Ці моліцца Касцёл аб пакаранні для грэшнікаў?

«Хвала Хрысту! Чаму Касцёл цяпер моліцца аб “справядлівым Божым пакаранні” для тых, хто распачаў вайну, або для ворагаў Касцёла? На працягу гісторыі Касцёла было гэтулькі мучанікаў, усе яны маліліся аб прабачэнні для сваіх катаў, аб іх навяртанні. Наш Пан Езус Хрыстус моліцца на крыжы аб прабачэнні для тых, хто Яго прыбівае. У Новым Запавеце я не сустракала малітвы аб пакаранні. Чаму ў нашым касцёле пробашч падчас Эўхарыстыі моліцца аб пакаранні? Мне гэта дзіўна чуць, нават непрыемна. Можа, я чагосьці не разумею?»

Сястра Ірына

На пытаннне адказвае кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі:

– Адказваючы на Вашае пытанне, прапаную пазнаёміцца з такім феноменам Бібліі, як наяўнасць у ёй т.зв. “псальмаў-праклёнаў” (ці “праклённыя” псальмы). Адразу хочацца нагадаць, што Касцёл прызнае Стары Запавет (дзе размешчаны дадзеныя псальмы) як інтэгральную частку Бібліі, а “Усякае Пісанне натхнёна Богам і карысна для навучання, для пераконвання, для настаўлення, для выхавання ў праведнасці” (2 Цім 3,16). Варта зазначыць, што сапраўды існуюць адрозненні паміж біблейскай “Кнігай псальмаў” і Псалтыром у Літургіі гадзінаў (тэкстам малітвы Касцёла). Прычына гэтаму – “псальмы-праклёны”. Гэта тыя псальмы або тыя іх фрагменты, у якіх аўтар скардзіцца на несправядлівасць, каторая напаткала яго, што патрабуе ад Бога жорсткай помсты за крыўды сваім ганіцелям. У брэвіярыі Псалтыр быў скарочаны, таму што Божы народ мог бы няправільна маліцца, праклінаючы бліжняга.

“Праклённыя” псальмы зніклі з афіцыйнай малітвы Касцёла толькі пасля Другога Ватыканскага Сабору, калі рэфармаваны брэвіярый з яго перакладам на нацыянальныя мовы стаў даступны для ўсіх вернікаў. Раней яго чыталі на лацінскай мове толькі святары і манахі, рэдка некаторыя адукаваныя свецкія людзі. І гэтыя чытачы як рэлігійна сфармаваныя людзі ведалі, як разумець канкрэтныя ўрыўкі псальмаў, нават складаных, на першы погляд. Пазней было вырашана, што Божы народ, молячыся Псалтыром на сваёй мове, можа не справіцца з “праклённымі” псальмамі і таму не павінен маліцца гэтымі словамі, бо яны чужыя сучаснаму менталітэту.

Каб не пакрыўдзіць вушы набожных вернікаў брутальнымі апісаннямі, з брэвіярыя выдалены ўвесь псальм 58, а таксама 83 і 109. У некаторых псальмах (што сумленна сказана ў іх загалоўках) пэўныя вершы таксама прапушчаныя, і таму, напрыклад, псальм 110 у Божым афіцыі заканчваецца словамі: “Пан праваруч Цябе. Ён у дзень гневу Свайго пакарае каралёў” (Пс 110,5). Але ў Бібліі ў гэтым псальме ёсць яшчэ два вершы: “… учыніць суд над народамі, напоўніць зямлю трупамі, раструшчыць галаву ў зямлі шырокай. З патока на дарозе будзе піць, і таму падыме галаву” (Пс 110, 6-7). Відавочна, Айцы Сабору прыйшлі да высновы, што не для ўсіх прымальным будзе тое, каб у малітве народа Божага былі такія моцныя словы. Зрэшты сучасны менталітэт таксама больш не разумее ні распяцця, ні значэнняў такіх слоў, як збаўленне, адкупленне або пасхальная таямніца. Таксама варта адзначыць, што, на жаль, неаднойчы гэтыя і падобныя ўрыўкі са Старога Запавету служылі апраўданнем зверстваў і згвалтаванняў. Магчыма, ёсць яшчэ шмат прыкладаў няправільнага выкарыстання гэтых тэкстаў, але ці гэта дастатковая падстава, каб адмаўляцца ад іх у малітве?

Прысутнасць гэтых “праклённых” псальмоў у Бібліі змушае да ўказання станоўчых бакоў такога кшталту боганатхнёных тэкстаў. Напачатку можна параўнаць іх з манетай. З аднаго боку, карціна жахлівая, але давайце паглядзім на гэта з іншага боку. Па-першае, у згаданых псальмах мы не молімся ад уласнага імя, але становімся голасам тых, хто не можа маліцца. Сёння ёсць людзі, якія адчуваюць тое ж самае, што апісваецца ў псальме. Іх знішчаюць іншыя, іх дзяцей забіваюць. Калі яны могуць толькі пакутаваць, мы становімся іх голасам. Справа ў тым, што ў свеце ніколі не будзе ўсё добра. Таму мы просім у Бога справядлівасці. Па-другое, мы звяртаемся з гэтай малітвай толькі да Бога. Тыя, каго мы праклінаем, не могуць пачуць нашай нянавісці. Гэта не ідэал Новага Запавету, але спосаб вырашэння праблемы, калі чалавека адольвае нянавісць. Як не ідэальна тое, калі знерваваны гаспадар ідзе ў хлеў і праклінае карову. Але гэта заўсёды лепш, чым выліваць увесь назбіраны негатыў на жонку ці дзяцей. Па-трэцяе, нават св. Тамаш Аквінскі дазваляе камусьці жадаць зла, каб атрымаць большае дабро. Гэта так, як мы часам кажам: ах, каб ты лепей зваліўся ў канаву, чым дабраўся да той жанчыны, з якой здраджваеш жонцы!

Пан Езус запаведаў нам любіць нават сваіх ворагаў, а ў псальмах, якія мы маем, сярод іншага ёсць такія “кветкі”: “Няхай яго сыны будуць сіротамі, а жонка хай будзе ўдавой. Няхай яго дзеці блукаюць і жабруюць і просяць хлеб сярод развалінаў сваіх! Няхай ліхвяр захопіць усю тваю маёмасць, і хай чужынцы нішчаць плён яго працы! Хай ніхто не выказвае яму дабрыні, няхай ніхто не пашкадуе дзяцей тваіх! Няхай прападзе ягонае патомства; хай загіне імя іхняе ў другім калене! Няхай Пан успомніць віну бацькоў тваіх, няхай не будзе ачышчаны грэх маці яго” (Пс 109,9-14). Наступная малітва, магчыма, з’яўляецца кульмінацыяй “праклённых” псальмаў: “Шчаслівы той, хто адплаціць табе за зло, якое ты ўчыніў мне! Шчаслівы той, хто схоплівае і разбівае дзяцей вашых аб скалу” (Пс 137,8).

Зусім інакш мы падыдзем да гэтых псальмаў, калі ўбачым, што можна іх прымяніць да жудаснага стану граху, які запаланіў чалавека (і мяне ў тым ліку), і што грэшнік павінен укрыжаваць гэты грэх у сабе, каб “апрануцца ў новага чалавека, створанага паводле Бога, у праведнасці і сапраўднай святасці” (Эф 4,24; гл. Рым. 6,3-14; Гал 6,8). Тады праклёны цудоўным чынам адпавядаюць духу Евангелля і прынцыпу ўсеагульнай любові. Атрымліваецца, што згодна з духам Бібліі нам дазволена, і нават да гэтага заахвочваецца чытач, каб “праклінаць” нашых пераследнікаў і ворагаў (як знешніх, так і ўнутраных), бо гэта малітва супраць зла. Нанесеная шкода – з Божай дапамогай – можа ў канчатковым выніку прынесці нам карысць. Такая малітва будзе супраць грахоў, але не супраць збаўлення.

Карціна Алесандра Алоры ці Джавані Марыя Бутэры “Кацярына дэ Рычы разбівае дзяцей Вавілона”. Карціна напісаная ў 1588-1590гг. і ўвасабляе ілюстрацыю да псальма 137. На алегарычнае разуменне карціны і псальма ўказвае адсутнасць на камені крыві. Малыя дзеці тут – гэта пажадлівыя і грахоўныя думкі і намеры, з якімі неабходна змагацца, пакуль яны не сталі зрэлымі і не пераўтварыліся ў грэшныя ўчынкі. Кацярына дэ Рычы – святая Каталіцкага Касцёла, вядомая сваім містычным вопытам і глыбокім рэлігійным жыццём. Жыла ў XVI ст. у Італіі.

У “праклённых” псальмах св. Аўгусцін знаходзіць яшчэ адзін аспект, нагадваючы, што неразумна чакаць, быццам Бог перастане быць справядлівым. Сапраўды, псальміст “прарочыць”, што чакае бязбожных, і гаворыць так, быццам жадае, каб так адбылося. Гэта пытанне датычыць будучыні, якая “пакаштуе” Божую справядлівасць.

У той жа час ніколі не бывае так, каб Бог адплачваў злом за зло: Бог карае не для таго, каб “задаволіцца” чужым няшчасцем, а таму, што любіць справядлівасць. Справядлівасць не ад чалавека, а ад Бога – гэта адказ дабром на зло.

У псальмах ёсць малітвы, згодна з якімі сам Бог хацеў бы змагацца з нашымі ворагамі: “Устань, Пане, супраць тых, што ваююць супраць мяне, нападзі на маіх непрыяцеляў! Вазьмі зброю і шчыт і выруш мне на дапамогу!” (Пс 35,1). Падобным чынам Пан Езус паўстаў супраць ганіцеля Касцёла – Саула (Дз 9,4), ператварыўшы яго ў апостала Паўла.

Айцы Касцёла разумелі складаныя псальмы ў метафарычным сэнсе. Яны бачылі ў ворагу дэманаў, злых духаў, сатану. Напрыклад, у Пс 137 Арыген бачыў Вавілон як апакаліптычную блудніцу або нячыстасць; дзеці Вавілона – нячыстыя думкі (учынкі – дарослыя). Скала – гэта Хрыстос. Так што малітва “Дачка Вавілона (…) Шчаслівы той, хто схоплівае і разбівае дзяцей вашых аб скалу” – гэта малітва, каб нячыстыя думкі былі забітыя сустрэчай з Хрыстом, тады яны не перарастуць у яшчэ больш згубныя ўчынкі. Жаданне зла захопніку матывавана рэлігійна: вавіланяне разбурылі храм, скралі Каўчэг Запавету і зняволілі вязняў у паганскім горадзе. А перашкода праслаўляць Бога і складаць Яму культ – гэта, бясспрэчна, зло. Падобна св. Аўгусцін заклікае накладваць праклёны не на грэшніка, які заўсёды мае шанец навярнуцца, а на дэманаў, каторыя працягваюць нападаць на хрысціян, адрываючы іх ад Божага культу. “Праклённыя” псальмы тады выконваюць абарончую функцыю. Гэтая малітва абараняе ад знішчэння іншымі.

Калі мы спрабуем абагульніць вучэнне пра Бога ў любым урыўку Бібліі, мы амаль заўсёды знаходзім у ім іншы фрагмент, які, здаецца, супярэчыць яму. Калі мы скажам, што Бог з’яўляецца абаронцам Ізраіля, гэта будзе праўдай. Але мы знойдзем тэксты, у якіх Ён забірае ў абранага народа перамогу. Мы кажам, што Бог міласэрны, але таксама справядлівы. Мы кажам, што Ён не спакушае чалавека, але выпрабоўвае Ёва. Біблія ўвесь час паказвае, што рэальнасць значна багацейшая і больш разнастайная, чым мы думаем.

Вельмі добра, што ў Бібліі (і ў нашым жыцці) ёсць складаныя месцы, таму што дзякуючы гэтаму мы не можам чытаць яе бяздумна. Гэтыя тэксты задаюць сур’ёзныя пытанні пра маё жыццё, маю смерць, мой лёс. Калі б Біблія была лёгкай кнігай, то, наадварот, яна не была б такім важным творам для чалавецтва. У гэтай кнізе яшчэ ёсць што сказаць тым, хто не верыць.

“Праклённыя” псальмы – гэта малітва чалавека, які пакідае Богу помсту, бо сам не жадае чыніць справядлівасці. Ён просіць Найвышэйшага пакараць бязбожнікаў, тым самым прызнаючы ўласную трагедыю – прыгнечанасць і досвед несправядлівасці.

У псальмах праклятымі называюцца язычнікі і іх ідалы, якія ў габрэйскай Бібліі (Пс 96,5) уяўляюць сабой “ілюзіі” (гбр. hewel), але ў грэцкім перакладзе (Сэптуагінта) становяцца дэманамі (грэч. daimonia).

Таксама Псалтыр з’яўляецца выдатнай школай перажывання чалавечай эмацыйнасці такім чынам, што ўсё ўнутранае жыццё – у тым ліку прага помсты – аддаецца Богу ў малітве. У якасці прыкладу можна ўзяць прыгожы Псальм 109. Мы чытаем: “Яны адплацілі мне злом за дабро і нянавісцю за маю любоў. Няхай яго дні не будуць шматлікімі, а яго пасаду няхай займае нехта іншы! Няхай яго сыны будуць сіротамі, а жонка хай будзе ўдавой! (Пс 109,5.9). Аднак чацвёрты верш гэтага псальма вельмі вымоўны: “Яны абвінавацілі мяне ў абмен на маю любоў; а я маліўся (Пс 109,4). У дадзеным кантэксце малітва – гэта не толькі мае добрыя і пабожныя думкі або добрае стаўленне да бліжняга, але і мае адданыя Богу пачуцці, у тым ліку гнеў і нават нянавісць. Хрысціянскі ідэал пастаяннай малітвы, з якой нарадзілася літургія гадзінаў, заключаецца не ў тым, каб прамаўляць словы малітвы бесперапынна, але ў тым, каб самому “быць” цэласнай малітвай, каб усё, што належыць мне, – пазітыўнае, і адмоўнае – было на славу Божую.

