Урачыстае адкрыццё юбілею сотай гадавіны ад заснавання Пінскай дыяцэзіі адбылося ў Ружанах 28 верасня.
Арганізатарамі мерапрыемства сталі Пінская дыяцэзія, Пружанскі дэканат, парафія Найсвяцейшай Тройцы (Ружаны), Пружанскі раённы выканаўчы камітэт і Беларускае геаграфічнае таварыства.
Гісторыя, вакол якой арганізатары свята засяродзілі сваю ўвагу, стала падзея, якая адбылася ў XVII стагодзі. Падчас захопу сталіцы Вялікага княства Літоўскага рэліквіі святога Казіміра разам з казной былі перавезены ў Ружаны пад пільным наглядам узброенай аховы. Каб рэканструіраваць гэту гістарычную падзею арганізатарам спатрэбілася шмат часу, але вынік уразіў сваёй маштабнасцю.
Прысутныя сталі сведкамі асвячэння капліцы і абраза святога Казіміра, перанесення яго рэкліквій у сярэдневечнай працэсіі з узброенымі коннікамі. Таксама гасцей свята чакаў канцэрт арганнай музыкі, выкананы на адноўленым старажытным аргане, і прэзентацыі кніг пра Пінскую дыяцэзію.
Ружаны
Распачаць святкаванне юбілею ў Ружанах было не выпадковым рашэннем. Гэта мястэчка – былая рэзідэнцыя магутнага роду Сапегаў. Менавіта сюды ў 1655 годзе сакратар каралеўскі, пісар вялікі літоўскі, маршалак надворны літоўскі, падканцлер літоўскі князь Казімір Леон (Леў) Сапега, прывёз казну і рэліквіі святога Казіміра з захопленнай сталіцы. З тых даўніх часоў нябесны заступнік усяго Вялікага княства Літоўскага стаў таксама патронам Ружанаў. Герб гэтага мястэчка уяўляе сабой вянок чырвоных ружаў, у цэнтры якога постаць святога Казіміра з крыжом і лілеяй у руках.
Урачыстае вяртанне рэліквій святога Казіміра і супольная малітва павінны стаць яскравым праяўленнем павагі да святога заступніка Ружанаў, а таксама прыкладам захавання рэлігійнай і культурнай спадчыны.
Капліца святога Казіміра
Невялічкая капліца на гарадскіх могілках у Ружанах была ўзведзена ў 1792 годзе за кошт сям’і Сапегаў. Праект выканаў саксонскі архітэктар Ян Самуэль Бекер.
Капліца ўваходзіла ў комплекс ружанскага базыльянскага кляштара. Пасля скасавання ордэна базыльянаў у 1832 годзе святыню далучылі да Ружанскай рымска-каталіцкай парафіі, і яна дзейнічала да Другой сусветнай вайны. Пасля была закінутая і з часам практычна ператварылася ў руіны.
У 1985 годзе намаганнямі ксяндза Міхала Варанецкага была праведзена кансервацыя капліцы — вокны забілі дошкамі, уваходы і вокны сакрыстыі замуравалі, сапсаваны дах заслалі шыферам. У 2002 годзе капліца атрымала статус помніка архітэктуры, а ў 2022 годзе пачалі праводзіць работы па аднаўленні будынку.
Мэты скончыць рамонт да стогадовага юбілею дыяцэзіі не было, аднак выпадкова работы былі скончаны якраз да гэтага часу. Праз 80 гадоў святыня зноў адчыніла свае дзверы для вернікаў.
Працэсія
Захапляльным момантам для ўсіх прысутных стала працэсія перанясення рэліквіі і абраза, якая рушыла ад капліцы святога Казіміра праз увесь горад. Конныя наезнікі, якія, сустрэўшыся з пяхотай непадалёк ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы, урачыста прайшлі па галоўных вуліцах Ружанаў і завершылі сваё шэсце на плошчы перад Ружанскім замкам.
Жывёлы былі прывезены з розных куткоў Беларусі. За рэквізіт былі адказныя аматары гістарычных рэканструкцый з Бабруйска, Мазыра, Мінска, Крэва, Слуцка і іншых месцаў. Яны былі сапраўды зацікаўленыя, каб перадаць моц княжацкага войска.
Удзельнікі мерапрыемства маглі пабачыць гусараў у адмысловых галаўных уборах і з накідкай са шкуры балотнага лемпарта. Экіпіроўка і ўзбраенне гэтых воінаў сфармаваліся пад моцным венгерскім і турэцкім уплывам. Цяжкая, закаваная ў браню, кавалерыя, не ведала сабе роўных у сярэднявечнай Еўропе і на працягу XVII стагоддзя цалкам дамінавала на палях бітваў.
Трэніроўкі перад працэсіяй праходзілі ў Валожынскім раёне на працягу паўтара месяца. На зямлі былі намалёваны «вуліцы» згодна з планам горада. Складаным момантам для нашых наезнікаў было навучыцца прыгожа фарміраваць фігуру сэрца. Яе рыхтавалі для плошчы перад Ружанскім замкам.
Сярод удзельнікаў рэканструкцыі былі людзі розных хрысціянскіх канфесій, таму яны вельмі цешыліся, што арганізаваная імі працэсія прыцягнула ўвагу вялікай колькасці праваслаўных.
Карэту, у якой быў абраз і рэліквія, вёз фрызскі конь, які прыбыў у Ружаны з вёскі Каробчыцы Гродзенскай вобласці.
Замыкаў працэсію атрад Панцарных, або Пяцігорцаў, або Чаркесаў. У XVI стагоддзі яны прыехалі на службу да князя. У выніку, пяць кабардынскіх князёў з сем’ямі аселі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага.
Рэліквіі святога Казіміра
З сярэдзіны XVII стагоддзя рэліквіі святога Казіміра захоўваліся ў ружанскіх уладаннях Сапегаў. Менавіта з гэтым фактам і звязваюць будаўніцтва капліцы, асвечанай яго імем.
Падчас свята ў Ружанах можна было ўбачыць дзве рэліквіі. Яны трапілі ў свой час з Ватыкана ў Віцебскую дыяцэзію, адкуль пры дапамозе мецэнатаў былі перададзены ў Ружаны. Рэстаўрацыю ківота пад адну з рэліквій і манстранцыю пад другую выканаў вядомы беларускі мастак, рэстаўратар Алег Арлоў.
Пасля заканчэння святой Імшы было вырашана на некаторы час перанесці абраз і рэліквіі святога на плошчу перад Ружанскім замкам, каб вернікі маглі пакланіцца гэтым святыням і папрасіць праз заступніцтва святога Казіміра аб Божым бласлаўленні.
Абраз святога Казіміра
Падчас свята біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка асвяціў абраз святога Казіміра, які быў зроблены мастаком-ювелірам, заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь — Мікалаем Кузьмічом. Менавіта гэты майстар зрабіў копію страчанага крыжа Еўфрасініі Полацкай.
Асноўнымі матэрыяламі для абраза святога Казіміра сталі золата, серабро, а таксама каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. З адваротнага боку абраз закрыты палатном, якое было выткана барысаўскім майстрам, а арнамент на ім выкананы па матывах Слуцкіх паясоў.
Абраз святога Казіміра — адзін з дванаццаці падобных абразоў, зробленых Мікалаем Кузьмічом у адным стылі. Падчас свята прысутныя маглі пазнаёміцца з майстрам, а таксама яго сынам Пятром, які дапамагае свайму бацьку ў яго творчасці.
Прэзентацыя кніг
«Даведнік Пінскай дыяцэзіі» і «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія. Пружанскі дэканат. Пружанскі раён» — выданні, прымеркаваныя да святкавання 100-гадовага Юбілею Пінскай дыяцэзіі.
Асаблівая ўвага накіравана на Пружанскі дэканат не выпадкова. Касцёл у Пружанах з’яўляецца першым месцам служэння некалі невядомага ксяндза Казіміра Свёнтка, які пасля стаў першым у гісторыі сучаснай Беларусі каталіцкім кардыналам і зрабіў шмат для беларускага Касцёла і ў прыватнасці для Пінскай дыяцэзіі.
Падчас Другой сусветнай вайны пружанская парафія перажыла складаныя часы, як і ўся краіна. У красавіку 1941 года Казімір Свёнтак быў арыштаваны і два месяцы ўтрымліваўся ў турме ў Брэсце. У канцы чэрвеня 1941 года ў выніку нямецкай акупацыі выйшаў з турмы і пешшу вярнуўся ў Пружаны. У снежні 1944 года Казімір Свёнтак зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Парафіяне засталіся без святароў і самастойна маліліся на ганку сваёй святыні.
У жніўні 1950 года памяшканне касцёла ў Пружанах было перададзена пад лекцыйную залу. Складаная сітуацыя склалася з тым самым 10-галосным арганам. Наяўныя металічныя часткі аргана здалі па накладной у «Вторцветмет», драўляныя элементы выкарысталі як дровы для ацяплення будынка.
З 1991 года ў Пружанах пачалі рабіць спробы вярнуць будынак касцёла парафіянам. Вялікую ролю ў гэтым адыграў ксёндз Эдуард Лоек, які разам з парафіянамі пачаў маліцца на прыступках Дома культуры. Такая пазіцыя святара і вернікаў прынесла плён – 8 снежня 1991 года адбылося першае афіцыйнае набажэнства — католікам дазволілі маліцца ў дыскатэчнай зале. 1 лютага 1993 года касцёл быў канчаткова перададзены католікам, а 6 лютага з гэтай нагоды ўрачыстую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Казімір Свёнтак.
Рэстаўрацыя разбуранага касцёла працягвалася да 1998 года. 14 жніўня кардынал Казімір Свёнтак урачыста рэкансэкраваў касцёл пад гістарычным тытулам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёння ў ім захоўваецца каля 30 хрысціянскіх рэліквій і абразоў, дастаўленых з Еўропы і Расіі. Частка з іх — гэта вернутыя на гістарычную радзіму творы майстроў палескай школы іканапісу.
Аляксандра Шпілеўская, тэкст
Кацярына Масік, фота budni.by