Францішак заклікаў вярнуць пашану да сужэнскай вернасці

@nker“Неабходна вярнуць пашану грамадства да вернасці ў любові”, — сказаў папа Францішак 21 кастрычніка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Ён падкрэсліў, што вернасць абяцанням з’яўляецца “шэдэўрам чалавецтва” і рысай кожнай сапраўднай формы любові. 

Святы Айцец нагадаў, што сям’я жыве абяцаннем любові і вернасці, якое даюць адно аднаму мужчына і жанчына.“Яно прадугледжвае абавязак выхавання дзяцей. Спаўняецца таксама ў клопаце пра пажылых бацькоў, у абароне і турботах пра самых слабых членаў сям’і, ва ўзаемнай дапамозе ў рэалізацыі ўласных якасцяў і прыняцці ўласных абмежаванасцяў. Сужэнскае абяцанне распаўсюджваецца на падзяленне радасцяў і цярпенняў усіх бацькаў, маці, дзяцей, са шчодрай адкрытасцю на чалавечае суіснаванне і супольнае дабро. Сям’я, якая закрываецца ў сабе самой – гэта нібыта супярэчанне, умярцвенне абяцання, якое яе стварыла і якое дазваляе ёй жыць”, — сказаў Папа.

На думку Пантыфіка, сёння пашана да сужэнскай вернасці, здаецца, аслабла. Гэтаму існуе некалькіх прычын. “З аднаго боку, таму што кепска зразуметае права на пошук уласнага задавальнення ўсімі спосабамі і ў любых адносінах, узвышаецца як прынцып свабоды, што нават не абмяркоўваецца. З іншага боку, таму што сувязі жыццёвых адносін і адказнасць за супольнае дабро абапіраюцца выключна на прымус, які вынікае з закону. Але ў рэальнасці ніхто не жадае быць любімым толькі за ўласныя якасці ці з прымусу. Любоў, як і сяброўства, абавязаны сваёй сілай і прыгажосцю менавіта таму факту, што нараджаюць сувязі не пазбаўляючы свабоды. Без свабоды няма сяброўства, няма любові, няма сужэнства”, — сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што свабода і вернасць не супярэчаць адна адной, а наадварот, аказваюць узаемную падтрымку, як у міжасабовых адносінах, так і ў грамадскіх. У гэтым кантэксце ён звярнуў увагу на шкоду, якую наносяць у розных сферах нестрыманне абяцанняў і невыкананне ўзятых абавязкаў.

“Вернасць абяцанням, гэта сапраўдны шэдэўр чалавецтва!”, — сказаў ён і нагадаў, што пашану да дадзенага слова і вернасць абяцанню немагчыма ні купіць, ні прадаць. Да іх немагчыма прымусіць сілай ці захаваць без ахвярнасці. “Ніводная іншая школа не можа навучыць праўдзе любові, калі гэтага не зробіць сям’я”, — падкрэсліў Францішак.

“Трэба вярнуць пашану грамадства да вернасці ў любові. Неабходна выцягнуць на свет дзённы цуд мільёнаў мужчын і жанчын, якія адраджаюць фундамент свайго сямейнага жыцця, якім жыве кожнае грамадства, не будучы ў стане забяспецыць гэтага іншым чынам. Невыпадкова гэты прынцып вернасці абяцанню любові і нараджэнню патомства ўпісаны ў Божае стварэнне, як вечнае благаслаўленне, якому давераны свет”, — сказаў Папа.

Спасылаючыся на навучанне св. Паўла, Францішак адзначыў, што ў сямейнай сувязі асаблівым чынам аб’яўлена вызначальная праўда пра сувязь паміж Богам і Касцёлам. “Гэта значыць, што сам Касцёл знаходзіць тут благаслаўленне, якое неабходна бараніць і якому трэба нястомна вучыцца, перш чым яму вучыць і яго дысцыплінаваць”, — сказаў ён.

Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл ганарыцца сваёй любоўю да чалавечай сям’і, у добрыя і кепскія моманты. “Няхай Бог нам дазволіць дастойна рэалізаваць гэта абяцанне”, — пажадаў ён на завяршэнне сваёй катэхезы, заклікаючы вернікаў маліцца за ўдзельнікаў Сінода Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіць у Ватыкане.

 Ватыканскае Радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі