Як ставіцца да Пячаткі Бога Жывога?

– Пахвалёны Езус Хрыстус! Не так даўно мне ў рукі трапіла выява і малітва – “Пячатка Бога Жывога”. Падкажыце, калі ласка, што гэта такое і як да гэтага ставіцца?

Ганна

– Паважаная Ганна! Сучасны свет перапоўнены інфармацыяй, у якой дастаткова лёгка заблытацца. Чалавек па сваёй прыродзе заўсёды імкнецца да новых ведаў. Ён чытае, цікавіцца, даследуе новую інфармацыю. Аднак зацікаўленасць і інфармацыя не заўсёды могуць прыносіць добры плён. Калі інфармацыя трапляе ў рукі разумнага чалавека, яна здольная развіваць мысленне, абараняць, аднак пры няправільным яе выкарыстанні гэта самая інфармацыя можа прынесці вялікую шкоду.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў, калі чалавек, маючы вялікую пыху, ішоў насуперак вучэнню Касцёла, трактуючы Біблію па-свойму або выдумляючы нейкія містычныя візіі. Таксама вядома, што гісторыя мае здольнасць паўтарацца. І ў выпадку “Пячаткі Бога Жывога” яна якраз у пэўным сэнсе і паўтарылася.

“Пячатка Бога Жывога” выйшла з ерэтычных пасланняў ірландскай “візіянеркі” Мэры Карбэры, якая сама сабе надала тытул “Марыя Божай Міласэрнасці”. Гэтыя “пасланні” пачалі з’яўляцца ў інтэрнэце з 2010 года. Трэба заўважыць, што ў свой час спадарыня Мэры ўзначальвала PR-агенцтва, паслугамі якога карысталіся шматлікія СМІ і бізнесмены. Калі бізнес-поспехі спадарыні Карбэры пагоршыліся, яна пачала выдаваць так званыя “візіі”. Сцвярджала, у прыватнасці, што мае пастаянную сувязь са “Святой Тройцай” і “Багародзіцай”, якія пакідаюць ёй рэгулярныя пасланні для чалавецтва. У гэтых “візіях” яна перадае мноства ерасяў, якія, дарэчы, супярэчаць адна адной. А кульмінацыяй усіх пасланняў з’яўляюцца словы пра тысячагадовы рай на зямлі, пра хуткі суд і канчатковы зямны рай. Гарантыяй абароны і збаўлення, згодна са словамі Мэры Карбэры, павінен быць не крыж Езуса, а сертыфікат з “Пячаткай Жывога Бога” і з так званым “Медальёнам збаўлення”. Да гэтага яшчэ дадаецца адмысловы шкаплер (не трэба блытаць са шкаплерам Маці Божай з гары Кармэль).

Гэтыя “пасланні” вельмі небяспечныя, бо яны накіраваныя на тое, каб аддаляць людзей ад Касцёла і ад Бога. Згодна з “пасланнямі”, толькі нашэнне медальёна дае права на збаўленне: ні вера ў Хрыста, ні наследаванне Яго, ні ўдзел у сакрамантах Касцёла, а толькі медальён. Гэта фактычнае адмаўленне ролі Хрыстовага Адкуплення.

З цягам часу да распаўсюджвання “візій” Марыі далучыўся ірландскі мільянер Брэфні Кулі, які пачаў актыўна прадаваць вышэйзгаданыя амулеты (медальён, шкаплер і сертыфікат з пячаткай). Цікавы факт: у адным са сваіх “пасланняў” спадарыня Карбэры перадае словы так званай “Маці Збаўлення” (у вобразе якой прадстаўляецца Маці Божая): каб гэты медальён быў “даступны для аптовага продажу”. Каб ніхто не мог пераняць вытворчасць, на медальёне ёсць таварны знак. Шматлікая літаратура і інфармацыйныя рэсурсы “Пасланняў Марыі Божай Міласэрнасці” перакладзены на многія мовы свету. Уводзячы людзей у падман, спадарыня Карбэры і яе паслядоўнікі вельмі добра рэалізуюць дзве мэты: укараніць трыумф д’ябла ў свеце і паспяхова зарабіць грошы.

“Дзякуючы” паслядоўнікам Мэры Карбэры ерэтычныя “візіі” і “пасланні” разышліся па ўсім свеце. Католікі, калі прымаюць гэтае вучэнне, распаўсюджваюць непрызнаныя Касцёлам пасланні, адмаўляючыся ад праўды, якую дае Каталіцкае вучэнне. Яны, на жаль, ідуць згубным шляхам, а таксама ўводзяць у падман іншых. Людзі вераць у збаўленне праз нейкі медальён, шкаплер і пячатку, а не праз Адкупленне Хрыста, якое здзейснілася на крыжы.

Святое Пісанне вучыць нас, наколькі небяспечным з’яўляецца яго свавольнае тлумачэнне: “Толькі памятайце перш за ўсё, што ніякае прароцтва ў Пісанні не належыць да прыватнага тлумачэння” (2 П 1, 20). А спадарыня Карбэры менавіта гэтым і занялася – маніпуляваннем Святога Пісання, будуючы сваё вучэнне на асобных цытатах з Бібліі, вырываючы іх з кантэксту.

Спадарыня Карбэры пераконвае чытачоў і сваіх паслядоўнікаў, што тэксты, якія яна публікуе, – гэта Кніга Праўды. Пераймаць выразы з Бібліі і з іх дапамогай пераконваць людзей у тым, што апакаліптычныя часы, апісаныя ў Бібліі, адбываюцца на нашых вачах, палохаць людзей набліжэннем канца свету і Страшнага суда – гэта не тое, што робіць чалавек, які мае праўдзівае пасланне ад Бога.

Спадарыня Мэры Карбэры таксама прысвоіла сабе выраз з Бібліі: “Пячатка Бога Жывога”. Гэты выраз мы знаходзім у Кнізе Апакаліпсісу святога Яна. Гаворка ідзе пра нематэрыяльную пячатку, якую Бог паставіць выбраным людзям (праз анёлаў) на іхніх чолах, а не нейкую пячатку з сургучу ці воску, зробленую са слоў самой уяўнай «візіянеркі».

Ніякае “пасланне” альбо “візія” Мэры Карбэры не зацверджана Касцёлам. Але яна не толькі не прымае гэтага, але і абвінавачвае і крытыкуе Паўсюдны Касцёл і Святога Айца. Хтосьці сказаў, што д’ябал можа імітаваць знешнасць любой цноты, акрамя адной – пакоры.

20 лютага 2019 года Святы Айцец Францішак заахвоціў вернікаў браць прыклад са святога айца Піа, які заўсёды заставаўся верным Касцёлу, любіў яго з усімі яго праблемамі і недасканаласцямі. Папа сказаў: “Ён [айцец Піа] любіў Касцёл, з усімі праблемамі, якія Касцёл мае, з усімі недасканаласцямі, з усімі грэшнікамі. Бо Касцёл святы, ён Нявеста Хрыста, але мы, дзеці Касцёла, усе грэшнікі, а некаторыя і вялікія! – але ён любіў Касцёл такім, які ён быў, не нішчыў яго сваім языком, як гэта цяпер прынята рабіць… Нельга жыць усё жыццё, абвінавачваючы, абвінавачваючы, абвінавачваючы Касцёл. Чый гэта абавязак? Каго Біблія называе вялікім абвінаваўцам? Д’ябла! А тыя, хто ўсё жыццё абвінавачвае, абвінавачвае, абвінавачвае, – не скажу, дзеці, бо ў д’ябла іх няма, – а сябры, стрыечныя браты, сваякі д’ябла”.

Таму, паважаная Ганна, каб дасягнуць збаўлення, мы, католікі, маем шмат сродкаў (Касцёл, сакраманты, Святое Пісанне, сакраманталіі, зацверджаныя Касцёлам), і яны дапамагаюць нам ісці правільным шляхам. Нам патрэбныя не сертыфікаты з пячаткамі – “знешнія знакі”, а асабістае навяртанне. І няхай кожны з нас яго дасягне!

З малітвай, кс. Аляксей Ляшко

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі