Крыж: параза ці перамога?

У верасні адзначалі свята Узвышэння Святога Крыжа. Мы святкуем момант, калі быў знойдзены крыж, на якім памёр дзеля нашага збаўлення наш Пан Езус Хрыстус. На жаль, мы настолькі прывыкаем да крыжа ў нашым штодзённым жыцці, што забываемся пра яго сакральны сэнс. Уплывае гэта таксама на тое, як самі робім знак крыжа падчас малітвы.

Крыж, на якім памёр Езус, часта называюць жыватворным. Але як нешта, што было прыладай смерці для нашага Збаўцы, можа стацца тым, што дадае сілы і надзеі? Каб гэта зразумець, трэба ўмець прыняць крыж і цярпенне з верай. У сучасным свеце мы не знойдзем шмат прыкладаў таго, як хтосьці дзеліцца асабістым цярпеннем у сацыяльных сетках. Такая тэма непапулярная. А калі яна і з’яўляецца ў лічбавай прасторы, то выклікае буру эмоцый, нянавісці і прагу помсты таму, хто ёсць прычынай цярпення. Менавіта тое, як Езус прымае крыж, нясе яго і памірае, вучыць нас правільна ставіцца да свайго ўласнага і да цярпення іншых. Больш за гэта, наш Боскі Настаўнік запрашае не толькі глядзець на Яго, але і перажываць разам з Ім Крыжовую дарогу: ”Хто не нясе крыжа свайго, а ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем” (Лк 14, 27)

Як застацца вучнем Хрыста, беручы свой крыж з любоўю і верна ідучы за Ім?

Прапаную звярнуць увагу на некалькі спосабаў, якія могуць дапамагчы нам у гэтым.

Добраахвотнае прыманне цяжкасцяў, якія нас сустракаюць. Лёгка ёсць верыць і падтрымліваць у веры іншых, калі мы сябе добра адчуваем і ў нас у жыцці ўсё добра складваецца. Але як быць у выпадку выпрабаванняў, якія надыходзяць, калі мы сутыкаемся з раздзяленнем, абяцаным Хрыстом, дзе “пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя, трое супраць дваіх і двое супраць траіх”(Лк 12, 52)? Альбо перажываем цяжкую хваробу сваю ці кагосьці з блізкіх…

Парадаксальна, што вера ў Хрыста дае нам магчымасць прыняць такія пакуты з пакорай, не шукаючы вінаватых і не пытаючыся пра іх прычыну. Добрым узорам з’яўляюцца дзеці з Фацімы, якіх Маці Божая просіць маліцца і пакутаваць у інтэнцыі навяртання грэшнікаў. Яны  з дзіцячай прастатою і даверам прымаюць гэту просьбу. А як мужна і станоўча яны перажываюць момант, калі апынуліся ў вязніцы, праходзячы праз застрашванні і ўгаворы дарослых адмовіцца ад сведчання пра з’яўленне Маці Божай! Такое перажыванне выпрабаванняў у духу прабачэння за свае ўласныя грахі і грахі іншых замест таго, каб ператварыцца ў здарэнне, якое вычэрпвае нашыя сілы, становіцца чымсьці такім, што дапамагае нашаму навяртанню і паглыбленню веры, а іншым дадае адвагі ў імкненні да дабра і праўды, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды.

Перажыванне пятніцы ў духу пакуты.

Хоць мы добра ведаем, што пятніца – посны дзень, але часта забываемся пра першасны сэнс пятніцы як дня смерці нашага Збаўцы.

Памятаем, што мы не павінны есці ў гэты дзень мяса, але без сувязі гэтага дзеяння з удзячнасцю за ахвяру Езуса для нас застаецца яно прыкрым абавязкам, які чамусьці прыдумалі сабе католікі. Мы трымаем пост і вырачэнні звычайна ў перыяд Вялікага Посту, але чаму кожная пятніца на працягу года, калі не прыпадае ў гэты дзень урачыстасць, не можа стаць днём практыкавання стрыманасці і панавання над сваімі прагненнямі? Нават звычайнае абмежаванне ў пятніцу карыстання смартфонам можа дапамагчы ўмацаваць нашую волю і праверыць, наколькі мы залежныя ад гэтага гаджэту. Прычым мэтай з’яўляецца не самамучэнне, а імкненне быць больш свабодным і адказным для Бога.

Набажэнствы і малітвы, звязаныя з разважаннем над Мукай Пана. Усім вядомая папулярнасць у касцёле набажэнства Крыжовага шляху ў часе Вялікага Посту. Але гэта не значыць, што мы не можам карыстацца ім на працягу літургічнага году. Пра святога айца Яна Паўла ІІ вядома, што ён любіў і адпраўляў набажэнства Крыжовага шляху амаль кожную пятніцу. Варта прыпомніць шмат іншых набажэнстваў і малітваў, прысвечаных цярпенням і смерці Хрыста: песні жальбы, Літанія да сямі балесцяў Найсвяцейшай Панны Марыі, вяночак да Крыві Хрыста. Вялікая традыцыя дамініканскай духоўнасці таксама захавала малітвы святых, якія разважалі і ўшаноўвалі Муку Хрыста. Сярод іх варта вылучыць кантык святой Кацярыны дэ Рычы, дамініканскай манахіні з XVI стагоддзя. Складаецца ён з цытатаў са Святога Пісання, каторыя дапамагаюць медытацыйна перажыць момант цярпення і смерці Пана Езуса на Крыжы. Практыкаванне гэтых малітваў і набажэнстваў можа дапамагчы нам глыбей зразумець, якой вялікай цаной мы былі выкупленыя з няволі граху, а праз гэта спрабаваць адказаць Богу на Яго бязмежную любоў. Падтрымлівае ў нас названую цноту спачуванне і неабыякавасць на цярпенне іншых, якія ўвасабляюцца ў малітве і канкрэтных дзеяннях, каб зменшыць наступствы зла ў свеце. А як жа патрэбная такая рыса нам, тым, хто можа, папіваючы каву, чытаць, што недзе адбываюцца ваенныя дзеянні, альбо глядзець відэа, як кагосьці збівае машына…

Калі святы Банавентура запытаў неяк у святога Тамаша Аквінскага, адкуль ён бярэ ўсю гэтую прыгажосць, якую іншыя людзі адкрываюць у яго творах, святы адказаў, паказваючы на крыж: “Вось мая кніга”. Варта, памятаючы пра нашае пакліканне да святасці, таксама і нам часцей звяртацца да гэтай кнігі ў сваім асабістым жыцці.

Айцец Павел Мажэйка, дамініканін

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі