Кніга “Кветкі для Элджэрона”

Дэніал Кіз – амерыканскі пісьменнік і філолаг ХХ стагоддзя. Аўтар дзесяці раманаў і некалькіх дзясяткаў апавяданняў. Асноўны яго жанр – спалучэнне навуковай фантастыкі, псіхалагічнага рамана і дакументальнай прозы. На творчасць аўтара моцна паўплывала рознабаковая адукацыя ў галіне псіхалогіі, медыцыны і філалогіі. Таму працы Кіза заўсёды засяроджаныя на глыбінях чалавечага розуму і аналізе асобы.

Пісьменнік некалькі разоў станавіўся лаўрэатам высокіх прэстыжных літаратурных прэмій “Х’юга” і “Неб’юла”.

Менавіта раман “Кветкі для Элджэрона” («Flowers for Algernon») ў розныя гады перамагаў у намінацыях “Найлепшая кароткая навукова-фантастычная проза” і “Найлепшы раман года”. Кніга распавядае пра Чарлі Горадана – мужчыну з разумовай адсталасцю. Ён пагаджаецца на эксперыментальную аперацыю, якая дазволіць павысіць узровень інтэлекту. Першай істотай, якой правялі такую ж маніпуляцыю, стала мышаня Элджэрон.

Чарлі марыць стаць разумным, каб быць як усе, авалодаць рознымі ведамі і знайсці сяброў.

Цікавы момант, што працэс напісання рамана ахоплівае 14 гадоў жыцця Дэніэла Кіза. Імпульсам для стварэння гісторыі стаў канфлікт Дэніэла Кіза з бацькамі. Яны вельмі хацелі, каб сын стаў урачом, але хлопец марыў пра пісьменніцкую кар’еру. Канфлікт стварыў вялікую прорву сварак і непаразуменняў у адносінах сям’і. Менавіта тады Даніэл упершыню задумаўся: “А што, калі б чалавечы інтэлект можна было павялічыць штучна?”.

Падчас вучобы ва ўніверсітэце Кіз неаднойчы працаваў з жывёламі, на якіх праводзіліся даследаванні. Так з’явіўся вобраз белага мышаняці Элджэрона. Аказаў уплыў на раман і яго вопыт працы настаўнікам англійскай мовы для дарослых з разумовай адсталасцю.

Дарэчы, у 1968 годзе свет пабачыла амерыканская кінастужка “Чарлі”. Яшчэ некалькі экранізацый рамана зрабілі ў розныя гады кінакампаніі ЗША, Францыі, Японіі.

Гэтая кніга не натхняе чытача на подзвігі, і не апавядае пра цудоўных прыгожых і смелых герояў. Чытач убачыць свет вачыма чалавека, якога ніхто ніколі не разумеў і не хацеў разумець.

На першым плане Чарлі Гордан – мужчына, які спачатку быў адсталы разумова. Дзякуючы эксперыменту яго IQ пачынае імкліва расці. Здавалася б, гэта шлях да шчасця, але шчаслівым ён так і не стаў. Чаму? Бо з ростам інтэлекту расце і разуменне, наколькі жорсткі гэты свет.

На працягу рамана Чарлі ўсё больш і больш пазнае сябе, адкрывае балючыя ўспаміны дзяцінства, юнацтва і робіць важны вывад: чалавек – гэта асоба, не залежна ад узроўню інтэлекту. І разумова адсталы, і геній мужчына застаўся адзінокім. Прааналізаваўшы адносіны да яго іншых персанажаў кнігі, становіцца зразумела: па-сапраўднаму нікога не цікавіла, ХТО такі Чарлі Гордан.

Тут паяўляецца і другая праблемная лінія кнігі. Калі ты хочаш знайсці сваё месца ў грамадстве, то будзь такім, як усе. І калі чалавек адрозніваецца ад большасці людзей у лепшы ці ў горшы бок, ён становіцца адрынутым.

А ці здольны я прыняць чалавека такім, які ён ёсць? Наколькі добра я разумею сябе і ці хачу быць сабой?

Вікторыя Філіпенка

для друку для друку