Французскі біскуп Дамінік Рэ наведаў Глыбоцкую парафію

19 жніўня парафію Святой Тройцы ў Глыбокім наведаў біскуп Фрэжуса і Тулона (Францыя) Дамінік Рэ. Французскі іерарх 18 жніўня ўзначаліў галоўную св. Імшу ў Браславе падчас урачыстасцяў, а з панядзелка да серады правядзе рэкалекцыі для святароў Віцебскай дыяцэзіі.

Нядзельную парафіяльную Імшу апоўдні ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам з біскупам Дамінікам.

Падчас Эўхарыстыі Віцебскі іерарх удзяліў сакрамант хросту дзвум маленькім дзяўчынкам і прыняў іх да супольнасці Каталіцкага Касцёла.

Гамілію да прысутных прамовіў французскі біскуп Даімінік. “Сёння ў нас вялікая радасць – прыняцце да супольнасці Касцела двух дзяцей. Гэта вялікае бласлаўленне для дзяцей, бацькоў і ўсіх нас. Але гэта прычына для кожнага з нас задумацца над сваім жыццём, як жыццём ахрышчанага хрысціяніна. Што мы зрабілі з нашага хросту?”- задаўся пытаннем іерарх. Каб дапамагчы асэнсаваць жыццё хрысціяніна, біскуп прапаноўваў простыя і цікавыя разважанні на прыкладзе рукі.

“Кожны палец на руцэ азначае пэўнае заданне нашага хрысціянскага жыцця:

  • Вялікі палец. Яго жэст азначае, што ўсё супер. Гэта першы палец, палец, які можа дакрануцца да астатніх на руцэ. Ён азначае, што Бог ёсць адзіны. Вялікая цяжкасць для шматлікіх людзей, што ў іх ёсць іншыя багі, ідалы, напрыклад, секс, алкаголь, п’янка, абжорства. Бог ёсць для нас адзіным і мы з’яўляемся ўнікальнымі ў вачах Божых.
  • Другі палец – паказальны. Гэта палец Айца, які нас кліча. Бог, якога мы бачым, гэта Бог, які кліча ісці за Ім, каб зрабіць з нас сваіх вучняў. Езус хоча, каб ішлі за Ім без страха.
  • Трэці – самі даўгі, цэнтральны. Гэта такая вось. Гэта азначае нашу веру ў Тройцу і ва ўваскрасенне. У цэнтры нашай веры тое, што Езус сапраўды ўваскрос. Як кажа апостал Павел: “Калі Хрыстос не ўваскрос, то мая вера дарэмная”. Быць хрысціянінам – гэта верыць, што любоў мацнейшая за смерць.
  • Чацверты палец – гэта палец запавету. Бог хоча зрабіць з намі Новы запавет. Менавіта таму сужэнцы носяць пярсцёнак на ім, каб памятаць пра абяцанне сужэнства. І так хрысціяне звязаны з Богам. Кожны хто нас раніць, раніць сэрца Божае, а хто нас цешыць і радуе, радуе і Бога. У цяжкіх абставінах трэба памятаць пра гэты запавет з Богам. І Ён ніколі нас не пакіне.
  • Пяты палец дазваляе “пранікнуць далёка”. Гэты маленькі пальчык азначае малітву. Такім чынам хрысціяне могуць дакрануцца да Бога.

Усей нашай рукой мы можам выразіць удзячнасць, падаць руку іншаму чалавеку, каб ісці разам да Езуса. Вось вам прыклад паразважаць над сваёй рукой, каб заўсёды мець прыклад да чаго павінны імкнуцца дзеткі, які стануць хрысціянамі”.

На заканчэнне св. Імшы пробашч парафіі кс. Мікалай Ціхановіч выказаў падзяку біскупам за тое, што яны захацелі ў нядзелю памаліцца менавіта ў Глыбокім: “Гэта сапраўды для нас вялікі гонар і радасць!”.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі