“Адкажыце, калі ласка, як так стала магчыма, што чалавецтва пайшло з адной пары?”
Ян
– Гэтае пытанне датычыць пачатку існавання чалавечага роду, што да сённяшняга дня застаецца таямніцай, наблізіцца да якой дапамагаюць тэорыі, але не догмы. Дагэтуль Каталіцкі Касцёл выразна не здагматызаваў пытання пра паходжанне чалавецтва з адной пары, паколькі ў кампетэнцыі Касцёла знаходзяцца перш за ўсё справы веры і збаўлення чалавека. Гістарычным і біялагічным жа пачаткам чалавецтва займаюцца эмпірычныя навукі, дасягненнямі якіх у сваю чаргу карыстаецца тэалогія. Распачынаючы адказ на гэтае пытанне, варта падкрэсліць, што мы будзем разглядаць тэорыі, а не адназначнае беспамылковае навучанне Касцёла. На сённяшні дзень адносна дадзенага пытання Касцёл прытрымліваецца тэорыі монагенізму.
Тэорыя монагенізму заключаецца ў тым, што ўвесь чалавечы род паходзіць ад адной пары або аднаго чалавека. Некаторыя тэксты Святога Пісання наўпрост сведчаць пра монагенізм. Ёсць, вядома, урыўкі як у Старым, так і ў Новым Запаветах, якія гавораць пра монагенічнае паходжанне чалавечага роду. Хоць “Кніга Быцця” ў першым раздзеле маўчыць адносна гэтага пытання, аповед з “Быцця… (2-4) ужо прадстаўлены як гісторыя першых двух чалавечых істот, з якіх усё чалавецтва і пачалося. Пра гэта ж сведчыць і спасылка ў Мдр 10,1 на “першастворанага (πρωτόπλαστον) айца свету”. У пропаведзі Паўла да афінян (Дз 17,26) мы знаходзім наступны радок: “З аднаго чалавека (ἐξ ἑνὸς πᾶν ἔθνος ἀνθρώπων) Ён вывеў увесь род чалавечы, каб жыў ён на ўсім улонні зямлі, назначыўшы наперад часы і межы яго пражыванню”. Некаторыя рукапісы, аднак, побач з выразам “чалавек” ужываюць выраз “кроў” (ἐξ ἑνὸς αἵματος πᾶν ἔθνος ἀνθρώπων). А гэта ўжо сур’ёзнае пашырэнне інтэрпрэтацыйнага поля паняцця “монагенез” у Бібліі.
Прынамсі да сярэдзіны ХІХ ст. (тэорыя эвалюцыі) монагенізм абапіраўся на біблійнае навучанне аб стварэнні першага чалавека або людской пары асаблівым боскім дзеяннем. Улічваючы пераважныя доказы біялагічнай эвалюцыі, монагенізм больш не разумеюць такім чынам. Але калі першая чалавечая пара паўстала ўсё ж праз гэты эвалюцыйны працэс, навучанне Касцёла адносна душы кожнага чалавека застаецца нязменным: яна створана непасрэдна Богам. Таму ў дадзеным выпадку вучэнне монагенізму будзе выглядаць так: ад адной чалавечай душы, якая ў пачатку гісторыі здзейсніла грэхападзенне, пачынаецца ўвесь чалавечы род, цяпер ужо пазначаны плямай першароднага граху.
Становішча, супрацьлеглае монагенізму, вядомае як полігенізм, які бывае двух тыпаў. У адпаведнасці з першым (так званы “монафілетычны полігенізм”), паколькі эвалюцыя заўсёды працякае ў межах групы, якая скрыжоўваецца, чалавецтва ўпершыню з’явілася сярод шэрагу асобаў, чые нашчадкі сталі паступова распаўсюджвацца па ўсім свеце. Такім чынам, можна было б казаць пра першую супольнасць, а не першую пару або першага чалавека. Другі тып (так называецца “поліфілетычны полігенізм”) мае на ўвазе тое, што чалавечы род узнік праз асобныя эвалюцыйныя лініі ў розных месцах у розны час. Гэтыя лініі сышліся ў пэўны момант гісторыі, каб сфармаваць нашае сучаснае чалавецтва. Навукоўцы не прыйшлі да адзінага меркавання, якая з двух версій полігенізму – монафілетычная або поліфілетычная – больш верагодная.
Вернемся да монагенізму, які быў сур’ёзна ўзяты пад увагу падчас Трыдэнцкага сабору ў вучэнні пра першародны грэх. Найбольш выразнае сцвярджэнне аб монагенізме прагучала ў 1950 г. у энцыкліцы Папы Пія XII Humani generis. Класічным месцам па дадзеным пытанні дагэтуль з’яўлялася Пасланне святога Паўла да Рымлянаў (Рым 5,12), дзе выразна падкрэсліваецца шкода, якую нанёс усім нам грэх Адама. Гэта значыць, што Апостал Павел сцвярджае гістарычна рэальны першародны грэх (peccatum originale originans), каб растлумачыць стан першароднага граху (peccatum originale originatum), ад якога пакутуе кожны чалавек з першага моманту свайго існавання. Вучэнне Касцёла было выразна сфармулявана на Трыдэнцкім саборы (1545–1563 гг.): віна за гэты грэх з’яўляецца спадчынай усіх людзей. Далей Сабор сказаў: грэх Адама па сваім паходжанні адзіны, і ён перайшоў на ўсіх шляхам распаўсюджвання праз сам факт зачацця чалавечага жыцця.
Спасылаючыся на Рым 5,12 і вучэнне Трыдэнта, Папа Пій сцвярджаў, што вернікі не могуць прымаць за праўдзівае вучэнне полігенізм, бо ў гэтай тэорыі Каталіцкі Касцёл не бачыць магчымасці прымірыць са Святым Пісаннем і навучаннем Касцёла праўду аб першародным граху, а менавіта, што гэты грэх быў насамрэч здзейснены асобным чалавекам, і ён перадаецца з пакалення ў пакаленне на ўсіх людзей. Моцным аргументам Пія XII з’яўляецца, па-першае, націск на разуменне першароднага граху як адзінага па паходжанні, г.зн. здзейсненага як адно дзеянне. Па-другое, Папа падкрэсліў, што першародны грэх пераходзіць на чалавека праз біялагічнае паходжанне. Па-трэцяе, калі б паходжанне чалавека было полігенетычным (або поліфілетычным), то з гэтага вынікала б, што сучаснікі Адама (і, магчыма, некаторыя з яго нашчадкаў) былі людзьмі, свабоднымі ад першароднага граху. Паколькі ніводзін чалавек не вольны ад гэтай плямы першых бацькоў, што выразна сцверджана Трыдэнцкім Саборам, Папа Пій адхіліў полігенез як несумяшчальны з дактрынай першароднага граху.
З улікам заявы Папы Пія многія тэолагі пачалі сцвярджаць, што монагенізм настолькі цесна спалучаны з вучэннем аб першародным граху, што яго трэба лічыць ужо не тэорыяй, але прынцыпам веры. Але нязгодныя з гэтым высновы робіць сучасная эмпірычная навука, якая катэгарычна супраціўляецца такому ўспрыманню паходжання чалавека. З аднаго боку, нават нягледзячы на тое, што гэта не было афіцыйна вырашана праз Magisterium Ecclesiae (афіцыйнае навучанне Касцёла) з часоў Humani generis, монагенізм працягвае лічыцца асноўнай тэорыяй у касцельным навучанні адносна першароднага граху, што паказана адпаведнымі параграфамі Катэхізісу Каталіцкага Касцёла (§§ 374–379, 390, 399–407). З іншага боку, адмаўленне полігенічнага паходжання чалавечага роду ставіць тэалогію ў апазіцыю да дакладнай навукі і стварае антыкаталіцкі вобраз цемрашальскай веры, якая змагаецца з праўдай розуму.
Развіццё тэалагічнай навукі працягваецца побач з развіццём кожнай эмпірычнай галіны ведаў, бо праўда адна. Таму можна сказаць, што навука ў яе прамым імкненні да дакладных дадзеных “прымусіла” тэалогію да больш глыбокага разважання над сваім цэнтральным сцвярджэннем, што Хрыстус (а г.зн. у дадзеным выпадку паўната і вяршыня Божага адкрыцця) знаходзіцца ў цэнтры ўсяго (пар. Клс 1,16).
Відавочна, Magisterim надалей настойвае на монагенізме дзеля абароны вучэння аб першародным граху, паводле якога, як гэта тлумачаць айцы Трыдэнцкага сабору, кожны чалавек належыць да аднаго парадку чалавечага быцця, што па сутнасці змянілася пасля грэхападзення ў горшы бок, фізічна і духоўна. Такім чынам, “прысуд” Пія XII у Humani generis, вынесены полігенізму, датычыць падыходу да першароднага граху і адпаведна “першых” бацькоў. Калі навука мае рацыю наконт механізмаў, якія далі пачатак біялагічнаму віду Homo sapiens, то адна з альтэрнатываў тэалогіі з яе падкрэсленнем монагенізму – разгледзець магчымасць таго, што карані першага бунту чалавека супраць Стваральніка больш глыбокія, чым нават цяперашні эмпірычны стан чалавека. Так, напрыклад, разважае ў сваёй працы пад назвай “Тэалагічная антрапалогія” (1963) швейцарскі тэолаг Ханс Урс фон Бальтазар. Ён піша, што, магчыма, першаснае рашэнне, якое сфармавала спадчынную грахоўнасць чалавека, знаходзіцца ў па-над часовым, па-над матэрыяльным, па-над касмаганічным і антрапаганічным працэсам. У прыватнасці, тут ідзе мова пра больш высокае, чым біялагічнае, развіццё чалавека, а менавіта пра духоўнасць, якая, здаецца, у першым шэрагу падпарадкоўвацца закону грахоўнай смерці і, адпаведна, найбольш поўна адчувае сябе спадкаемцам бунту першых бацькоў.
Бібліяграфія
- A. Mcmahon, “Monogenism and Polygenism”, New Catholic Encyclopedia. Second edition (ed. B.L. Marthaler), V. 9 (Washington, D.C. 2003). – 813-814.
- Катехизис Католической Церкви, 4-е издание. – Москва, 2002.
- Христианское вероучение. Догматические тексты Учительства Церкви (III-XX вв.) – Санкт-Петербург, 2002.
- K.W. Kemp, “Science, Theology, and Monogenesis”, American Catholic Philosophical Quarterly, V. 85, No. 2 (2011). – 217-236.
- Pius XII, Humani Generis, www.vatican.va (доступ 5.11.2021).
Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі
для друку