На пытанне адказвае кс. Алег Жураўскі:
Ці здзяйсняю я грэх, калі не звяртаю ўвагі, напрыклад, на знак “прыпынак забаронены” (не перакрываючы тратуар), ці калі я няправільна прыпаркаваў свой транспартны сродак, або калі еду на машыне і размаўляю па тэлефоне? Ці абавязаны католік выконваць прадпісанні “Правілаў дарожнага руху”, і калі ён гэтага не робіць або схіляе да гэтага іншых, то ці здзяйсняе ён грэх? На гэтыя пытанні даволі складана даць адназначны, лаканічны адказ “так” ці “не”.
Першы момант: выкананне правілаў дарожнага руху. Усе, не толькі католікі, нясуць маральны абавязак выконваць гэтыя правілы. Калі дадзеныя правілы абараняюць нейкае важнае дабро для нас ці іншых – напрыклад, датычацца жыцця ці здароўя чалавека, – мы павінны паставіцца да гэтых правілаў вельмі сур’ёзна, і іх парушэнне будзе прыкметай неадказных, неразважлівых ці нават небяспечных паводзінаў.
Здаецца, гэтае пытанне датычыць маралі, і тут нават можна казаць пра грэх. Бо ніхто не мае права ставіць сябе і іншых пад небяспеку страты жыцця або інваліднасці. Гэты абавязак вынікае з запаведзі “не забівай” – адказнасці і клопату пра чалавечае жыццё.
Калі разглядаць канкрэтныя прыклады, такія, як размова па мабільным тэлефоне, то наступствам гэтага, напэўна, можна назваць адсутнасць увагі на дарозе. Размовы па тэлефоне, адпраўка тэкставых паведамленняў за рулём абмяжоўваюць увагу і ўскладняюць кіраванне. Ні ў якім разе нельга гэтага рабіць. Усё, што вам у гэтым выпадку патрэбна, – гэта гучная сувязь. Няправільныя паводзіны на дарозе могуць прывесці да страты жыцця або здароўя, і калі такія паводзіны робяць вас сур’ёзнай небяспекай для сябе і іншых, гэта будзе грахом.
Католік павінен падпарадкоўвацца правілам, якія змяшчаюцца ў розных кодэксах, таму што яны маюць рацыянальны і службовы характар. Яны рэгламентуюць рух на дарогах, стрымліваюць самавольства і тармозяць “фантазію” вадзіцеляў. У некаторых выпадках палажэнні “Правілаў дарожнага руху” датычацца не столькі бяспекі, колькі звычайнай культуры і ўважлівасці да патрэбаў іншых удзельнікаў дарожнага руху. Напрыклад, паркоўка на месцы, адведзеным для кіроўцаў з абмежаванымі магчымасцямі. Дзейнічаць паводле гэтага – справа добрых манер і звычайнай культуры.
І апошняе: мне здаецца, што кожны з вадзіцеляў і пешаходаў павінен выпрацаваць добразычлівае стаўленне адзін да аднаго і ўвогуле да людзей, якія знаходзяцца побач. Зласлівасць, нервовая рэакцыя на памылкі іншых, асабліва менш вопытных вадзіцеляў, не ўплываюць пазітыўна ні на нас, ні на якасць кіравання. Патрэбна больш пакоры, дабрыні, цярпення, і гэта ўжо пытанне не граху, а нашай хрысціянскай сталасці.
для друку