Працы прызнаных мэтраў нязменна выклікаюць інтарэс у публікі і нярэдка расчароўваюць, бо ніхто не застрахаваны ад правалу. Сярод апошніх карцін старой гвардыі можна прыгадаць жорстка раскрытыкаваную стужку Фрэнсіса Форда Копалы «Мегалаполіс» і холадна прыняты фільм Рыдлі Скота «Гладыятар 2». Амаль незаўважанай на іх фоне аказалася стужка «Прысяжны нумар два» славутага акцёра і рэжысёра Клінта Іствуда, які і ў свае 94 гады здолеў зняць моцную судовую драму пра здзелку з сумленнем і хібы правасуддзя.
Джасцін Кэмп жыве звычайным жыццём. Ён піша рэпартажы для лайфстайл-часопісаў, а ў вольны час спяшаецца да сваёй цяжарнай жонкі Элісан, якая неўзабаве павінна нарадзіць. Аднак сямейную ідылію азмрочвае позва ў суд, дзе на Джасціна ўскладаюць абавязкі аднаго з прысяжных.
На першы погляд, справа простая. Падсудны, Джэймс Сайт, моцна пасварыўся са сваёй дзяўчынай у бары, а калі яна ўцякла, дагнаў яе, збіў і скінуў з моста. Пракурорка ўпэўнена вядзе справу да абвінаваўчага прысуду, тым больш, што перамога дасць ёй палітычныя балы на выбарах, а адвакат спрабуе паказаць, што ўсе доказы і паказанні сведкаў толькі ўскосныя.
Ужо на судзе, падчас разгляду справы, Джасцін раптам усведамляе, што быў на месцы забойства ў тую ноч. Ён ехаў на аўтамабілі. Было цёмна, ліў дождж – і ён на секунду страціў увагу і збіў, як ён думаў, аленя. Трупа нідзе не аказалася, і Джасцін вырашыў, што алень выжыў. Цяпер жа карціна той ночы пачынае вымалёўвацца перад ім у зусім новым, жахлівым святле, а перад Джасцінам паўстае яшчэ больш жахлівая дылема: прызнацца і тым самым назаўжды перакрэсліць сваё жыццё або змаўчаць і асудзіць невінаватага.
У сваёй завязцы «Прысяжны нумар два» нагадвае класічную карціну Сідні Люмета «12 раз’юшаных мужчын». Справа здаецца яснай, і прысяжныя хочуць як найхутчэй разысціся па дамах, але сумненне аднаго з іх прымушае астатніх зірнуць на справу больш уважліва.
Аднак Іствуд пераасэнсоўвае сюжэт класічнай стужкі. Яго прысяжны не проста выказвае сумненне: ён дакладна ведае, што падсудны невінаваты. Ведае ён і тое, што, заступаючыся за гэтага чалавека, ён рызыкуе сам апынуцца ў вязніцы. Дзеля гэтага сюжэтнага ходу рэжысёр змяшчае фокус гісторыі. Калі ў фільме 1957 года ўвага гледача пераходзіла ад аднаго персанажа да другога, і яны ярка раскрываліся пад цяжарам свайго сумнення, то карціна Іствуда пакідае іншых прысяжных амаль не раскрытымі і канцэнтруецца на пакутах аднаго чалавека. Выканаўца ролі Джасціна – Нікалас Холт – паказвае свайго героя чалавекам стрыманым, спакойным, з дзяжурнай усмешкай на твары, але чым далей заходзіць справа, тым выразней у яго міміцы і вачах адлюстроўваюцца жах і адчай. Праўдзівая акцёрская ігра і невырашальнасць самой сітуацыі прымушаюць гледача суперажываць герою і прымяраць на сябе яго дылему.
Кіно ўздымае і больш агульныя, філасофскія пытанні: ці заўсёды закон і правасуддзе маюць рацыю, ці заўсёды праўда справядлівая, ці можа быць так, што хлусня – часам найлепшае выйсце? Гэтым пытаннем задаецца зламаны галоўны герой, гэтым пытаннем пачынае задавацца і цынічная пракурорка, а шалі Феміды перад будынкам суда гайдаюцца на ветры.
Стах Лысы
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!