Ці кожная ўлада ад Бога?

«Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, як Каталіцкі Касцёл ставіцца да выказвання, што кожная ўлада ад Бога?»

Ірына

На пытанне адказвае кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі:

Адказ на гэтае пытанне распачнём з дэтальнага аналізу ўсяго (Рым 13,1), дзе змешчаны наступны сказ: Кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам. Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам.

Распачынаецца гэты верш наступным грэцкім выразам: πᾶσα ψυχὴ ἐξουσίαις ὑπερεχούσαις ὑποτασσέσθω (pasa psychē exousiais hyperechousais hypotassesthō) “кожны чалавек няхай падпарадкоўваецца вышэйшым уладам”. У параўнанні з папярэднімі вершамі, а гэта (Рым 12,9-21, між іншым, там гучаць такія словы: “калі вораг твой галодны, накармі Яго; калі прагне, напаі яго, бо, так робячы, збярэш яму на галаву гарачае вуголле. Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром” (Рым 12,20-21)) у новым 13 раздзеле “Паслання да рымлянаў” можна адзначыць рэзкасць пераходу да новай тэмы. Гэты бачна па адсутнасці злучальных або далучальных злучнікаў і пераходам да трэцяй асобы. Аднак структура раздзелаў 12–15 сведчыць пра тое, што заклік у загаднай форме, дадзены тут Апосталам, знаходзіцца ў цэнтры заклапочанасці Паўла. Цяпер прыгледзімся да гэтай структуры. Тэкст, змешчаны ў гэтых трох раздзелах, можна назваць агульна “Уздзеянне Евангелля на станаўленне і самавызначэнне Божага чалавека ва ўсіх акалічнасцях штодзённасці (Рым 12,1–15,13)”. Атрымліваем наступную структуру: 1) аснова адказнага жыцця – літургія хрысціян (Рым 12,1–2); 2) Цела Хрыста як сацыяльны кантэкст веры (Рым 12,3–8); 3) любоў як норма сацыяльных адносін (Рым 12,9–21); 4) жыццё адказных грамадзян (Рым 13,1–7); 5) любоў да бліжняга як выкананне закона (Рым 13,8–10); 6) блізкасць завяршэння бачнай рэальнасці як штуршок да штодзённага чування (Рым 13,11–14); 7) асаблівая праблема прадпісанняў адносна ежы і святых дзён (Рым 14,1–15,6); 8) выклік “слабым” (Рым 14,1–12); 9) адказнасць “моцных” (Рым 14,13–23); 10) Хрыстос як узор (Рым 15,1–6); 11) заключнае рэзюмэ: Божая міласэрнасць і вернасць (Рым 15,7–13).

Цяпер мы можам убачыць, што памкненне Паўла заняцца тэмай улады (ў Рым 13,1-7) хоць і ўпісваецца лагічна ва ўсю канцэпцыю “Уздзеяння Евангелля”, але, робячы гэта раптоўна і некалькі “непаліткарэктна”, ужо гэтым фактам хоча звярнуць асаблівую ўвагу чытача.

Св. Павел распачынае сваё навучанне з выразу πᾶσα ψυχή (pasa psychē), семіцкі כָּל־נֶפֶשׁ (kol nepeš), даслоўна – “кожная душа”, а душа ўспрымалася як цэнтр зямнога жыцця. Дзяржавы і валадарствы з’яўляюцца часткай сацыяльнай цялеснасці чалавецтва, таму да таго часу, пакуль вернікі праводзяць зямное жыццё, яны маюць абавязак жыць згодна з палітычным фармаваннем, якое для свайго дабра стварылі. Аднак той жа абавязак, згодна з Паўлам, датычыць жыцця жыццём Духа нават яшчэ ў смяротным целе (пар. Рым 7,24–8,10).

Паглядзім таксама на слова ἐξουσία (exousia), якое выкарыстоўваецца ў нашым вершы аж тры разы (дакладней, два, а трэці раз у форме займенніка). У самым першасным значэнні гэта “афіцыйная ўлада” або “палітычная ўлада” (пар. Лк 7,8; 19,17; 20,20). Пашыраным значэннем з’яўляецца ўжыванне названага паняцця для характарыстыкі таксама і носьбітаў такой улады, кшталту “дзяржаўныя чыноўнікі” (пар. Лк 12,11). У дадзеным выпадку пры першым ужыванні слова выкарыстана пашыранае значэнне. Гэта пацвярджаецца спадарожным прыметнікам οἱ ὑπερέχοντες (hoi hyperechontes) – “уладныя”, “вышэйшыя”. Гэта натуральнае суаднясенне ἐξουσία і ὑπερέχω, незалежна ад таго, пра які аўтарытэт ідзе гаворка, часта сустракаецца на старонках “Новага Запавету” (Эф 5,22; Клс 3,18; Ціт 2,5; 1 П 3,1.5 – калі ідзе мова пра патрыярхальнае грамадства; Лк 2,51 – пра бацькоў; Ціт 2,9; 1 П 2,18 – пра гаспадароў; Ціт 3,1; 1 П 2,13 – свецкія ўлады; 1 Кар 16,16 – мае на ўвазе харызматычную (чытай “касцельную”) уладу; 1 П 5,5 – заклік да павагі да ўзросту). Улічваючы пададзеныя тэксты, мы можам прыйсці да высновы, што такая парада дысцыплінаванага прыняцця рэалій сацыяльнага грамадства з яго кіраўнікамі, уладай і таго, што гэта цягне за сабой адказнасць, была часткай раннехрысціянскай пропаведзі.

Такім чынам, у выкарыстанні слова exousia няма нічога, што пацвярджала б меркаванне адносна ўжывання тут аднясення да анёльскіх сілаў, якія стаяць і дзейнічаюць праз палітычныя ўлады. Безумоўна, тут таксама не намякаецца на апафеоз дзяржавы: яна не боская, а задуманая Богам па прычыне цялеснасці людской істоты.

Чарговым ключавым словам з’яўляецца ὑποτάσσω (hypotassō) (ὑπό – “пад”; τάσσω – “месца”, “парадак”), што мае выразнае значэнне “падпарадкоўваць”, а ў пасіўнай форме (якая ўжыта ў нашым тэксце + загадны лад) – “быць падпарадкаваным”. Аднак да гэтага загаду дадаюцца кваліфікацыі. Для ὑποτάσσω (hypotassō) такой кваліфікацыяй будзе “устаноўлена Богам”.

Каб зразумець гэтае “ўстаноўлена Богам”, варта прыгледзецца да другой паловы (Рым 13,1) – οὐ γὰρ ἔστιν ἐξουσία εἰ μὴ ὑπὸ θεοῦ, αἱ δὲ οὖσαι ὑπὸ θεοῦ τεταγμέναι εἰσίν (ou gar estin exousia ei mē hypo theou, hai de ousai hypo theoou tetagmenai eisin) “Бо няма ўлады, якая не была б ад Бога. Існуючая ўлада ўстаноўлена Богам.” Тут Павел звяртаецца да рэсурсаў габрэйскай мудрасці (Прып 8,15-16 – “Мною каралі валадараць, і кіраўнікі ўстанаўліваюць справядлівае; мною князі кіруюць, і вяльможы валадараць зямлёй”; аналагічна Сір 10,4; 17,17. Гэта быў тэалагумен (выпрацаванае навучанне), які меў вагу ў дні суверэнітэту Ізраіля (2 Сам 12,8) і за які трымаліся габрэі ў страшныя дні пагрозы і прыгнёту з боку звышдзяржаў (Іс 41,2-4; 45,1-7; Ер 21,7.10; 27,5-6), а таксама ў апакаліптычным кантэксце (Дан 2,21.37-38; 4,17.25.32; 5,21)

Значэнне ὑπὸ θεοῦ τεταγμέναι (hypo theoou tetagmenai) “устаноўлена Богам” варта разумець, па-першае, з улікам межаў магчымасцяў зямнога парадку (пар. Мц 8,9; Дз 15,2; 22,10), а па-другое, з адпаведным патрабаванню падпарадкаваннем (не абсалютным, як не абсалютная зямная ўлада). Адсюль вынікам дзейнасці тых, хто злоўжывае сваёй уладай, дадзенай Богам, або заклікае да большай падпарадкаванасці, чым загадаў Бог, будзе Божы суд, выразна прадпісаны ў тэкстах “Старога Запавету” адносна разумення ўлады (асабліва ў Мдр 6,4-5; Дан 4,13-17.23-25; 5,20-21). Далейшай высновай будзе тое, што ступень падпарадкавання вызначаецца тымі ж Богам устаноўленымі межамі, якімі ў першую чаргу можна назваць людскую абмежаванасць.

Падсумоўваючы, звернем яшчэ раз увагу на ключ у разуменні дадзенай праблематыкі. Па-першае, Апостал Павел прагнуў звярнуць на гэтае навучанне асаблівую ўвагу, што мы ўбачылі ў стылістычным падкрэсленні фрагмента тэксту пра ўладу, які ў той жа час цалкам упісваецца ў праграмнае навучанне (Рым 12-15 “Уздзеянне Евангелля”). Звярнуць увагу – гэта затрымацца і ўвайсці ў глыбіню біблейскай думкі, якая дасць нам адпаведнае разуменне праз прызму сугучча тэкстаў Старога і Новага запаветаў. Па-другое, выраз pasa psychē (даслоўна – “кожная душа”) выразна засяроджвае нас на зямным кантэксце, што звязана і з абмежаваннямі, і з памылковасцю, і з прамінальнасцю. А гэта хоць і абавязвае да паслухмянасці зямным уладам (exousia), аднак тут жа паказвае на абмежаванасць такой паслухмянасці суаднясеннем з Абсалютным Валадаром – Богам. Па-трэцяе, “устаноўлена Богам” указвае перш за ўсё на межы зямнога парадку, які прамінае, а таксама на неабсалютнасць патрабаванняў зямных валадароў, што таксама і іх павінна дысцыплінаваць пры вызначэнні матэрыі падпарадкавання.

Літаратура

  1. C. E. B. Cranfield, “Some Observations on Romans 13:1-7”, New Testament Studies 6 (1959-60), p. 241-249.
  2. E. Bammel, “Romans 13”, in: Jesus and the Politics of His Day, ed. E. Bammel and C. F. D. Moule, Cambridge 1984, p. 365-383.
  3. J. D. G. Dunn, “Romans 13:1-7 – A Charter for Political Quietism?” Ex Auditu 2 (1986), p. 55-68.
  4. J. D. G. Dunn, Romans 9-16, Word Biblical Commentary 38B, Dallas, TX 2002, p. 760-762.
  5. Ю. Пущаев, “Всякая власть от Бога, или О попытке превратить апостола в оппозиционера” (Всякая власть от Бога? – Православный журнал «Фома» (foma.ru)).
для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі