыцці горыч параненай любові. Хоць Святое Пісанне (гл. 1 Кар 13) і жыццёвы вопыт падказваюць, што сапраўдная любоў ніколі не стамляецца і не знікае, вядома, колькі зла можа ўчыніць чалавек, які стрымлівае або нішчыць у сабе любоў.
Унутраны і знешні чын
Любоў заўсёды спалучаная са свабодаю. Чалавек можа любіць і рабіць чыны ў любові менавіта таму, што ён свабодны. Тут маем на ўвазе прынамсі ўнутраную свабоду, дзякуючы якой выбар і чыны становяцца сапраўды чалавечымі.
Маральная тэалогія вучыць, што існуюць унутраныя і знешнія чыны. Першыя нараджаюцца ў сэрцы праз акт розуму і волі і не заўсёды праяўляюцца знешне. Такія ж могуць быць і грахі. Прыкладам унутранага граху ёсць чужалоства ў сэрцы, якое асудзіў Езус у Евангеллі: «Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”. А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сэрцы сваім» (Мц 5, 27–28). Варта ўдакладніць, што такі ўнутраны чын нельга атаясамліваць з пачуццямі ці знешнімі імпульсамі, якія ўздзейнічаюць на чалавека.
У прыведзеным прыкладзе ідзе гаворка пра свядомы і дабравольны выбар, здзейснены ўнутры, дакладней кажучы, пра намер чужаложыць. Рэалізацыя намеру ў дадзеным выпадку залежыць ад канкрэтных акалічнасцяў і волі жанчыны, аднак чалавек ужо вырашыў імкнуцца да здзяйснення задуманага, а гэта менавіта чалавечы чын. Унутранымі чынамі ёсць, напрыклад, акт веры, мысленная малітва, жаданне дабра іншаму чалавеку, пажадлівасць і г.д. Знешнія чыны заўсёды праяўляюцца знешне, як, напрыклад, дапамога камусьці, удзел у супольнай малітве, павучанне, крадзеж, падман…
Такі падзел датычыць як добрых, так і дрэнных чынаў. Варта памятаць пра гэта, бо хоць не заўсёды нашы ўнутраныя чыны праяўляюцца знешне, але калі яны свядомыя і дабравольныя, мы нясём за іх адказнасць.
У залежнасці ад матэрыі, яны могуць быць добрымі і злымі, а грахі цяжкімі або лёгкімі. Нельга ставіць унутраныя чыны ўпоравень са знешнімі, аднак іх цяжар можа быць вельмі вялікі. Як прыклад няхай нам паслужыць унутрана прыняты намер зрабіць цяжкі грэх (забойства, крадзеж, фінансавы падман, адыход ад веры і г.д.).
Магчыма, што хтосьці прымае рашэнне зграшыць, аднак спыніцца на намеры, але толькі таму, што ўмовы не дазваляюць або перашкаджаюць здзейсніць чын. Калі б умовы дазвалялі, то чын быў бы здзейснены знешне. З такіх грахоў трэба спавядацца.
Ёсць таксама ўнутраныя грахі, якія не заўсёды праяўляюцца знешне, напрыклад, нянавісць, гнеў, прагавітасць, зайздрасць, дрэнныя думкі пра іншых ці жаданне ім зла і г. д. Тут мы маем на ўвазе свядомыя і дабравольныя намеры, выбар, здзейснены ўнутры, а не пачуцці ці думкі, якія не ёсць нашым выбарам і з якімі мы рознымі спосабамі змагаемся. У залежнасці ад матэрыі, такія грахі могуць быць таксама цяжкімі.
Радыкальная магчымасць свабоды
Смяротны грэх, як і любоў — гэта радыкальная магчымасць чалавечай свабоды, атрыманай ад Бога (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1861). У пасланні св. Яна чытаем, што існуе такі грэх, які вядзе да смерці, а таксама грэх, які не вядзе да смерці (гл. 1 Ян 5, 16–17). Натхнёны аўтар кажа тут пра духоўную смерць, якая з’яўляецца вынікам граху. У сувязі з гэтым Касцёл падзяляе грахі на цяжкія (смяротныя) і штодзённыя (лёгкія). Цяжкі грэх разрывае сувязь любові з Богам, прычым толькі з боку грэшніка, бо сам Бог ніколі не перастае любіць. Сувязь, пра якую ідзе гаворка, адносіцца не толькі да Бога, але і да Касцёла ды іншых людзей.
Як жа вызначыць межы паміж цяжкім і лёгкім грахом? Адказам няхай будзе прыклад адносінаў паміж людзьмі: непаслухмянае дзіця, якое зрабіла штосьці супраць волі бацькоў, не перастае любіць маму і тату, а таксама адчувае іх любоў, большую за яго правіну. Любоў у дадзеным выпадку не была знішчаная. Інакш адбываецца ў выпадку, напрыклад, здрады ў сужэнстве і знішчэння таго, што павінна застацца адзіным.
Тут можна казаць пра смерць повязі любові, нават тады, калі зграшыў толькі хтосьці адзін. У дадзеным выпадку неабходна паяднанне, якое можа ажывіць любоў. Выбар, які чалавек здзяйсняе дзякуючы свабодзе, заўсёды закранае яго адносіны да Бога і да іншых людзей. Грэх можа быць аднаразовым дзеяннем, радыкальным і відавочным, а можа працягвацца гадамі. Занядбанне дабра ці заплюшчванне вачэй на патрэбы іншых таксама можа быць цяжкім грахом. Хтосьці не забівае, не крадзе, не зайздросціць, не кажа фальшыва супраць бліжняга, але цалкам адварочваецца ад Бога, не прымаючы малітву і ўдзел у сакрамэнтальным жыцці (нядзельная святая Імша, споведзь), што паступова вядзе да духоўнай смерці. Святы Ян Павел ІІ заўважае, што грэх з’яўляецца актам свабоды, праз які чалавек не прызнае панавання Бога ў сваім жыцці. Святы Айцец удакладняе, што чалавек здзяйсняе смяротны грэх, калі свядома і дабравольна выбірае штосьці, што ёсць сур’ёзным непарадкам, калі пагарджае Божымі запаведзямі і адкідвае любоў Бога да чалавецтва і ўсяго стварэння (гл. Reconciliatio et paenitentia, 17).
Розніца паміж грахамі
Cмяротным грахом лічыцца чын, які датычыць сур’ёзнай матэрыі і здзяйсняецца з поўнай свядомасцю і згодаю волі. З катэхетычнага навучання (перад Першай Камуніяй, канфірмацыяй ці шлюбам) памятаем найбольш распаўсюджанае азначэнне цяжкага граху: свядомае і дабравольнае парушэнне Божага закону ў сур’ёзнай матэрыі. Паводле святога Тамаша Аквінскага, смяротны грэх — гэта адварочванне (odwrócenie) ад нязменнага дабра, якім ёсць Бог, і зварот да часовага дабра, якім ёсць стварэнне. Такім чынам, смяротны грэх датычыць адносінаў любові паміж чалавекам і Богам, а таксама бліжнімі дзеля Бога.
Святы Аўгустын казаў: «Любі і рабі што хочаш». Гэтыя словы паказваюць моц любові, дзякуючы якой магчыма не грашыць. Тут мы зноў вяртаемся да сказанага вышэй, а менавіта да суадносінаў паміж любоўю і свабодаю. Выбраць дабравольна смяротны грэх — гэта значыць ведаць, што нейкі чын сур’ёзна супярэчыць Божай волі і канчатковай мэце, але хацець яго, што не толькі пярэчыць любові, але і знішчае яе (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1874).
Цяжар граху залежыць ад матэрыі, якую можна вызначыць праз супастаўленне чыну і Божых запаведзяў. Ён можа быць большы або меншы: забойства па сваёй матэрыі цяжэйшае за крадзеж, насілле адносна найбліжэйшых цяжэйшае, чым адносна чужога чалавека (гл. тамсама, 1858). У 2013 годзе Святы Айцец Францішак казаў пра суадносіны паміж сужэнцамі, што можа быць добрым прыкладам для распазнання розніцы паміж грахамі. Пантыфік звярнуў увагу на той факт, што ў сям’і могуць быць міжвольныя сваркі, аднак яны павінны заканчвацца паяднаннем і прабачэннем. Гэта вобраз лёгкага граху. Аднак, калі сужэнец свядома і дабравольна прыніжае сваю другую палавінку або падняў на яе руку, такі грэх трэба лічыць цяжкім.
На цяжар граху ўплывае таксама ступень свядомасці: у некаторых выпадках яе адсутнасць памяншае важкасць чыну і здымае з чалавека адказнасць за яго, аднак бываюць сітуацыі, калі ігнараванне (як выбар чалавека) і закамянеласць сэрца павялічваюць цяжар віны (гл. Мк 3, 5–6; Лк 16, 19–31).
У вызначэнні важкасці чыну чалавеку дапамагае правільнае і праведнае сумленне, якое неабходна фарміраваць на працягу ўсяго жыцця, абапіраючыся на Божае слова, малітву, вучэнне Касцёла і аўтарытэт людзей, якія з’яўляюцца прыкладам праведнасці ды святасці. Жадаю ўсім чытачам мець сумленне, якое беспамылкова засцерагае перад грахом, паказваючы яго сутнасць і дарогу да навяртання і паяднання з Богам у сакрамэнце споведзі.
А. Аркадзь Куляха OCD, ave-maria.by
для друку