Назоўнік гвалт дастаткова частотны і ў вусным маўленні, і ў пісьмовых тэкстах розных стыляў. Але пры ўтварэнні сінтаксічнай канструкцыі з названым словам часта перад карыстальнікамі мовы паўстае праблема выбару правільнага варыянта. Як павінна быць: чыніць гвалт над народам ці чыніць гвалт з народу?
Прафесар І. Лепешаў адзначае, што назоўнік, гвалт, будучы мнагазначным словам, “у адным са сваіх значэнняў часткова супадае з адным значэннем таксама мнагазначнага назоўніка здзек” (Лепешаў І.Я. Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні. – Гродна, 2002. – с. 191). А, як вядома, слова здзек утварае спалучэнне з прыназоўнікам з і назоўнікам ці займеннікам ў родным склоне: здзек з людзей, здзек з сябе і г.д. Відавочна, пад уплывам названых канструкцый пашырыліся ўжыванні кшталту гвалт з народу, гвалт з іх і інш. Між тым моўная практыка выразна сведчыць, што ў якасці агульнапрынятай у нашай мове замацавалася канструкцыя “назоўнік гвалт + прыназоўнік над + творны склон”. Менавіта названую схему і варта лічыць нормай. Гэта пацвярджаецца і многімі прыкладамі з мастацкіх ды публіцыстычных тэкстаў розных часоў, напісаных выдатнымі знаўцамі беларускай мовы. Прывядзём колькі прыкладаў: “Ды покі будзе сэрца біцца, / Яно не можа пагадзіцца / Ні з гэтым гвалтам, ні з бядою / Над нашай роднаю зямлёю” (Якуб Колас); “Нібы сатыра на нібы паэму – гвалт над формай” (Кандрат Крапіва); “Не чыніць гвалту над сваім талентам” (Рыгор Шкраба); Гвалт над мовай, над усім здаровым сэнсам наогул” (Ніл Гілевіч). Як бачна, вядомыя аўтары, бліскучыя знаўцы беларускага слова аддаюць перавагу менавіта спалучэнням з творным склонам.
Такім чынам, па-беларуску трэба казаць, напрыклад, гвалт над народам, а не гвалт з народу; гвалт над імі, а не гвалт з іх.
Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук
