Цікавыя выпадкі на занятках рэлігіі. Расказваюць катэхеты

Урокі рэлігіі часта бываюць вельмі захапляльнымі і запамінальнымі. Напярэдадні новага навучальнага года катэхеты падзяліліся з “Каталіцкім Веснікам” некаторымі цікавымі і вясёлымі гісторыямі са сваёй выкладчыцкай практыкі.

 

 

 

Сястра Наталля Дрэма, палатынка:

– На сённяшні дзень я служу ў Воранаве. Катэхізую ўжо дзесяць гадоў. Раскажу некалькі гісторый з таго часу, калі я яшчэ працавала ў іншай парафіі. На адной з катэхез падыходзіць да мяне дзяўчынка, тады мы гаварылі пра сям’ю, і кажа: “Вось, сястра, Вам так пашанцавала, у Вас такі круты муж”. Я стаю і думаю, што будзе далей, а яна працягвае: “Чаму ён толькі ягня, не магу зразумець…” Я разгубілася і гавару: “Так, муж Баранак Божы”.

Вось яшчэ адно папулярнае пытанне ад дзяцей: “Цёця, а ты свой капялюш часта здымаеш?” А потым гучыць прапанова: “Давай паглядзім, што там, я нікому не скажу”.

Аліна Міхалевіч, выкладае ў Гудагаі, Солах і Барунах:

– Гэта гісторыя для мяне стала не толькі камічнай, але і ў пэўным сэнсе павучальнай. Больш чым дваццаць гадоў таму, працуючы тады ў Солах, я тлумачыла дзецям таямніцу Святой Тройцы. Адзін хлопчык вельмі хацеў зразумець яе. Усе ішлі дамоў, а ён заставаўся і некалькі катэхез запар задаваў мне пытанні пра Бога, Езуса, пра Святога Духа. Аднойчы ён прыйшоў на заняткі з радаснымі вачыма і кажа: “Я зразумеў таямніцу Святой Тройцы. Святая Тройца – гэта так, як у казцы “Змей Гарыныч”: адно цела і тры галавы”. Канешне, тады ўся група пасмяялася з яго. Я ж усвядоміла, наколькі важна было для дзіцяці зразумець гэту таямніцу.

Пазней я сустрэлася з гэтым ужо дарослым мужчынам у Гудагаі, калі рыхтавала яго да шлюбу. Я не адразу яго пазнала, ён жа пазнаў мяне і кажа: “Я памятаю той момант, калі на занятках задаваў Вам столькі пытанняў адносна Святой Тройцы. Але і сёння я да канца не разумею гэтай таямніцы і схіляюся перад ёй”.

Iрына Лiсiчкiна, вяла заняткі ў парафіі св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ ў Мінску, зараз у дэкрэтным адпачынку:

– Прыгадваю некалькі цікавых выпадкаў. Аднойчы была катэхеза пра Імшу. Я распавядала дзецям, што святая Імша пачынаецца знакам крыжа. Адна дзяўчынка глядзіць на мяне і кажа: “Не-е-е, Вы пераблыталі, Імша пачынаецца з песні!” J

Таксама была гісторыя з хрысціянскім прывітаннем. Доўгі час я засяроджвала ўвагу дзетак, што ў касцёле мы не кажам адно аднаму “здрасце”, а толькі “Хвала Хрысту”. І адзін хлопчык ніяк не мог запомніць. Шмат разоў паўтарылі: “Хвала Хрысту – Хвала на векі”, але ў яго ніяк не атрымлівалася. І вось праз пару дзён пасля катэхезы сустракаю яго ў касцёле, а ён мне кажа: “Здрасце… Не, не “здрасце”… Як гэта? А-а-а, Слава Богу!” Паўсміхаліся з ім. Лепш Слава Богу, чым ніяк або “здрасце”.

Сястра Дар’я Еўтухоўская, салезіянка. Цяпер служыць у Бараўлянах:

– Катехезу вяду прыкладна дзесяць гадоў. Раскажу дзве цікавыя гісторыі. Першая здарылася на аплатковай сустрэчы з дзецьмі. Адзін хлопчык, ламаючы аплатак, з сур’ёзным выглядам сказаў: “Віншую Вас са святам Божага Нараджэння і жадаю, каб вас ніколі не звольнілі”. J

Другая гісторыя наступная. Рыхтавалі аднойчы з дзецьмі невялічкае выступленне на катэхезе. Напачатку я расказала пра Звеставанне. Потым была магчымасць разыграць сцэнку. Дзеці былі ў ролі Анёла і Марыі. Неабходна было выбраць правільныя словы і перадаць гісторыю. Спачатку ўсё ішло па сцэнарыі. А далей здарылася наступнае..

Анёл: “Ты будзеш мамай Сына Божага?”
Марыя: “Не, не буду”.
Анёл: “Будзеш, будзеш. Да пабачэння”. І выйшаў.

Наталля Лаўрэнка, дырэктар Нядзельнай школы пры касцёле св. Сымона і св. Алены, Мінск:

– Гэта адбылося каля дваццаці гадоў таму. Набліжаўся Чысты чацвер, таму з дзеткамі першага года падрыхтоўкі да Першай Святой Камуніі мы ўспаміналі падзеі таго вялікага дня для ўсіх хрысціян.

“Таму, дзеткі, перад тым, як распачаць Апошнюю Вячэру, Езус памыў сваім вучням-апосталам ногі, – гавару я і задаю пытанне: – А каму са сваіх блізкіх вы б змаглі памыць ногі?”

Дзеці адразу пачынаюць цягнуць рукі і сыплюць адказамі: “Я магу памыць ногі маме!”, “А я – тату”, “А я – бабулі…”

“А я – нікому”, – сур’ёзна адказвае рудавалосы Стасік, падняўшыся са свайго месца.

“Добра, дзеткі, дзякую вам за адказы”, – падагульняю я і кажу, што праз мыццё ног Езус праявіў сваю любоў да апосталаў, а таксама ачысціў іх ад грахоў…

Прайшоў год. Ізноў набліжаецца Вялікі чацвер. Ідзе катэхеза з тымі ж дзецьмі, але на іншую тэму, таму я толькі нагадваю, што хутка Чысты чацвер. І раптам бачу адну паднятую руку. Гэта Стасік: “Наталля Уладзіміраўна, я зараз ведаю, каму магу памыць ногі. У мяне нарадзілася маленькая сястрычка, я ёй цяпер ногі мыць магу!!!”

Гутарыла Ірына Радзевіч

для друку для друку