Чаму ў свеце існуе зло?

«Хвала Хрысту! Адкажыце, калі ласка, на пытанне, чаму ў свеце існуе зло? Чаму Бог, Які ёсць Любоўю і адначасова Усемагутны, нічога не робіць, каб зло перастала панаваць у свеце? Ці, можа, Ён робіць, але неяк па-свойму, незаўважна? Дзякуй за адказ».

Павел

Дэталь фрэскі Мікеланджэла ў Ватыканскай Сікстынскай капэле з выявай грэхападзення чалавека і выгнання з Эдэмскага саду

– Вельмі цяжка прыняць любое зло, несправядлівасць, несумленнасць, што з’яўляецца супрацьлегласцю дабру. Перад абліччам пакутаў, агульнай сапсаванасці, вайны, гвалту ў сэрцы кожнага чалавека ўзнікае пытанне: чаму? Па сваёй прыродзе Бог добры і з’яўляецца крыніцай кожнага дабра. Імкненне да ўдзелу ў такім дабры Бог змясціў у чалавека і стварыў яго такім, каб ён мог добра жыць і здзяйсняць добрыя справы паводле ўстаноўленага Усявышнім парадку і паводле яго слова. Аднак Бог таксама даў чалавеку магчымасць выбару. Гэта і дае людзям свабоду (нават насуперак уласнаму шчасцю!) не выкарыстоўваць прыроджаныя сілы дабра.

Зло ўвайшло ў свет. Вобразна можна сказаць так: Бог раздаў добрыя карты, але пакінуў людзям права самастойна разыграць «партыю». Бог – Творца, але Ён пакінуў чалавеку свабоду. Між тым многія людзі думаюць пра Яго як пра дыктатара, і таму вінавацяць Яго, калі што-небудзь здараецца. Святое Пісанне выразна пярэчыць такому вобразу Творцы. «Не кажы: дзеля Пана я адступіўся; бо што Ён ненавідзіць, таго ты не павінен рабіць. Не кажы: «Ён увёў мяне ў зман», бо Ён не мае патрэбы ў мужы грэшным. Усякую брыдоту Пан ненавідзіць, і непрыемная яна тым, хто баіцца Яго. Ён ад пачатку стварыў чалавека і пакінуў яго ў руцэ ў волі яго. Калі хочаш, выканаеш запаведзі і захаваеш вернасць. Ён прапанаваў табе агонь і ваду: на што хочаш, працягнеш руку тваю. Перад чалавекам жыццё і смерць, і чаго ён пажадае, тое і дасца яму» (Сір 15,11-17). «Разважлівы зло бачыць і адварочваецца, неразважлівы ідзе туды – і церпіць страты» (Прып 22,3).

З даўніх часоў людзі задаюць сабе пытанне: «Чаму Бог дапускае пакуты?» Гэтае пытанне таксама вядомае як пытанне тэадыцэі. Тэрмін «тэадыцэя» паходзіць са старажытнагрэцкай мовы (ад theós – Бог і díkē – справядлівасць) і апісвае такі момант у назіранні за сусветам і чалавекам у ім, у якім Божая ўсемагутнасць і Божая дабрыня здаюцца несумяшчальнымі. Гэта раздзел тэалогіі, які займаецца праблемай, як прымірыць існаванне добрага, міласэрнага Бога з існаваннем зла. Філосафу Эпікуру (341-270 гг. да н.э.) прыпісваецца класічная фраза: «Або Бог, хоць і хацеў бы ліквідаваць зло, не можа гэтага зрабіць: тады Бог слабы; або Ён можа гэта зрабіць, але не жадае гэтага: тады ён слабы і злосны адначасова, гэта значыць, ён не Бог».

Што кажа Святое Пісанне пра такую «супярэчнасць»? Святое Пісанне звязвае пытанне тэадыцэі ў асноўным з постаццю Ёва. Толькі ў Кнізе Ёва было закранутае старазапаветнае перакананне, што хваробы і пакуты з’яўляюцца пакараннем для чалавека, які адыходзіць ад Бога, і што праведнікі будуць блаславёныя шчасцем і багаццем. Вядома, што жыццё па Божых запаведзях часта з’яўляецца шчаслівым жыццём, і не абавязкова ўсім верным Богу будзе дадзены лёс Ёва. Памылкова, аднак, аўтаматычна трактаваць пачатак няшчасця як Божую кару. Біблейскі Ёў («Гэты чалавек быў нявінны і справядлівы; ён баяўся Бога і пазбягаў зла» (Ёў 1,1)) падвяргаўся ўсім пакутам, якія можа выпрабаваць чалавек. Яго жонка нават заклікала яго праклясці таго Бога, Які дазваляе гэтаму адбывацца. Але Ёў не дазволіў ні жонцы, ні ілжывым суцяшэнням і спробам тлумачэнняў адвесці яго ад веры: «Калі мы прынялі добрае ад Бога, чаму б нам не прыняць дрэннага?» (Ёў 2,10).

Пытанне аб пакутах вырашаецца не толькі тэарэтычна ў асобе Ёва, але таксама канкрэтна і гістарычна. Бог аб’яўляе сябе і прысутнічае ў разгар драмы чалавечага існавання як міласэрны Бог: «Я паглядзеў на няшчасці майго народа ў Егіпце, Я чуў іх крык пад бізуном іх наглядчыкаў, таму Я ведаю веліч іх пакут» (Зых 3,7). Гэта таксама бліскуча прадстаўлена ў св. апостала Якуба, які кажа: «Вы чулі пра трываласць Ёва і ведаеце, як урэшце ўзнагародзіў яго Пан, бо Пан поўны міласэрнасці і доўгацярплівасці» (Як 5,11). З Езусам прыходзіць упэўненасць: нам не трэба адмаўляцца ад пакутаў, таму што Бог не адмаўляецца ад нас. «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3,16). Бог на крыжы як Адзін можа супрацьстаяць болю за нявінныя пакуты ўсяго стварэння. «Крыж сапраўды з’яўляецца месцам, дзе дасканала выяўляецца спачуванне Бога да нашага свету» (Папа Бэнэдыкт XVI).

«Зло ў свеце – цёмная і балючая таямніца» (YOUCAT, 51). Езус перад тым, як патрапіць у пастку смерці, у смяротным страху пасылаў пытанні ў, здавалася б, маўклівае неба. Айцец не перашкодзіў Яму ісці на крыж – і Езус не пазбег сваіх страшных пакутаў. «Хрыстус, наш Адкупіцель, выбраў крыж, каб несці віну свету і пакуты свету. Такім чынам ён вярнуў свет да Бога праз сваю дасканалую любоў» (YOUCAT, 101).

Хрысціянская вера ў дадзеным пытанні грунтуецца на як мінімум двух сцвярджэннях (яны вынікаюць з Бібліі). Першае мы ведаем дакладна: Бог добры. Ён ніколі не можа зрабіць нічога дрэннага. Бог больш не быў бы Богам, калі б Ён быў і добрым, і дрэнным адначасова. Такім Богам можна толькі пагарджаць. Але калі Бог не прычына нашых няшчасцяў, то хто? Другое сцвярджэнне – Бог не хоча, каб людзі пакутавалі і паміралі. Кроў і слёзы чалавецтва часта маюць чалавечыя і натуральныя прычыны. Сапраўды, не толькі жахлівыя тыраны адпраўляюць масы людзей у крэматорыі ў канцлагерах або мораць голадам мільёны людзей. Мы таксама штодзённа ўносім свой уклад у няшчасці свету. Мы настолькі свабодныя, што можам знішчыць сябе, сваіх суседзяў і сваё прыроднае асяроддзе.

Нябачны, на першы погляд, цёмны адвар граху пакрыў і атруціў усё, што існуе. Нават стыхійныя бедствы – такія, як ураганы, землятрусы, пандэміі – гэта лагічная рэакцыя свету прыроды на зверствы, якія людзі робяць адно з адным. Таму чалавецтва пытаецца ў сябе: «Як мы дайшлі да таго, што добрае, праўдзівае і прыгожае ў стварэнні стала такім жахлівым і такім разбуральным?» Бо першапачатковай ідэяй Бога для чалавека быў рай: вечнае жыццё і супакой паміж Богам, чалавекам і яго асяроддзем, паміж мужчынам і жанчынай. Дык чаму ж мы страцілі гэты рай? Таму што Бог не стварыў нас пасіўнымі марыянеткамі. Ён зрабіў нас падобнымі да сябе і даў нам тое, што можа даць толькі Бог: амаль бязмежную свабоду. Гэта рызыка! Дзякуючы свабодзе можна стаць забойцам. Але ідэя была іншая: у «свабодзе мы павінны выбіраць Бога, любіць Яго вышэй за ўсё, рабіць дабро і пазбягаць зла, як толькі гэта можам» (YOUCAT, 285).

Такім чынам, ці ж можна сказаць, што свет – гэта няўдалы эксперымент Бога? Ці не было б лагічна, каб Бог зноў паслаў вялікі патоп, у якім разбэшчанае чалавецтва зноў патоне? Але Бог не такі. «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4,8). Бог робіць нешта незразумелае: Ён не знішчае нас. Ён таксама не незалежны назіральнік, які трымаецца ў баку ад нашай сітуацыі. Ён дазваляе трагедыі чалавецтва дайсці да яго сэрца – сэрца, поўнага міласэрнасці. Ён пасылае нам свайго Сына на верную смерць ад рук чалавека! Гэта каб сказаць нам, што там, дзе пакутуюць людзі, там пакутуе і Бог. Ён пакутуе ў сваім Сыне, Які стаў Чалавекам так, бо жадае пацвердзіць дасканалую любоў, любоў без межаў, любоў, у якой адзін аддае жыццё за другога. І пакутуе Ён так, што ніхто ніколі не можа сказаць: «Я ведаю месца, дзе цябе, Божа, не было: у маім болі!» Бог у Езусе ўкрыжаваным нібы кажа: «Глядзі, я невінаваты, я таксама нясу і твае пакуты!»

Праз асобу Езуса ў сваім усеагульным спачуванні Творца свету будуе нам, людзям, шлях назад у рай, мост праз бездань смерці. Хрысціяне справядліва вераць, што Езус Хрыстус – гэта адзіны шлях, адзіны мост да жыцця. «Няма іншага імя пад небам, якое можна было б даць нам, – гаворыцца ў Дзеях Апосталаў, – якім мы будзем збаўлены» (Дз 4,12). Менавіта Езус бярэ на свае плечы ўсё, што невыносна для людзей. Бо гэта мы павінны былі б плаціць за ўсе нашы няўдачы і грахі. Аднак Ён аплачвае ўсе «непагашаныя» рахункі. Мы павінны былі б пакутаваць з-за многіх няшчасцяў, якія мы наклікалі на сябе. Але Ён узяў на крыж нашы грахі і грахі ўсяго свету. Мы павінны былі б памерці ў пакаранні. Але Ён памірае за нас – і каб адкрыць нам шлях назад у рай, Ён памірае самай жахлівай смерцю, якую старажытны свет прыдумаў для найгоршых злачынцаў: самай жорсткай смерцю на крыжы. Айцец вывеў Яго з валадарства смерці! Уваскрасенне Езуса – гэта той мост, які выводзіць нас з мімалётнасці і марнасці нашых дзён. «Паколькі смерць ужо не канец усяго, радасць і надзея прыйшлі ў свет» (YOUCAT, 108).

У любым выпадку хрысціяне маюць упэўненасць, што пасля ўсіх пакутаў узыходзіць сонца Вялікадня. Св. Францішак Сальскі гэта пацвярджае: «Нашы пакуты былі б цяжкімі, як горы, калі б нам давялося несці іх у адзіноце. Але гэта ярмо Пан дапамагае нам несці, а нават Ён нясе і нас саміх».

Літаратура:

  • Youcat по-русски. Молодежный катехизис Католической Церкви, Москва 2014.
  • Dobrzeniecki M., “Problem zła w teologii współczesnej”, Teologia w Polsce 11,2 (2017), с. 167-182.
  • Hubaczek , Bóg a zło. Problematyka teodycealna w filozofii analitycznej, Wrocław 2010.
  • Hick J., Evil and the God of Love, London 1977.
  • Hubaczek K., Bóg a zło. Problematyka teodycealna w filozofii analitycznej, Wrocław 2010.

Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі

для друку для друку