“Прыслухоўвацца, што кажа Бог”. Як распазнаць, што гэта менавіта Бог гаворыць (дае парады, як жыць, якім шляхам ісці), а не хто іншы?
Галіна
– Шаноўная Галіна! Рэчаіснасць “слухання голасу Бога” належыць да сітуацый, калі асоба ўспрымае як Божую волю тое ці іншае ўласна прынятае рашэнне (напрыклад, у гэтым годзе пайсці ў пілігрымку), нейкую падзею як знак, дадзены ад Бога (напрыклад, не працуе Інтэрнэт – знак, што трэба маліцца, а не праглядаць сеціва). Гэта распазнаванне голасу свайго сумлення, але і таго, што асоба можа пачуць “голас” літаральна (напрыклад, прыватнае, неабавязковае для ўсіх аб’яўленне Езуса сястры Фаўстыне). Аднак як жа праверыць, ці сапраўды гэта голас Бога, а не плод хворага ўяўлення?
Адказ адзін: патрэбны час. Сапраўды, паколькі Бог зайшоў так далёка, што адкрывае Сябе грэшнаму чалавеку, Ён, безумоўна, будзе гаварыць не адзін раз. Таксама варта запытацца, наколькі сказанае “голасам Божым” супадае з тым, што кажа нам Божае Аб’яўленне ў Святым Пісанні, ці з навучаннем Касцёла. Бог не можа супярэчыць Сам Сабе.
Асаблівую ўвагу пры распазнаванні і слуханні Усявышняга варта звярнуць на сумленне. Сумленне, будучы “голасам Бога ў нас”, паказвае нам Божую волю. Аднак адразу скажам, што не кожны чалавек клапоціцца пра сваё сумленне. Добра выхаванае сумленне заўсёды павінна быць у згодзе з Яго воляй, выяўленай у запаведзях, жыццё згоднае з якімі ўпарадкоўвае норавы і прынцыпы паводзін асобы.
У саборнай канстытуцыі Gaudium et spes чытаем, што ў глыбіні свайго сумлення чалавек адкрывае закон, які не навязвае сабе, але якому чалавек павінен падпарадкоўвацца і голас якога заўсёды кліча яго любіць і рабіць дабро і пазбягаць зла. Гэты закон гучыць у сэрцы як наказ: рабі тое і пазбягай гэтага.
Пазней, у часы Майсея, гэты закон быў адкрыты і абагульнены ў выглядзе дзесяці запаведзяў. Тым не менш сумленне застаецца непасрэдным і найважнейшым сведкам прачытання дадзенага закону. Пра гэта піша св. Ян Павел ІІ у энцыкліцы Veritatis splendor. Паводле яго слоў, сумленне ставіць чалавека перад законам і становіцца “сведкам” у яго справе: сведкам яго вернасці або нявернасці закону, гэта значыць, яго праведнасці або заганы (пар. VS 57).
Звычайна сумленне разглядаецца з пункту гледжання адчытання закону і рашэння адносна нашых дзеянняў. Гэты парадак паказвае нам вядомая евангельская сцэна з “багатым юнаком”. На пытанне, скіраванае да Пана Езуса: “Настаўнік добры, што мне рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?” (пар. Мк 10,17) – указваючы на Бога як на адзінае Дабро, Пан Езус загадвае яму выконваць запаведзі. Толькі пасля таго, як юнак сказаў: “Настаўнік, я захаваў усё гэта з маладосці маёй,” – Езус з любоўю паглядзеў на яго і сказаў яму: “Аднаго табе не хапае. Ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Тады прыходзь і ідзі за Мною!” (пар. Мк 10,20).
Адпаведнае разуменне сумлення з’яўляецца толькі ў гэты момант. Да таго часу функцыя сумлення зводзілася да ўказання на тое, што можна, а што нельга. У пэўным сэнсе такая “праца” сумлення зводзіцца да трывогі, папярэджання аб тым, што нешта ідзе не так, адбываецца збочванне з правільнага шляху, пагражае катастрофа. Між тым сапраўднае супрацоўніцтва з сумленнем адбываецца тады, калі ў чалавека ў парадку элементарныя справы, калі ён не грэшнік у сэнсе парушэння Божых запаведзяў. Толькі тады адкрываецца магчымасць сутыкнуцца з тым, чаго “не хапае”, з нашым самым глыбокім недахопам.
Звернем таксама ўвагу на тлумачэнне запаведзяў, дадзеных нам Панам Езусам у так званай “Нагорнай пропаведзі” (Мц 5-7). Не падкрэсліваючы скрупулёзнасці ў выкананні фармальных загадаў і забаронаў, Збаўца указвае на іх глыбіню, звяртае ўвагу на тое, што адбываецца ў сэрцы чалавека. Такім чынам Пан Езус паказвае нам кірунак разважанняў, а гэта значыць, і спосаб фармавання сумлення, дзе чалавек пачуе голас Бога.
Сумленне пазнаюць па пладах. У першую чаргу, сумленне нешта выяўляе. Яго можна параўнаць са святлом, якое пранікае ў пячору праз невялікую шчыліну і асвятляе яе цемру. Таксама яго можна параўнаць з “выключнай цішынёй”, у якой гучаць звычайна нячутныя галасы. Сумленне, можна сказаць, адкрывае чалавечую асобу ў адносінах да свету каштоўнасцяў. Дзякуючы сумленню чалавек “адчувае” сябе, свой сапраўдны стан, “адчувае”, кім ён ёсць, таму што яго адносіны да каштоўнасцяў адбіваюцца на яго быцці, яго існаванні. Бо справа не ў тым, што ты зрабіў ці будзеш рабіць, а ў тым, будучы кім ты робіш тое ці іншае.
Сумленне выяўляе або віну чалавека, або добрасумленнасць. Пачуццё віны суправаджае падзенне чалавека. Добрасумленнасць спадарожнічае яго прагрэсу. Найбольш пакутуе сумленне чалавека, калі выяўляе яго віну. Тады “маўчанне сумлення” становіцца “злавесным маўчаннем”, “дакорлівым маўчаннем”. Тады чалавек паступае так, быццам хоча “заглушыць” сваё сумленне, “загаварыць”, уцячы кудысьці ад свайго “голасу”. Ён спрачаецца з уласным сумленнем. Але дарэмна. Сумленне не “спрачаецца” з чалавекам, на ўсе яго “тлумачэнні” і “аргументы”, на ўсе яго “не змог”, “вымушаны”, “не заўважыў” сумленне адказвае вялікім, шчымлівым маўчаннем, з якога расце віна чалавека. Нягледзячы на тое, што яго сумленне “маўчыць”, такое маўчанне мае сэнс. Гэты сэнс можна выказаць біблійным пытаннем Бога з Кнігі Быцця: “Адаме, ты дзе?”
Сумленне праз сваё маўчанне кажа больш, чым мы можам зразумець. Аднак у сваім жыцці чалавек пакліканы канкрэтызаваць і сфармуляваць гэты голас маўчання, інакш свайго роду вербалізацыю. Бо такое маўчанне сумлення нясе абумоўленасць жыццёвым вопытам, унутранымі перажываннямі, страхамі, жаданнямі, жарсцямі, крыўдамі, асацыяцыямі і г. д. Паколькі згодна са хрысціянскай маральнасцю чалавек можа дзейнічаць толькі ў адпаведнасці са сваім разуменнем голасу сумлення, то па пладах гэтага дзеянне можна і пазнаць сапраўдную працу сумлення. У добра выхаваным сумленні (праз якое сапраўды прамаўляе Бог) гэтыя плады аднолькавыя з пладамі Духа Святога, пра што гаворыць св. Павел ва ўрыўку з Паслання да Галатаў (Га 5,22 – А плод Духа: любоў, радасць, згода, доўгацярплівасць, дабрыня, міласэрнасць, вера, лагоднасць, устрыманасць. На такіх няма закона).
Пры слуханні “голасу” сумлення варта задаць пытанне: які плён майго дзеяння? Што ад гэтага застаецца: трывога, страх ці, наадварот, спакой і радасць? Жаданне апраўдацца – гэта велізарная сіла, якая хоча заглушыць усялякую крытыку і асуджэнне, а значыць, і сумленне. Яно мае розныя формы і характар: адмаўленне фактаў, тлумачэнне сваіх намераў, абвінавачванне іншых, хаванне за літарай закона і г.д. Тым не менш, уцёкі заўсёды пазначаныя трывогай, якая часта выяўляецца жаданнем усё растлумачыць. Адначасова адкрытасць на праўду і прызнанне яе шляхам пакорнага пакаяння нараджае спакой, якому нават не замінае ў канчатковым рахунку ўсведамленне ўласнай віны.
Ад сумлення як голасу Бога ў нас належыць адрозніваць суперэга, ці жаданне быць звышчалавекам (фарысейства ў негатыўным сэнсе). Самы просты спосаб адрозніць суперэга ад сумлення – гэта ўказаць на розніцу паміж “ты павінен” і “хачу” як імператыў нашых паводзін у пошуку і рэалізацыі праўды і дабра. “Ты павінен” – чыйсьці загад (суперэга), а жаданне “хачу” (голас сумлення) належыць самому чалавеку. Можна вылучыць наступныя адрозненні суперэга і сумлення (згодна з J.W. Glaser, Conscience and superego: A key distinction, „Theological Studies”, 32/1971, с. 38).
- Матывацыя: суперэга загадвае выкананне пэўнага дзеяння дзеля атрымання адабрэння або з-за страху страціць прыязнасць. Увогуле справа ў дадзеным выпадку датычыць страху страціць прыхільнасць нейкага аўтарытэту ці ўлады. Сумленне ж адказвае на пытанне “Што правільна?” Гэта заахвочвае дзейнічаць згодна з унутрана адобранай сістэмай каштоўнасцяў.
- Суперэга характарызуецца замыканнем у сабе: суперэга паварочвае нас да саміх сябе – стаўленне, засяроджанае на нашым уласным пачуцці каштоўнасці. Сумленне ж характарызуецца экстравертнасцю: яно адкрытае і ўлічвае іншых і іх каштоўнасці.
- Суперэга статычнае, таму што паўтарае ранейшы загад: усё зводзіцца да стэрэатыпных паводзін і эмацыйных рэакцый, устойлівых да любой крытычнай ацэнкі. Пры гэтым немагчыма вучыцца або быць творчым у новых абставінах. Сумленне дынамічнае: рызыкуе ва ўмовах непрадказальнага развіцця падзей, арыентуючыся на іерархію каштоўнасцяў.
- Суперэга пераважна арыентавана на аўтарытэт: выконвае загад, характарызуецца сляпым падпарадкаваннем. Сумленне галоўным чынам арыентавана на каштоўнасці: яны з’яўляюцца галоўнымі незалежна ад таго, прызнаюцца яны ўладай (аўтарытэтам) ці не.
- Суперэга звяртае ўвагу на дзеянні, якія выконваюцца індывідуальна. Сумленне падразумявае кантэкст і ўмовы: важнае агульнае стаўленне чалавека.
- Суперэга арыентавана на мінулае: у асноўным гаворка ідзе пра аднаўленне “чыстага ліста”. Сумленне скіраванае ў будучыню: “Якім чалавекам я хачу стаць?”
- Суперэга патрабуе пакарання: такім чынам ачышчаецца ад учыненых злачынстваў, і ад сур’ёзнасці пакарання залежыць упэўненасць у здзейсненай кампенсацыі (т.зв. неўратычная віна). Сумленне бачыць у кампенсацыі за правіну новую магчымасць: клопат пра лепшую будучыню – гэта спосаб вучыцца нават на памылках (тут гаворка пра пакаянне).
Бог мае вялікую далікатнасць і, можна сказаць, надзвычайную павагу да свабоды, якую Ён даў чалавеку, таму не навязвае Сябе і не змагаецца за прызнанне, а таксама не крычыць, але “хто мае вушы, няхай слухае”. Так, напрыклад, перад абліччам частых пытанняў, а дакладней, сцвярджэнняў адносна цярпення, Бог не тлумачыць Сябе, не тлумачыць “чаму”, “за што”, але пасылае свайго Сына, Які бярэ свой крыж і ідзе. І вядуць Яго, як авечку на зарэз, і як ягня, якое маўчыць, калі яго стрыгуць, так Ён не адкрывае вуснаў (Дз 8,32; пар. Іс 53,7). Дзеянні і жыццё вечна жывога Езуса Хрыста становяцца сведчаннем і дыялогам Бога з чалавекам, які, адкрываючыся на гэта, знаходзіць сябе.
Літаратура
- J. Prusak SJ, Rozeznawać, by nauczyć się wsłuchiwania w sumienie, “Życie duchowe”, 100/2019, с. 25-36.
- Wł. Zatorski OSB, Duchowość lidera, Tyniec 2014.
- Ioannes Paulus PP. II, Veritatis splendor (Veritatis splendor, Jan Paweł II | John Paul II (vatican.va)).
Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі
для друку