Часовы павераны Апостальскай Сталіцы ў Беларусі здзейсніў адкрыццё старажытнай крыпты пад касцёлам у Навагрудку

12 красавіка ў Навагрудку была ўрачыста адкрытая крыпта-капліца Адарацыі, якую здзейсніў ксёндз прэлат Кшыштаф Сэрока, часовы павераны па справах Апостальскай Сталіцы ў Беларусі.

Святкаванне распачалося ў 19:00 з урачыстага ўнясення і пасвячэння абразоў святых Пятра і Паўла, якія намаляваў і падарыў касцёлу св. Арханёла Міхала, вядомы мастак, спадар Сяргей Грыневіч. Пасля адбылася цэлебрацыя Эўхарыстычнай Ахвяры, якую ўзначаліў прадстаўнік Ватыкану.

У сваёй гаміліі кс. Прэлат, звярнуў увагу на вартасць хрысціянскай надзеі ў кантэксце старазапаветных прароцтваў: “Тэкст прарока Езекііля вельмі натхняў народ, стомлены шматгадовай няволяй і пабуджаў да надзеі. У словах прароцтва, у кантэксце Новага Запавету, мы канечне ж пазнаем сапраўднае тлумачэнне – вызваленне ад нявоглі граху, духоўнае паяднанне і аб’яднанне праз Езуса Хрыста, а таксама ўзнікненне Новага Народа – Новага Ізраіля пад уладай новага Валадара – Збаўцы Езуса Хрыста”.

Аднак часта хрысціянская надзея, якая абапіраецца выключна на постаці Хрыста-Збаўцы, з-за людской грахоўнай слабасці, становіцца алепленай: “Евангельскі кантэкст паказвае нам не проста Новага Уладара, але самога Бога, якога пазнаём праз цуд уваскрасення мёртвага Лазара. Езус прадстае перад намі як той, хто мае ўладу над жыццём і смерцю, аднак многія сучаснікі гэтага не разумеюць і не хочуць разумець, больш за тое эліта Ізраіля супраціўляецца асобе Месіі і змаўляецца паміж сабой супраць Яго.”- зазначыў ватыканскі дыпламат.

Галоўны цэлебрант наблізіў прысутным вернікам постаці святых Пятра і Паўла, зазаначыўшы іх выключную ролю ў станаўленні супольнасці Касцёла. Напрыканцы кс. прэлат Кшыштаф, раскрыў сутнасць, сэнс, значэнне і прызначэнне крыпт-сутарэнняў у старажытных храмах: — Крыпты часта выкарыстоўваліся, як месца пахавання святых, мучанікаў і важных касцёльных дзеячоў. У раннім хрысціянстве лічылася, што блізкасць да рэліквій святых набліжае вернікаў да Бога, таму крыпты станавіліся месцамі пілігрымавання і малітвы. У крыптах захоўваліся рэліквіі, а алтары ў касцёлах часта размяшчаліся непасрэдна над крыптамі, каб сімвалізаваць сувязь паміж ахвярай Хрыста і пакутамі мучанікаў. Напрыклад, у Рыме крыпта пад саборам Святога Пятра, дзе, паводле традыцыі, пахаваны апостал Пётр, была і ёсць асабліва шанаванай.

У крыптах праводзіліся набажэнствы, асабліва ў часы пераследу хрысціянаў. У пазнейшыя часы крыпты выкарыстоўваліся для прыватных малітваў або адмысловых супольных набажэнстваў. Такія месцы былі ізаляванымі і ціхімі, дзе кожны мог засяродзіцца выключна на малітве. Крыпты таксама выкарыстоўваліся, як месцы спачынку для духавенства, ці фундатараў касцёла. У некаторых выпадках яны служылі сховішчам для касцёльных матэрыяльных каштоўных рэчаў, асабліва ў сярэднявеччы ва ўмовах частых войнаў і варожых, варварскіх набегаў.

У многіх сярэднявечных саборах крыпты былі часткай архітэктурнага вырашэння, які падкрэсліваў веліч будынка. Яны часта ўзвышалі алтарную частку храма, ствараючы ўражанне ўзнёсласці, дазвалялі ўзнесці узровень алтара, што было важна для літургічных абрадаў і бачнасці для вернікаў. У раннім хрысціянстве крыпты часта ўзнікалі на месцы катакомбаў, дзе хавалі мучанікаў. З часам, калі хрысціянства ў Рымскай імперыі атрымала свабоду веравызнання, крыпты пачалі будаваць пад вялікімі базілікамі і саборамі, напрыклад, у Равене, Мілане ці Рыме. У сярэднявеччы яны сталі неад’емнай часткай раманскай і гатычнай архітэктуры.

Сёння крыпты ў многіх касцёлах захоўваюць сваю гістарычную і духоўную каштоўнасць. Яны могуць быць месцам для экскурсій, малітваў ці наведвання рэліквій святых, дзеля іх ушанавання. Напрыклад, крыпта ў саборы Нотр-Дам у Парыжы або ў Ватыкане па-ранейшаму прыцягвае вялікія натоўпы пілігрымаў ці проста турыстаў. У кантэксце таго, што Беларусь сёння асаблівым чынам, кладзе націск на рэлігійны турызм, адкрыццё ўжо другой па ліку крыпты мае важнае значэнне для прыцягнення ў гэты старажытны горад вялікай колькасці вернікаў і падкрэслівае багатую духоўную і культурную спадчыну Беларускага народа ў кантэксце каталіцкай веры”.

Дастойны госць выразіў спадзяванне, што касцёл Арханёла Міхала ў Навагрудку і дадзеная святочная падзея стане “…. важным крокам для духоўна-культурнага развіцця гэтай прыгожай, шматпакутнай зямлі”, і павіншаваў ўсіх вернікаў – “на чале з кс. пробашчам Юрыем, мясцовыя ўлады і ўсіх людзей добрай волі, якія дапамаглі ў рэалізацыі гэтай важнай справы. Няхай Бог дабраславіць усіх вас на новыя ініцыятывы, якія змогуць паслужыць людзям і паспрыяюць пашырэнню хвалы Божай!”

Пасля літургіі Ахвяры Святой Імшы, ўсе вернікі і святары спусціліся ў крыпту-капліцу Адарацыі, каб яе ўрачыста адчыніць і асвяціць. Мерапрыемства сабрала вялікую колькасць вернікаў і гасцей, сярод якіх было вялікае мноства прадстаўнікоў свету выяўленчага мастацтва Беларусі і іншых прадстаўнікоў культуры нашай зямлі.

Біяграфія мастака-дабрадзея:

Нарадзіўся ў пасёлку Краснасельскі Гродзенскай вобласці. У 1978 годзе скончыў Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, а ў 1983 годзе Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальнага жывапісу. Працуе з Фрыдрыхам Кістэрсам, мастацтвазнаўцам, крытыкам, спадчыннікам вядомай калекцыі старажытнага класічнага мастацтва свайго бацькі Гайнца Кістэрса. Жыве ў Гродне. Мае тры майстэрні: у Гродне, у сваім доме пад Гроднам і ў Швейцарыі. Выставы яго твораў адбываліся ва ўсім свеце: Беларусі, Расіі, Гішпаніі, Польшчы, Літве, ЗША, Швейцарыі, Францыі, Нідэрландах, Украіне і Латвіі. Удзельнік некалькіх мастацкіх пленэраў у Навагрудку. Манументальнае мастацтва Сяргея Грыневіча адзначаецца дынамізмам, пластычнасцю і глыбінёй задумы. Пра што сведчаць яго выдатныя працы на хрысціянскую тэматыку.

для друку для друку