Той, хто кажа, што не мае пачуццяў, пра якія гаворыць Псалтыр, альбо няшчыры, альбо закрыты і застаецца сам-насам са сваімі ўласнымі эмоцыямі. Здаровы чалавек, безумоўна, адчувае іх, і яму было б добра ведаць, як з імі змагацца. Калі я не магу з чымсьці справіцца, я іду да Бога. Чаму б мне не пайсці да Яго з такімі эмоцыямі? Таму што яны бязбожныя? Таму што яны памыляюцца? Лепш сказаць Богу, што мы жадаем нашым ворагам, чым сказаць нашым суседзям і сябрам, і гэтыя “жаданні” рэалізаваць. Вакол нас ёсць “пабожныя” хрысціяне, якія спяваюць, прыгожа складаюць рукі ў касцёле, а потым прыходзяць дадому і ладзяць “бойкі” са сваёй сям’ёй.

Парадаксальна, але цемра, якую кожны з нас у нейкім сэнсе мае ўнутры сябе, – гэта бласлаўленне для нас. Дзякуючы ёй мы можам дасягнуць святасці. У Другім Пасланні да Карынцянаў Павел прызнае слабасць, якая заахвоціла яго дзейнічаць, змяняцца. Такім чынам ён паказвае, што Божая ласка зусім не прыкаваная да маральнай дасканаласці. “Бо моц дасканаліцца ў слабасці” (2 Кар 12,9). Крохкасць чалавека змяшчае вялікую духоўную энергію і магутную сілу, якую называюць пакорай. Яна валодае патэнцыялам пераўтвараць мяне і тое, што вакол мяне, і гэтая сіла таксама заснавана на прызнанні цёмнага боку маёй прыроды. Гэтаму вельмі эфектыўна вучаць “псальмы-праклёны”. Молячыся такімі словамі, я прызнаю сваю слабасць, напрыклад у непанаванні над пачуццямі, з каторымі не магу справіцца. “Праклённыя” псальмы абараняюць нашу нармальнасць. Яны таксама абараняюць праўду, што чалавек сапраўды можа звярнуцца да Бога з чым заўгодна. Псалтыр у гэтых цяжкіх урыўках, ненавісных, поўных гневу, злосці, крыўды, прапануе мудры вобраз хрысціяніна – непахіснага і пакорлівага адначасова. Так што маліцца з праклённымі псальмамі не толькі можна, але нават трэба. Гэта частка маёй чалавечнасці, якая патрабуе голасу.

Паспрабуем падвесці вынікі. “Праклённыя” псальмы – гэта, у першую чаргу, малітва супраць граху, супраць усяго, што не падабаецца ўва мне і ў іншых Богу. Па-другое, нам дазволена маліцца супраць грахоў нашых бліжніх, пакуль мы памятаем, што нам не дазволена ўзурпаваць Божую справядлівасць. Па-трэцяе, гэтыя праклёны прарочаць аб канчатковым няшчасці ненавернутага грэшніка. Таму, калі мы молімся такім прароцтвам, добра развіваць у сабе страх перад уласным зацвярдзелым сэрцам і жаданне ўнесці свой уклад у навяртанне нашых бліжніх.

Літаратура

  1. C. S. Gerstenberger, “Enemies and Evildoers in the Psalms. A Challenge to Christian Preaching”, Horizons in Biblical Theology 4/5 (1982-83), p. 61-68.
  2. R. Althann, “The Psalms of Vengeance against Their Ancient Near Eastern Background”, Journal of Northwest Semitic Languages 18 (1992), 1–11.
  3. E. Zenger, A God of Vengeance? Understanding the Psalms of Divine Wrath, Louisville 1996, p. 55-61.
  4. G. A. Rendsburg and S. L. Rendsburg, “Physiological and Philological Notes to Psalm 137”, Jewish Quarterly Review 83 (1993), p. 385–399.
  5. С. Архипов, Зачем христианам “псалмы проклятия”? (Зачем христианам «псалмы проклятия»? – Православный журнал «Фома» (foma.ru)).
для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі