Ці грэх карыстацца кантрацэптывамі?

“Хвала Иисусу Христу! Хочу спросить у вас совета. Я живу в венчаном браке с мужем, и мы используем контрацепцию – презерватив (мне 39 лет, двое детей, больше не планирую, есть риски по здоровью). Препятствует ли это (контрацепция) мне приступать к Причастию?”

– Прапаную Вам самой адказаць на гэтае пытанне, якое змяшчае ў сабе вельмі істотную справу – разуменне ўвогуле сутнасці сужэнскага акту і ўплыву на яго сучаснай ментальнасці. Распачнём з самога разумення касцельнага сужэнскага саюзу. Св. Ян Павел ІІ у кнізе “Тэалогія цела” піша, што шлюб – гэта натуральны інстытут, усталяваны Богам у самым пачатку стварэння свету. Шлюб паміж ахрышчанымі з’яўляецца сакрамантам, гэта значыць святым знакам любові Бога да чалавека, любові Езуса Хрыста да Касцёла. Той, хто прымае сакрамант шлюбу, абавязваецца перад Богам і перад супольнасцю быць у сваіх адносінах з сужэнцам бачным і верным знакам любові Бога да чалавека і любові Хрыста да Касцёла. Таму ў сакраманце сужэнства маладыя пакліканыя ўзрастаць у еднасці з Богам і паміж сабой. Бо канчатковая мэта хрысціянскага шлюбу – гэта святасць сужэнцаў, якая дасягаецца праз усе падзеі сужэнскага і сямейнага жыцця. Пасля шлюбнай згоды кожны з бакоў ужо належыць іншаму, муж і жонка назаўжды становяцца адзіным цэлым.

Чаму кантрацэпцыя разбурае сям’ю? Людское цела ў мужчынскім і жаночым яго родзе паводле самога акту стварэння, як гэта вынікае з аналізу вершаў 2,23-25 Кнігі Быцця, не толькі з’яўляецца інструментам нараджэння дзяцей, але ад пачатку носіць шлюбны характар. Гэта значыць, яно здольнае выяўляць любоў, дзякуючы чаму чалавек як асоба становіцца дарам, пацвярджаючы такім чынам глыбокі сэнс уласнага быцця. Калі разуменне цела зведзенае толькі да ўзроўню інстынктаў, калі цела не з’яўляецца выразам духа, то гэта не можа спрыяць развіццю саюза як супольнасці людзей, створаных “на вобраз Божы”. Сама па сабе сэксуальнасць не аб’ядноўвае, а прысвойвае. Адносіны самаадданасці замяняюцца адносінамі прысваення.

У гэтым кантэксце сужэнскі акт, які здзяйсняюць сужэнцы з выкарыстаннем кантрацэпцыі, – паступовае разбурэнне евангельскіх асноў інстытута шлюбу і сям’і. Кантрацэпцыя – гэта сродкі, тэхніка кіравання сужэнскім актам і кантроль над нараджальнасцю. Гэта аддзяленне інтымнай блізкасці сужэнцаў ад магчымай пракрэацыі. Паколькі гэта супярэчыць натуры сужэнства, то выкарыстанне такіх сродках можна аднесці да катэгорыі граху. У такім грахоўным сужыцці кожны становіцца аб’ектам пажадлівасці, узаемнага выкарыстання, а не добраахвотным дарам.

Вонкава навязаная чалавеку т.зв. кантрацэптыўная ментальнасць непарыўна звязана з крызісам у духоўна-маральнай сферы сучаснага “цывілізаванага” свету. Фактар задавальнення перамог біялагічную абумоўленасць працягу роду. Сучасныя віды “сродкаў кантролю над нараджальнасцю” і “сродкаў рэгуляцыі зачаццяў” прыводзяць да “штучнага бясплоддзя” – гэта планаванне небыцця сям’і як супольнасці любові і даверу, што часта вядзе да адсутнасці ўзаемапаразумення, а ў выніку да разводу, дэпрэсій ці нязноснай адзіноты.

Вучэнне Касцёла на дадзеную тэму адназначнае, і гэта не цяжар ці абмежаванне, накладзеныя на род людскі, але дапамога, якая служыць дабру чалавека, яго целу і душы. Згодна з традыцыйным тлумачэннем гісторыі Анана з 38 раздзела Кнігі Быцця, кантрацэпцыя заўсёды асуджалася Каталіцкім Касцёлам як грэх, якому няма апраўдання. Такі падыход падтрымліваецца і ў Новым Запавеце (Гал 5,19-20; Ап 9,21). У сваёй энцыкліцы Humanae Vitae у 1968 г. Папа Павел VI пацвердзіў вучэнне Касцёла. Св. Ян Павел ІІ у энцыкліцы Evangelium Vitae зрабіў наступны крок у дадзеным вучэнні, дэмаскуючы саму “кантрацэптыўную ментальнасць”. Яна зусім супрацьлеглая таму, чым ёсць адказнае бацькоўства і мацярынства, якое перажываецца з захаваннем усёй поўні і прыгажосці сужэнскага акту. Натуральным плёнам гэтай узаемнай адданасці, калі такая воля Бога, будзе з’яўленне новага жыцця.

Эфектыўная кантрацэпцыя ставіць мэту – “засцярога”. У рэчаіснасці гэта “засцярога” накіравана супраць дзіцяці. На практыцы падыход да дзіцяці становіцца ўсё больш негатыўным, да яго пачынаюць ставіцца як да няпрошанага агрэсара. Непазбежнымі тады становяцца сэксуальныя паводзіны, заснаваныя на моцных эмацыйных перажываннях і цалкам пазбаўленыя адказнасці. Дзіця ўспрымаецца як непажаданы, “пабочны прадукт” такіх сэксуальных “радасцяў”.

Слоўнікавы запас жыцця

Кантрацэптыўная ментальнасць дае нам на сённяшні дзень жудасны па сваім змесце слоўнікавы запас, якім мы, не задумваючыся, з лёгкасцю карыстаемся. Вось словы, што адлюстроўваюць такую ментальнасць: аборт, бяспечны сэкс, бяры ад жыцця ўсё, выкідыш, будучая мама (як быццам цяжарная жанчына яшчэ не мама!), натуральная кантрацэпцыя, жаданае дзіця (а ёсць нежаданыя?!), плод (а не чалавек!), мець дзіця (як сабачку, коціка і г.д.), штучнае апладненне, кантроль нараджальнасці, небяспечныя дні, пладзіць галечу, засцярога, перапыненне цяжарнасці, стэрылізацыя, чыстка і г.д. аж да ключавога паняцця названага ланцужка – смерці.

Гэтыя словы складаюць частку сучаснай мовы, і многія не заўважаюць, як уносяць у жыццё праклён замест бласлаўлення. Без кантрацэпцыі жыць не толькі магчыма, але і трэба. Сямейная пара пакліканая вывучаць сумесную шлюбную плоднасць, натуральнае планаванне сям’і і метады распазнання плоднасці (МРП). Варта таксама ўзброіцца мовай правільных паняццяў са слоўніка жыцця. Напрыклад, “блаславёныя дні” – так называюцца дні, якія прынята лічыць “небяспечнымі”. Гэта дні, у якія магчыма зачацце дзіцяці, што з’яўляецца блаславёным дарам Пана. У жыцці жанчыны не больш за 4% такіх дзён, якія распазнаць не так складана, калі выкарыстоўваць для гэтага МРП. “Бласлаўлёны стан” – так у даўнія часы называўся ўнікальны стан у жыцці жанчыны, што цяпер называецца цяжарнасцю. “Зачаць дзіця”, “нарадзіць” – гэта замест слоў “заляцець”, “завесці”, “мець” дзіця. Чалавека “мець” нельга, яго можна сустрэць, прыняць, усынавіць, зачаць, нарадзіць. “Сужэнская блізасць” – дакладны тэрмін замест распаўсюджаных, няслушных выразаў і паняццяў: “займацца каханнем”, “палавы акт”, “сэксуальныя або палавыя адносіны”, “бяспечны сэкс”, “выканаць абавязак”, “пераспаць”, “палавы партнёр” і г.д.

