Кожны, хто ў старэйшых класах школы вывучаў гісторыю Беларусі, ведае пра знакамітую князёўну Рагнеду. Пра тое, як сталася яна князёўнай Гарыславай, а потым – манахіняй Анастасіяй.
Аднойчы Канстанціну Тарасаву – прызнанаму майстру гістарычнай беларускай прозы – прыйшла думка, што імя – гэта цэлае жыццё. Так распачалася праца над аповесцю “Тры жыцці князёўны Рагнеды”.
Твор пабачыў свет у 1986 годзе. Цікава, што спачатку аповесць была напісаная на рускай мове, а праз адзінаццаць гадоў перакладзеная аўтарам на беларускую.
Стварэнне кнігі распачалося з глыбокага даследавання гісторыі Полаччыны. Аснову сюжэту аўтар узяў з “Аповесці мінулых гадоў” і Лаўрэнцеўскага летапісу, дзе найбольш падрабязна апісаны лёс князёўны Рагнеды і яе замах на жыццё князя Уладзіміра.
Але асноўная мэта стварэння твора была не ў простай перадачы гістарычных падзей. Канстанцін Тарасаў імкнуўся адлюстраваць душу князёўны Рагнеды, раскрыць яе характар і вывесці постаць легендарнай жанчыны за межы сухіх радкоў гісторыі. Праз мастацкія прыёмы ён імкнецца зразумець сам і перадаць чытачу матывы ўчынкаў князёўны, яе пакуты і яе трансфармацыю.
“Першае жыццё” – бестурботнае шчаслівае дзяцінства і юнацтва Рагнеды ў Полацку, побач з бацькамі і братамі. Адзіная і самая дарагая дачка князя Рагвалода, маладая князёўна, якая ведае, што такое гонар, годнасць і любоў да роднай зямлі. Хто разбурае гэтае жыццё? Чаму ў сэрцы дзяўчыны нараджаецца нянавісць і жаданне помсты?
“Другое жыццё” – кіеўская князёўна Гарыслава. Што сімвалізуе гэтае імя? Як праз боль і пакуты жанчына і маці захоўвае сваю годнасць і ўнутраную сілу? Прага помсты будуе ці ўсё ж разбурае яе сэрца?
“Трэцяе жыццё” – манахіня Анастасія. Як язычніца з Полацка стала хрысціянскай манахіняй? Ці знайшла тая, каго ахрысцілі “агнём і мячом”, сапраўднага Бога і веру?
На працягу ўсяго твора Рагнеда паўстае прад чытачом не простай ахвярай абставін, а моцнай і непакорнай асобай, якая, нягледзячы на цяжкія жыццёвыя акалічнасці, здолела захаваць незалежнасць і самапавагу.
У аповесці ўздымаюцца вельмі важныя маральныя пытанні. Кім быў князь Уладзімір? Паспяховым палітыкам, які аб’яднаў землі і хрысціў Русь, або тыранам, які знішчыў Полацк, забіў сям’ю Рагнеды і гвалтам узяў Рагнеду за жонку? Ці могуць вялікія палітычныя справы зраўняцца з пакутамі і болем канкрэтных людзей?
Не менш вострае пытанне: ці можа быць апраўданы замах Рагнеды на Уладзіміра? Князёўна гадамі трымае ў сабе нянавісць да забойцы свайго роду. Але ці мае права чалавек на самасуд? Як доўга можна жыць з атрутай помсты ў сэрцы?
Трэцяе вострае пытанне: каму павінна застацца верная князёўна Рагнеда: мужу і бацьку сваіх дзяцей ці знішчанай Радзіме?
Такім чынам, у невялікай аповесці Канстанцін Тарасаў спалучыў гістарычныя падзеі з псіхалагічным аналізам, а рэалізм мінулага з праблемамі сучаснасці.
Вікторыя Філіпенка
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!