Некаторы час таму я моцна захварэла на грып. Зразумела, што некалькі дзён давялося пабыць дома, каб вярнуцца да нармальнага стану. У першы дзень незапланаванага адпачынку з самай раніцы ў мяне пачаў разрывацца мабільны тэлефон – тэлефанавалі калегі, высвятляючы розныя моманты. Каб адпачыць, выключыла на некаторы час мабільнае прыстасаванне. Калі праз некалькі гадзін уключыла тэлефон, пасыпаўся цэлы шквал паведамленняў з месенджараў, а таксама прыходзілі абвесткі пра прапушчаныя званкі. Каб разабрацца з усім гэтым, мне спатрэбіўся працяглы час.
Усе мы залежныя ад мабільных прыладаў. Гэта кішэнная рэч стала спадарожнікам жыцця. Можна забыцца дома пальчаткі, шапку і нават кашалёк і перажыць дзень камфортна. А вось адсутнасць мабільнага тэлефона выклікае сапраўдны дыскамфорт. У кожнага карыстальніка ёсць месенджары, дзе змяшчаюцца не адна і не дзве групы. Працоўныя людзі маюць свае суполкі, бацькі школьнікаў – свае. У людзей, што маюць лецішчы, ёсць свае групы, а ў жыхароў шматпавярховікаў – свае. У кожнай суполцы пастаянна штосьці адбываецца, прыходзяць паведамленні і абвесткі, а чалавек жыве ў стане пастаяннага інфармацыйнага шуму. Часам нават складана паспець за ўсімі навінамі і абвесткамі.
У перыяд Вялікага посту вернікі імкнуцца змагацца са сваімі залежнасцямі, першай і самай галоўнай з якіх з’яўляецца алкагольная. І гэта сапраўды так. Але залежнасць ад тэлефона, інтэрнэту і сацыяльных сетак таксама нельга недаацэньваць. Звычка быць з тэлефонам пастаянна дрэнна ўплывае на асобу, перашкаджае крытычнаму мысленню, самастойнаму вырашэнню задач, сацыялізацыі. Асабліва гэта заўважна на прыкладзе маладога пакалення.
Нядаўна мне давялося пазнаёміцца з маладой дзяўчынай, якая толькі што атрымала вышэйшую адукацыю. З першых дзён знаёмства мяне ўразіў той факт, што новая знаёмая не расстаецца з тэлефонам. Нават пры размове яна пазірае на экран, чакаючы паведамленняў або гартаючы стужку сацыяльных сетак. З тэлефонам яе можна было заўважыць і на дварэ, калі яна ішла на працу або дамоў. Гэта маладая асоба прызналася, што на працы яе адольвае сон, бо на працягу амаль усёй ночы яна знаходзіцца ў інтэрнэце. Звычка мець тэлефон пры сабе пастаянна перарасла ў залежнасць, ад якой складана пазбавіцца. Блакітны экран мабільнага прыстасавання закрывае ўсё. Чалавек становіцца бытавым інвалідам: ён не заўважае хаосу ў пакоі, неахайнага знешняга выгляду, людзей побач. Такая асоба становіцца беднай у эмацыйным плане, бо не мае навыку жывой гутаркі, рэальных зносін. Жыццё ператвараецца ў існаванне.
Заходзячы ў грамадскі транспарт, асабліва ў вялікім горадзе, можна заўважыць, што большасць людзей заглыбленая ў гаджэты. Хтосьці чытае кнігі, іншыя цікавяцца навінамі, нехта глядзіць фільмы ці слухае музыку. Падаецца, што нічога дрэннага ў гэтым няма – людзі знаёмяцца з новым. Але ўжо з самай раніцы яны перапаўняюцца непатрэбнай, а часам нават шкоднай інфармацыяй.
Аднойчы я прыйшла да такой думкі: каб мы столькі часу праводзілі з ружанцам, колькі бавім з тэлефонам ці планшэтам, то, напэўна, ужо даўно былі б святымі. На працы не было б месца зайздрасці, суперніцтву, дома – сваркам і звадкам. Вялікі пост – гэта час, каб вярнуцца да хрысціянскіх каштоўнасцяў. Бясспрэчна, нельга адмовіцца цалкам ад мабільнага прыстасавання, але магчыма замяняць час, праведзены ў сацыяльных сетках на малітву, чытанне Божага Слова або размову з сям’ёй, сябрамі, знаёмымі. Напэўна, такая замена прынясе свае пазітыўныя зрухі.
Сведка Божай любові
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!