Рэцэпт шчаслівай сям’і

Сакрамантальная сям’я ў хрысціянскім вымярэнні характарызуецца непарыўнасцю сужэнскага саюзу, дзе мужчына і жанчына любяць адно аднаго, іншымі словамі, гэтую супольнасць асобаў злучае любоў. Супольнасць любові па сваёй сутнасці адкрытая на жыццё, на працяг роду. Яна здольная будаваць свае адносіны з Богам, наладжваць гарманічныя сужэнскія стасункі, адносіны з чальцамі сям’і ў пакаленнях, са светам і дзяржавай. Натуральная здаровая сям’я здольная ў радасці прыносіць здаровае, сацыяльна адаптаванае патомства, якога дастаткова не толькі для прамога замяшчэння пакаленняў, але і для здароўя нацыі. Здаровая сям’я дае найлепшую падрыхтоўку да шлюбу маладому пакаленню. Так, перажываны сужэнскі саюз – гэта аснова цывілізацыі жыцця.

У гэтым кантэксце экалогія сужэнства з’яўляецца важным інструментам для аднаўлення сямейнай цноты. Метад распазнання плоднасці (знаёмства з якім прадугледжвае падрыхтоўка пары да сакраманту шлюбу) не з’яўляецца самамэтай, але для большасці людзей выступае неабходнай прыладай для цнатлівага жыцця ў шлюбе.

Муж і жонка, якія выкарыстоўваюць МРП штодня, ведаюць аб сваёй плоднасці. Калі яны лічаць, што ў дадзены момант было б безадказна зачаць дзіця, яны ўстрымліваюцца ад сужэнскага акту (што, дарэчы, адбываецца падчас камандзіровак, хвароб, адсутнасці магчымасці пабыць сам-насам і г.д.) да таго моманту, пакуль не надыходзіць фаза цыклу, у якой зачацце немагчымае.

Калі ж шлюбныя пары звяртаюцца да натуральнага планавання, гэта значыць, да перыядычнага ўстрымання ў дні фертыльнасці, “рызыка” зачацця заўсёды бярэцца пад увагу. Прымаючы рызыку зачацця, муж і жонка ідуць па шляху логікі ўзаемнага дару, якая выключае пазбаўленне ад зачатага дзіцяці.

Падсумоўваючы, хочацца заахвоціць Вас і Вашага каханага мужа да супольнай малітвы, супольнага наведвання касцёла, па магчымасці да ўдзелу ў сужэнскіх спатканнях, а нават рэкалекцыях для сем’яў. Чаму? З мэтай аднавіць свядомасць ласкі сакраманту шлюбу і невымоўных дабрадзействаў, якія з яго вынікаюць для пашлюбаваных. Бо без аднясення да істоты хрысціянскага шлюбу, яго прыгажосці, адзінства, гармоніі і дабра сужэнцаў казаць пра практыкаванне сужэнскай цнатлівасці немагчыма. Але калі даверыцца Богу і стаць на евангельскі шлях разумення сужэнства, то Ваша сужэнская любоў будзе станавіцца больш моцнай, бо сам Пан асвяціць яе сваёй прысутнасцю паміж Вамі.


Літаратура:

  1. Дэвид Ф. Прентис (перевод и адаптация: Владислав Волохович), Влияние контрацепции на общество и Церковь 
  2. Наталья Пузанова, Иллюзии о контрацепции 
  3. Наталья Пузанова, Путь свободы или тайна целомудрия
  4. Наталья Пузанова, Безопасный секс?
  5. Владислав Волохович, Маски цивилизации смерти
  6. Владислав Волохович, Контрацепция угроза для современной семьи

Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі