Каб сапраўды зразумець, ці сумяшчальныя гэтыя дзве паставы, трэба зразумець, што ж такое пакора.
Пакора – гэта супрацьпастаўленне пыхі. Гэтая цнота сёння практычна забытая, нязнаная і часта прадстаўляецца ў карыкатурах; таму і не заўсёды любімая. Існуе меркаванне, што гэта комплекс непаўнавартасці. Але мы ведаем, што комплекс непаўнавартасці – гэта праява пыхі, а не пакоры, але ж сёння людзі часта мяркуюць, што пакорны – гэта той, хто дазваляе насміхацца над сабой, не абараняецца, але рэалізоўвае евангельскі ідэал: “Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую”, што гэта той, каго можна прынізіць, а ён гэтае прыніжэнне прыме. Гэта карыкатура пакоры.
Пакора таксама часта разумецца як прызнанне сваёй грэшнасці. І тут трэба ўзгадаць, што Хрыстус ніколі не зграшыў і сказаў такія словы: “Вучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам”. Пакора не мае нічога агульнага з комплексам непаўнавартасці. Маці Найсвяцейшая – пакорная, бо прайшла праз усё жыццё без граху. У Евангеллі пакора не спалучана з грэшнасцю чалавека. Яна з’яўляецца вялікай каштоўнасцю, моцаю і прыгажосцю чалавека.
Існуюць два матывы імкнення да пакоры:
1) Наша залежнасць ад Бога. Мы Ім створаныя. Усё, што маем, усё ад Бога. Пакорны чалавек ведае сваё месца і якія ягоныя заданні ў гэтым створаным свеце. У гэтым значэнні пакора паўстае перад намі як вялікая адчувальнасць на кожнае дабро, якое паходзіць ад Бога, прысутнае ў кожным стварэнні. Мы – ікона самога Стварыцеля. У гэтым і праяўляецца наша веліч. Пакора – гэта адкрыццё маёй годнасці перад Богам. Я – Ягоны вобраз. Справа рук Ягоных. Таму пакора паводле Евангелля не выключае гонару. Бацькі могуць ганарыцца поспехамі сваіх дзяцей. Пакора можа быць ганарлівай, але не ганарыстай! Чалавек пакорны ўмее радавацца дарам, якія атрымаў ад Бога. Пакора – гэта праўда і вялікае самапрыняцце.
2) Свядомасць сваіх грахоў. Мы бачым у сабе пашкоджаны вобраз Бога. Распазнаем свае слабасці ў бацькоўскіх; мы – спадчыннікі пакаленняў. Адкрываем свае грахі, праз якія пашкоджаны вобраз Бога, але дзякуючы Божай ласцы можам гэта выправіць. Бяда чалавеку, які распачынае сваё знаёмства з пакорай ад пералічвання сваіх грахоў і пошукаў сваіх слабасцяў. Такі чалавек ніколі не будзе пакорны, таму што не ўбачыць сябе ў праўдзе. Будзе круціцца вакол сябе, а не вакол Бога, якому трэба дзякаваць за атрыманыя дары. Пакору знаходзім толькі перад Богам, бачачы Ягоную дабрыню і любоў.
Якія плёны пакоры?
1) Радасць. Радасць з багацця, якое Бог змясціў у нашых сэрцах. Таму пакорны чалавек ідзе праз жыццё са шчаслівай усмешкай. Гэтую ўсмешку ніхто і ніколі не зможа знішчыць, яе нават не згасяць слабасці і грахі. Ён не ўразіцца ад пашкоджанага вобразу, бо ведае, што можна ліквідаваць пашкоджанне.
2) Адкрытасць на Бога. “Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку” (1П 5, 5). Пыха заўсёды закрывае людскія сэрцы.
3) Спакой. Чалавек пакорны заўсёды спакойны нават перад абліччам няўдач і ў хвіліны розных прыніжэнняў. На першых месцах, якія вызначылі сабе людзі, ніхто доўга не пасядзіць. Месца, якое вызначыў Бог, – надзейнае.
Як дасягнуць цноты пакоры?
Перадусім трэба адкрыць веліч дароў, якія атрымліваем ад Бога. Характарыстыку людзей трэба пачынаць ад таго, што ў іх ёсць добрае, а не дрэннае. У кантактах з людзьмі трэба дайсці да таго, каб цудоўны вобраз Бога, які ёсць у кожным чалавеку, стаўся больш зразумелым і прыгожым. Самы просты шлях да пакоры – гэта ўмець прасіць, дзякаваць і перапрашаць. Ганарысты чалавек не ўмее прасіць, не дзякуе і не ўмее перапрашаць. Бачачы такі падыход, адкрываем для сябе, што школай евангельскай пакоры з’яўляецца малітва. Чалавек, які ўмее прасіць Бога, які ўмее Яму дзякаваць і перапрасіць, – гэта пакорны чалавек. Таму вернасць малітве з’яўляецца знакам, што ў сэрцы яшчэ пыха не пануе.
Пакора з’яўляецца фундаментам культуры. Чалавека, які ўмее дзякаваць, прасіць, перапрашаць, усе чакаюць з радасцю. Нашае грамадскае жыццё нялёгкае таму, што знікла з яго пакора. Хто сёння просіць? Хто сёння ўмее дзякаваць? Хто сапраўды ад шчырага сэрца выбачаецца? Калі мы хочам бачыць, колькі пакоры ў нашым сэрцы, давайце адкажам сабе на пытанне: каго я апошнім часам аб чым-небудзь прасіў, каму і за што падзякаваў і перад кім выбачыўся ад шчырага сэрца?
Цяпер, калі мы пазнаёміліся з пакорай з хрысціянскага пункту гледжання, мы можам адказаць на пытанне: ці сумяшчальная пакора і абарона сваіх правоў? Канешне, сумяшчальная! Бо абарона правоў – гэта абарона годнасці кожнага чалавека, які створаны на Божае падабенства, а Бог – ціхі і пакорны сэрцам, крыніца любові, спакою, справядлівасці і міру.
Езу ціхі і пакорны сэрцам, учыні сэрцы нашыя да Твайго падобнымі!
З малітвай, а. Аляксандр Махнач SP
grodnensis.by