Савецкая эпоха хоць і адыходзіць ад нас далей, у мінулае, усё яшчэ даволі часта становіцца аб’ектам даследаванняў, дыскусій і розных меркаванняў. Гісторыкі спрачаюцца пра факты і наступствы, камуністы шкадуюць пра страчанае, а патрыёты радуюцца незалежнасці. Для Каталіцкага Касцёла ў Беларусі савецкі перыяд можна акрэсліць адным словам: мучаніцтва. У гэтым артыкуле пойдзе гутарка пра святара Юзафа Грасэвіча, які прайшоў праз арышты, ссылку і пагрозы, аднак да канца застаўся верным свайму святарскаму пакліканню і місіі.
Кс. Юзаф нарадзіўся не ў Беларусі. Ён быў родам з Варшавы. Нягледзячы на сталічнае паходжанне, большую частку свайго жыцця святар прысвяціў простым людзям у глыбінцы. Каб лепш спазнаць яго жыццёвы шлях, накіроўваюся ў в. Каменка Шчучынскага раёна, дзе ён працаваў апошні перыяд і спачыў ва ўзросце 96 гадоў.
На парозе кляштара Сясцёр Маці Міласэрнасці мяне вітае сястра Фаўстына Цыдзік і ласкава запрашае да размовы. Трэба адзначыць, што сястра Фаўстына не толькі ў жывую сустракалася з кс. Юзафам, але і пісала навуковую працу па яго духоўнай спадчыне.
“Цікава, што кс. Юзаф ніколі не святкаваў свайго дня нараджэння”, – пачынае с. Фаўстына. Такі факт нічым мяне не здзіўляе спачатку. Даволі часта здараецца, што ў каталіцкіх сем’ях пераважна святкуюцца імяніны замест дня нараджэння. Але ўсё-такі маё здзіўленне мае месца, бо аказваецца, што святар кожны год святкаваў дату свайго хросту – 15 снежня. Для яго гэтая дата азначала сапраўднае нараджэнне для неба. Пра неба ён шмат марыў, расказваў людзям падчас казанняў і да неба рыхтаваў сваіх вернікаў.
Двойчы вязень
– Ксяндзу Юзафу давялося працаваць у час, калі атэістычны рэжым быў найбольш варожа настаўлены да Касцёла і духавенства. Скажыце, у святара не было думак пакінуць пакутлівае месца працы і з’ехаць напрыклад у Польшчу?
– У яго неаднойчы была такая магчымасць – выехаць. І пасля 1939 года, калі прыйшлі бальшавікі, і пасля ІІ Сусветнай вайны, калі замест нямецкай навалы прыйшлі ізноў камуністы. Але кс. Юзаф не хацеў пакідаць сваёй паствы. Нават прадчуваючы свой арышт, ён не ўцёк.
– Яго арыштавалі савецкія ўлады?
– Святару давялося двойчы пабываць пад следствам. Спачатку ў 1942 годзе яго схапілі немцы ў Вільні. Ім падалося падазроным, што ксёндз мог мець кантакты з іншым святаром, Свіркоўскім, які быў расстраляны за дапамогу яўрэям. Аж да вызвалення савецкімі войскамі кс. Юзаф быў вязнем і выконваў прымусовыя працы. Аднак вызваліцелі не прынеслі сапраўднай свабоды. Кс. Юзаф быў ізноў арыштаваны, гэтым разам ужо савецкай уладай. У 1951 годзе ён быў схоплены і кінуты ў вязніцу за споведзь партызанаў АК і антыкамуністычную прапаганду. Прысуд быў 25 гадоў лагераў. Пакаранне ён адбываў у Інце (Рэспубліка Комі).
Імшал на тканіне
З гэтымі словамі с. Фаўстына адкрывае каробку і дастае літургічныя прадметы, на якіх ужо ляжыць пячатка часу. Бялізна і папера набыла жаўтаваты колер, тканіна месцамі прыцерлася.
– Вось гэта імправізаваныя келіх і патэна, з якімі кс. Юзаф Грасэвіч адпраўляў св. Імшу ў ссылцы.
Сястра паказвае просты металічны кілішак і шкляную талерачку.
– А гэта – рукапісны Імшал. Ён напісаны на тканіне ў форме выкрайкі, таму што кс. Юзаф апранаў яго на спіну, калі ведаў, што будзе адпраўляць св. Імшу. Такія захады былі патрэбныя, каб “надзірацелі” не заўважылі Імшала і не адабралі яго. У Інце святар працаваў у вугальных шахтах, у лесе і таксама пры свіннях. Нават у такіх умовах ён памятаў пра сваё пакліканне і святарскую місію. Пасля смерці Сталіна ён быў вызвалены ад пакарання і часткова рэабілітаваны.
Ксяндзоўскі бунт
– Ці зламалі яго гэтыя выпрабаванні? Як думаеце?
– Ні ў якім разе! Ксёндз Юзаф Грасэвіч разам з Тадэвушам Бірэцкім з’яўляецца сузаснавальнікам нашага ордэна Сясцёр Маці Міласэрнасці. Гэты ордэн паўстаў перад вайной, але найбольшы росквіт яго прыйшоўся якраз на перыяд атэістычнага рэжыму. Сёстры хоць і не насілі манаскага адзення, аднак цалкам прысвячалі сваё жыццё Богу і людзям. І гэта ўсё пад духоўным кіраўніцтвам кс. Юзафа. У яго вельмі багатая духоўная спадчына. У парафіі ў Каменцы і іншых месцах паўсталі спецыяльныя начныя малітоўныя групы. Можаце сабе такое ўявіць? У савецкі час, калі ўлады ўсяляк запалохвалі вернікаў, людзі ў апошні чацвер месяца ўставалі ноччу і па чарзе маліліся, каб разважаць над Мукай Езуса Хрыста.
– Гэта сведчыць, што кс. Юзаф меў высокі аўтарытэт у людзей?
– Ён, нягледзячы на сваё паходжанне і дзве вышэйшыя адукацыі (акрамя семінарыі, скончыў яшчэ і філалагічны факультэт), быў вельмі просты з людзьмі. Ён і гаварыў з імі “па-просту”, хоць сам быў палякам, вельмі ўважліва ставіўся да іх патрэбаў. Але і вымагаў захавання Божых запаведзяў. Быў патрабавальны. Ксяндза Юзафа і перавялі да нас, у Каменку, з Крамяніцы, бо там ён стаў арганізатарам сапраўднага бунту.
– Бунт у савецкія часы быў магчымы?
– Ды яшчэ ў 1969 годзе! Справа ў тым, што ў некалькіх вёсках Крамяніцкай парафіі была праведзеная антырэлігійная акцыя. Бязбожнікі паспілоўвалі прыдарожныя крыжы і адправілі іх у пякарню ў Зэльву. Гэта абурыла людзей і святара. Былі зробленыя фотаздымкі, напісаны пратэст і ўсё гэта адпраўлена ў Маскву. За такую актыўнасць святара пазбавілі права выконваць святарскія абавязкі і пазней накіравалі да нас, у Каменку.

Сястра Фаўстына Цыдзік расказвае пра арыгінальны крыж са старой капліцы і абраз Езуса Міласэрнага, намаляваны мастаком Сергіевічам на замову ксяндза Юзафа Грасэвіча ў 1940 годзе
Прарочая смеласць
– Кс. Юзаф быў сузаснавальнікам вашага ордэна. Скажыце, якім чынам ён як душпастыр рэагаваў на новы, яшчэ не зацверджаны культ Божай Міласэрнасці?
– Ён быў добра знаёмы з кс. Сапоцькам, спаведніком с. Фаўстыны Кавальскай і, канешне, цалкам падтрымліваў гэты культ. Важны і той факт, што ў парафіі ў Новай Рудзе, дзе кс. Юзаф таксама пэўны час быў пробашчам, захоўваўся арыгінал абраза Езуса Міласэрнага, які цяпер у Вільні. Гэты абраз вывезлі сёстры ў Вільню патаемна па просьбе кс. Міхала Сапоцькі, бо існавала сур’ёзная небяспека, што касцёл і абраз будуць знішчаны камуністамі. Паколькі культ Божай Міласэрнасці быў яшчэ афіцыйна не зацверджаны Апостальскай Сталіцай, то святары баяліся прыняць абраз у найбліжэйшыя касцёлы. Таму ён сёння знаходзіцца ў Вільні.
Канспірацыя па-манаску
– Сапраўды, у савецкія часы святарам і вернікам даводзілася быць кемлівымі, каб не папасца.
– Пачакайце, зараз нешта вам пакажу, – кажа с. Фаўстына і знікае за дзвярыма. Праз некаторы час яна з’яўляецца з глобусам у руках. – Здагадайцеся, што гэта такое? – з усмешкай кажа манахіня.
– Глобус як глобус, – паціскаю плячыма.
– А вось і не. Гэта глобус – табернакулюм.
Пакруціўшы зямны шарык, яна паказвае на дзверку ў глобусе:
– Тут захоўваўся Найсвяцейшы Сакрамант у савецкія часы. Сёстры хоць і захоўвалі свае абяцанні, дадзеныя Богу, аднак не маглі публічна праяўляць сваю прыналежнасць да ордэна. Ім таксама нельга было мець сваёй капліцы. Таму вось і была прыдумана такая канспірацыя. Для любога чалавека, хто заходзіў у дом, – гэта быў усяго толькі глобус. Але на самай справе гэта быў дом нашага Госпада Езуса Хрыста. Адзінае, што было ў гэтай капліцы, – гэта крыж і глобус. Але, як бачыце, глобус быў незвычайны. Перад ім сёстры маліліся разам з кс. Юзафам не раз. Выпрошвалі сілы падчас выпрабаванняў для сябе і для іншых.
Размова з сястрой Фаўстынай праляцела незаўважна, хутка. Едучы з Каменкі і думаючы пра гэты рэпартаж, я спрабаваў уявіць сабе нязломную постаць кс. Юзафа Грасэвіча і сясцёр-канспірантак, якія ў лесе ці на полі ўпотай рыхтавалі дзяцей да Першай Святой Камуніі. Як бы паводзілі сябе мы на іх месцы? Ці хапіла б нам, пакаленню XXI стагоддзя, той моцы і адвагі трывання пры Хрысту, нягледзячы ні нашто?
Калі я рабіў здымкі літургічнага посуду кс. Юзафа, то натрапіў на медалік з Маці Божай Шкаплернай, які ён насіў. Выява Багародзіцы ўжо моцна сцёртая. Медалік зроблены з алюмінію. Ніякага срэбра, ніякага золата. Адказ на пастаўленае вышэй пытанне, пэўна, хаваецца ў гэтым. Дасканаласць захоўваецца ў простым. У простай шчырай малітве, у простым пачуцці любові і ў простым жэсце міласэрнасці. А простая і шчырая вера дапаможа перамагчы ўсе выпрабаванні, нават і нашыя, з XXI стагоддзя.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота
