Урачыстасці ў Браславе ўзначаліў французскі біскуп Дамінік Рэ

Урачыстасці Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе, якія прайшлі ў гэтым годзе 17 і 18 жніўня, былі вельмі насычанымі малітвай. Распачалося святкаванне вечаровай Імшой у пятніцу разам з пілігрымамі, якія пешшу (Глыбокае і Пагошча) і на роварах (Дзеркаўшчына і Паставы) прыбылі ў Санктуарый. Узначаліў Эўхарыстыю дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Падчас Літургіі быў удзелены сакрамант канфірмацыі 59 вернікам з Віцебскай дыяцэзіі.

Малітва ў касцёле трывала на працягу вечара і ўсёй ночы. Айцец Аляксандр Жарнасек МІС правёў канферэнцыю і малітву праслаўлення Госпада ў Найсвяцейшым Сакраманце. Затым грэка-каталіцкі хор праспяваў Акафіст да Найсвяцейшай Багародзіцы.

У 23.30 распачалася працэсія святла з ружанцовай малітвай па вуліцах горада. Апоўначы св. Імшу ўзначаліў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Галоўную Імшу 18 жніўня на палявым алтары ўзначаліў біскуп Фрэжуса і Тулона (Францыя) Дамінік Рэ. Урачыстую Эўхарыстыю канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і шматлікія святары не толькі Віцебскай дыяцэзіі, але і ўсёй Беларусі. На Імшы прысутнічалі прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў Рэспубліцы Беларусь, мясцовай і абласной улады.

На самым пачатку словы прывітання да ўсіх прысутных біскуп Віцебскі: “Мы ідзем да Цябе, Валадарка нашых сэрцаў, маладых сэрцаў, які прагнуць, шукаюць Бога і адкрытыя на Яго ласку. Адсюль надзея маладосці, якую дае нам Езус Хрыстус, народжаны з Найсвяцейшай Панны Марыі”. Іерарх прывітаў усіх пілігрымаў, якія пешшу і на роварах прыбылі ў Браслаў, а таксама ўсіх вернікаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы і запрасіў да супольнай малітвы.

У сваёй гаміліі французскі біскуп Дамінік звярнуў увагу на тры асноўныя адносіны, якім Маці Божая вучыць нас на шляху да Свайго Сына: адкрытасці перад Ім, самаахвярнасці і адзінству.

У гэты ж дзень біскуп Алег Буткевіч аддаў у апеку ўсю Віцебскую дыяцэзію Маці Божай Валадарцы азёраў, прачытаўшы Акт прысвячэння.

Урачыстую Літургію ўпрыгожыў хор, удзельнікі якога прымалі ўдзел у Школе касцельнага спеву пад кіраўніцтвам арганістаў браслаўскай святыні Іны Сапун і мінскай архікатэдры Уладзіміра Неўдаха.

Пасля апостальскага бласлаўлення прысутных біскупаў словы віншавання з нагоды ўрачыстасці скіраваў старшыня аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцей абласнога выканаўчага камітэта Міхаіл Даніленка.

Больш фота тут>>

Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа

для друку для друку