“Хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены”. Зімовыя ўрачыстасці прайшлі ў Росіцы

Лютаўская зіма 2026 выдалася сцюдзёнай, з маразамі, гурбамі ды снежнымі завеямі. Таму росіцкія пілігрымы рыхтаваліся загадзя, набываючы цёплы абутак, паддзяваючы некалькі швэдараў пад зімовае паліто, ды пакуючы ў заплечнік пледы.

16-18 лютага 1943 года падчас карнай аперацыі “Зімовае чараўніцтва” людзі, якія апынуліся ў Росіцкім касцёле Святой Тройцы, зусім не рыхтаваліся, не паспявалі апрануцца, а часам нават  не разумелі што адбываецца.

Карнікі пераўтварылі храм у страшны “пункт сарціроўкі”. Сюды прывозілі людзей з навакольных вёсак і хутароў. Маладых і моцных адпраўлялі на катаржныя працы, а старэйшых, нямоглых, дзяцей – на смерць у агні.

Менавіта ў росіцкім касцёле спужаных, абяздоленых, расчараваных людзей сустракалі айцы марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра. Гэтыя святары супакойвалі людзей і рыхтавалі да самага важнага моманту – сустрэчы з Панам Богам у Нябесным Валадарстве.

Карнікі некалькі разоў прапаноўвалі айцам пакінуць Росіцу. Але пазіцыя святароў была непахіснай:  «Дзе паства, там і пастыры». У выніку айцы Антоні і Юры мужна загінулі разам з людзьмі.

13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве. Юрый Кашыра і Антоній Ляшчэвіч былі залічаны да бласлаўлёных сярод 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны.

У жніўні 1999 года, адразу пасля беатыфікацыі, у Росіцы адбыліся першыя ўрачыстасці.

Сёння памяць мучанікаў ушаноўваецца 2 разы на год – у лютым і жніўні.

14 лютага 2026 года мужныя пілігрымы прыбылі ў Росіцу. Апоўдні распачалася ружанцовая малітва, якую праводзілі сёстры эўхарысткі. У гэты час, як некалі ў 1943 годзе, трывала споведзь. Радавалі сэрца вялікія чэргі – так шмат людзей хацелі паяднацца з Панам.

І, канешне ж, вернікі дзякавалі ў малітве за сваіх пастыраў – тых, якія сёння служаць у канфесіянале і пры Эўхарыстычным стале.

Гімнам да Росіцкіх мучанікаў распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

На пачатку ўсіх прысутных прывітаў айцец Аляксандр Жарнасек. Ён падзякаваў кожнаму, хто, нягледзячы на цяжкія ўмовы, прыбыў сёння ў Росіцу.

Падчас гаміліі біскуп Алег нагадаў словы Езуса Хрыста: “Хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены”. Ён пажартаваў, што гэтыя словы сёння сапраўды прамаўляюць да кожнага з нас. Бо наперадзе яшчэ і большая частка Імшы і доўгая працэсія.

Іерарх зазначыў: у Росіцы свая прыгажосць. Гэтая заснежаная вёска сапраўды радуе вока, а холад набліжае нас фізічна да тых людзей, якія некалі апынуліся ў касцёле, каб потым пайсці на смерць.

Тады яны прасілі, каб святары заступіліся за іх і дапамаглі. А сёння да бласлаўлёных айцоў марыянаў звяртаемся мы, просячы заступніцтва ў  няпростых справах.

Пасля Імшы, спяваючы Літанію да ўсіх святых, людзі крочылі на пляц мучаніцтва. Каб,  прайшоўшы праз сімвалічную браму, укленчыць перад вялікім крыжом – галоўным знакам Божага Валадарства.

Па дарозе да касцёла вернікі маліліся Вяночкам да Божай міласэрнасці, а напрыканцы набажэнстваў праславілі Бога гімнам Te Deuм.

Апошні, але ўжо традыцыйны росіцкі  пункт прагарамы – гарачы абед. Трэба сказаць, гэта не ўжо проста спажыванне ежы. Гэта клопат айца Чэслава, які зраніцы гатаваў гарачую поліўку для кожнага пілігрыма. Гэта сустрэча са старымі знаёмымі і знаёмства з новымі. Гэта цёплыя размовы і шчырыя абдымкі.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Жанна Закрэўская, фота

для друку для друку