«Хвала Хрысту! Я хацеў бы задаць пытанне святару. Я працую ў іншай краіне ўжо каля двух месяцаў. Святую Імшу слухаю і малюся праз Радыё Марыя. Адкажыце, калі ласка, ці можна мне спавядацца ў святара праз Скайп ці іншыя сеткі? На жаль, я не ведаю мовы краіны, у якой цяпер працую».
На пытанне адказвае кс. Аляксей Ляшко, Афіцыял Біскупскага Суда Віцебскай дыяцэзіі.
– Для адказу на Ваша пытанне мы звернемся да Кодэкса Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла. Канон 959 пастанаўляе: “У сакраманце пакаяння вернікі, вызнаючы грахі законнаму служыцелю, шкадуюць аб іх і, маючы намер выправіцца праз адпушчэнне грахоў, дадзенага тым жа служыцелем, атрымліваюць ад Бога прабачэнне грахоў, учыненых пасля хрышчэння, і ў той жа час прыміраюцца з Касцёлам, якому яны сваімі грахамі нанеслі раны”. Пазней, у 964 каноне гаворыцца, што належным месцам для споведзі з’яўляецца касцёл ці араторый (капліца) і што не варта прымаць споведзі па-за канфесіяналам (спавядніцай) без наяўнасці справядлівай прычыны. Таксама Кодэкс устанаўлівае, што служыцелем сакраманту пакаяння з’яўляецца толькі святар.
Паводле сказанага вышэй можна пераканацца, што ў звычайных умовах сакрамант споведзі павінен адбывацца ў канфесіянале выключна ў асабістай прысутнасці святара, які мае паўнамоцтва слухаць споведзь, і пры асабістай прысутнасці пенітэнта (таго, хто спавядаецца).
Сярод умоваў дзейснасці сакрамантальнага адпушчэння грахоў ёсць і такая: каб яно было “in praesentem directa”, гэта значыць, дадзена ў непасрэднай прысутнасці пенітэнта. Касцёл навучае, што дзейснасць сакраманту складаецца з розных элементаў або знакаў. “Сакрамант – гэта бачны знак нябачнай ласкі, устаноўлены для нашага апраўдання” (св. Бернард). Калі, напрыклад, хтосьці адсутнічае, то сакрамантальная цэлебрацыя таксама не існуе. Словы святара “я адпускаю табе грахі” падкрэсліваюць фізічную прысутнасць асобы, якая ў гэтых грахах раскайваецца.
Ужо ў 1602 годзе Папа Клімент VIII асудзіў як ілжывую і неабдуманую прапанову, што падтрымлівала “законнасць сакрамантальнага вызнання грахоў лістом або праз пасярэдніка пры адсутным спаведніку і атрыманне адпушчэння ад таго ж адсутнага спаведніка”. 27 мая 2001 г. біскуп Патрык Фолі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, падкрэсліў, што сакрамант пакаяння заўсёды павінен цэлебравацца “падчас асабістай сустрэчы”, і што споведзь праз сродкі масавай камунікацыі не з’яўляецца сапраўднай.
Больш за тое, 20 сакавіка 2020 года, у самы цяжкі перыяд пандэміі каранавіруса, прэлат Кшыштаф Нікель, рэгент Апостальскай Пенітэнцыярыі, на пытанні «Ці можна ў існай надзвычайнай сітуацыі лічыць тэлефон або электронную пошту прыдатнымі інструментамі для споведзі? Ці можна ў некаторых выпадках спавядацца без прысутнасці святара, унутрана і непасрэдна перад Богам?”, адказаў: “Сакрамантальная споведзь не можа адбывацца па тэлефоне, электроннай пошце або з дапамогай іншых сродкаў з прычыны, звязанай з аховай сакрамантальнай таямніцы. І перш за ўсё неабходная фізічная прысутнасць пенітэнта”. Рэгент Апостальскай Пенітэнцыярыі растлумачыў: “З іншага боку, праз гэтыя сродкі масавай камунікацыі святар можа даць вернікам карысныя духоўныя парады, суцешыць або падтрымаць духоўна, але не даваць сакрамантальнага адпушчэння”.
Што тычыцца магчымасці “ўнутранай споведзі перад Богам”, без прысутнасці святара, то Касцёл навучае, што адзіным звычайным спосабам прымірэння вернікаў, якія ўсведамляюць цяжкі грэх, з Богам і з Касцёлам, з’яўляецца індывідуальная і поўная споведзь з індывідуальным адпушчэннем грахоў [удзеленым святаром] (Reconciliatio et paenitentia, 33).
Што датычыць другой часткі Вашага пытання, то Кодэкс Кананічнага Права ў 2 параграфе 983 канона ў выпадку, калі пенітэнт знаходзіцца за мяжой і не ведае мовы той краіны, дзе ён знаходзіцца, дазваляе паспавядацца праз асобу перакладчыка: “Захоўваць таямніцу [споведзі] павінен таксама і перакладчык, калі такі прымаў удзел, і ўсе іншыя асобы, якія тым ці іншым чынам даведаліся аб грахах са споведзі”.
для друку