Сусветна вядомы кампазітар Ханс Цымер выступіць на пятым дабрачынным канцэрце ў Ватыкане. Падзея адбудзецца 7 снежня ў Зале Паўла VI.
На прэс-канферэнцыі, якая прайшла 6 снежня 2024 года ў Зале Друку Святога Пасада, Цымер падзяліўся сваімі думкамі пра надыходзячую падзею, якая аб’яднае выбітных музыкаў, сярод якіх віяланчэлістка Ціна Гуо, дырыжор Дарыё Вэра і мастацкі кіраўнік канцэрта, італьянскі святар і кампазітар Марка Фрызіна.
«Я глыбока ўшанаваны магчымасцю ўдзельнічаць у Канцэрце з беднымі тут, у Ватыкане. Гэта падзея паказвае, як мастацтва і музыка могуць быць магутнымі інструментамі салідарнасці і інклюзіі», — падкрэсліў Цымер.
Праграма канцэрта ўключае знакамітыя творы кампазітара, сярод якіх сюіта з фільма Пёрл-Харбар, Time з фільма Пачатак, музыка з Анёлаў і дэманаў і тэмы з Піратаў Карыбскага мора.
«Кожны твор нясе асаблівае значэнне. Сюіта з Пёрл-Харбара нагадвае нам пра гістарычную падзею і заклікае ператварыць боль у пасланне міру», — патлумачыў кампазітар.
Nova Opera Orchestra і хор Рымскай дыяцэзіі забяспечаць музычнае суправаджэнне падзеі, арганізаванай з мэтай аб’яднання высокага мастацтва і дабрачыннасці.
«Спадзяюся, што гэты вечар натхніць усіх нас глядзець у будучыню з аптымізмам, памятаючы, што праз музыку і спачуванне мы можам пабудаваць больш справядлівы і больш чалавечны свет», — падсумаваў Ханс Цымер.
Кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку