Чаму было дзейсным бласлаўленне Якуба?

“Адкажыце, калі ласка, чаму было дзейсным бласлаўленне Якуба, хоць ён выманіў яго праз падман у Эзава?”

Ян

– Гэтае пытанне закранае некалькі аспектаў, але найперш тое, ці сапраўды быў падман, і якая ступень віны ў гэтай сітуацыі чалавека, а якая тут педагогіка Божай вернасці абяцанням, нягледзячы на людскі грэх… Запрашаю яшчэ раз зірнуць на сітуацыю і абставіны, што суправаджаюць біблійнае апісанне дадзенай падзеі, – гэта Кніга Быцця, 27.

На загад Рэбекі Якуб падмануў Ісаака, выдаўшы сябе за Эзава, і тым самым атрымаў бласлаўленне, якое было прызначана для брата. Сярэднявечная габрэйская экзэгеза, а за ёй і сучасная, праводзіць лінію абароны паводзінаў Якуба, так што амаль не сустракаецца крытыкі яго дзеянняў. Чаму? На гэту тэму напісаны цэлыя тамы доказаў. Істотным, напрыклад, падаецца абвінавачванне не Якуба, а самога Ісаака.

1) Чаму ён дазволіў Рэбецы слухаць сваю размову з Эзавам (Быц 27,5), можа, каб папярэдзіць яе пра свае намеры?

2) Чаму ён зрабіў выгляд, што не можа пазнаць Якуба? Ён мог адрозніваць іх галасы. Ён мог пазнаць Эзава ўжо толькі па адным слове, калі выклікаў яго (Быц 27,1), і ён сапраўды пазнаў голас Якуба: “Голас – гэта голас Якуба” (Быц 27,22).

3) Чаму ён зрабіў выгляд, што змог пазнаць скуру Эзава? Бо, датыкаючыся да Якуба, як Ісаак, мог памылкова прыняць тэкстуру казінай скуры за скуру чалавека?

4) Чаму ён зрабіў выгляд, што не заўважыў адрознення ў прыгатаваным мясе з хатняй жывёлы ад мяса дзічыны?

5) Чаму ён устрымаўся ад бласлаўлення Якуба Абрагамавым бласлаўленнем нашчадкамі і зямлёй (пар. Быц 12,1-3 і Быц 27, 28-29)? Ці, можа, быў гэты адыход ад традыцыйнага спосабу бласлаўлення, іншы, чым Ісаак прадэманстраваў Рэбецы, што ён увесь час ведаў пра яе планы і згадзіўся на іх?

Такое прачытанне матываў герояў дадзенага аповеду можа прывесці да меркавання, што Ісаак загадзя меў намер блаславіць Якуба. Але меў і патрэбу ў апраўданні, каб змякчыць пазнейшы гнеў Эзава, напрыклад, што ён, Ісаак, стаў ахвярай падману. Калі Ісаак быў саўдзельнікам, то гэта таксама тлумачыць, чаму Ісаак мог блаславіць Якуба, нягледзячы на падман. Да таго ж, тыя эпізоды гісторыі, дзе лічыцца, што Якуб хлусіў, могуць быць проста няправільна зразуметыя. Верш, у якім Якуб, здаецца, робіць простую заяву Ісааку, што ён насамрэч Эзаў, можа быць інтэрпрэтаваны па-рознаму. Так, у Быц 27,19 Ісаак пытаецца ў Якуба: “Хто ты, сын мой?”, і Якуб адказвае: “Я Эзаў, першынец твой”. Ключом альтэрнатыўнага разумення тэксту з’яўляецца тое, што адказ Якуба трэба ўспрымаць як два незалежныя дэкларатыўныя выказванні: першае – «я», а другое – “Эзаў – першынец твой”. Таму поўнасцю сэнс выказвання, якое даслоўна перакладзенае, не выяўляе поўнай праўды. Яго разуменне можа быць наступным: я прыношу табе ежу, хоць першынец твой Эзаў.

Таму згодна з традыцыйнай рабінацкай інтэрпрэтацыяй тэксту ў гэтым апавяданні няма падману. Якуб нікога не падмануў, бо першародства па праве належала яму. Рэбека не была вінаватая з-за Божага адкрыцця ёй падчас цяжарнасці (Быц 25,23). Акрамя таго, яна ведала, што Ісаак распазнае голас Якуба, і пакінула яму выбар: бласлаўляць ці не. Ісаак не падманваў, бо шлюб Эзава быў крыніцай смутку да яго (Быц 26,34-35), і Эзаў не выяўляў намеру працягваць бацькоўскай традыцыі. Аднак, паколькі Эзаў быў яго любімым сынам, Ісаак не хацеў пакрыўдзіць яго пачуцці, сказаўшы гэта наўпрост. Ён скарыстаўся магчымасцю, якая была прадстаўлена яму, і блаславіў Якуба замест Эзава. Калі хто-небудзь выкарыстоўваў падман, дык гэта Эзаў, які не паведаміў свайму бацьку аб продажы свайго першародства, калі яго бацька згадваў, што ўдзеліць яму сваё самае важнае бласлаўленне.

Апавяданне ў Быц 27 уключае ў сябе вельмі складаную сітуацыю, у якой іграюць свае ролі чатыры адрозныя персанажы. Зразумеўшы іх матывы, аднак, перш за ўсё мы павінны ўлічваць характар апавядання Торы. Тора – гэта не кніга ў сучасным разуменні. Яе шматлікія пласты сэнсу прызначаныя для вывучэння на працягу ўсяго жыцця. Ход падзей часта з’яўляецца толькі запрашэннем у больш глыбокае разуменне натхнёнай гісторыі. Так, хоць Эзаў, паляўнічы, адпавядае старажытнаму гераічнаму малюнку і ў такой форме служыць патрэбам свайго бацькі, ён не можа стаяць на лініі патрыярхальнай пераемнасці, гарызонтам якой з’яўляецца дух, а не прырода. Фізічная немач вачэй Ісаака не асляпляе яго для магчымасці пазнання гэтай духоўнай праўды. Ён ведае, для каго прызначана бласлаўленне і хто ў дадзены момант з’яўляецца яго атрымальнікам.

Аднак цяжка адмаўляць і тое, што Тора, хоць не яўна, але рашуча асуджае сам учынак падману Якуба. Па-першае, падман, здаецца, быў матываваны няправільным разуменнем намераў Ісаака. Сляпы патрыярх даў тры бласлаўленні сваім дзецям: першае Якубу, які выдаваў сябе за Эзава, другое – Эзаву, а трэцяе – Якубу. Толькі ў трэцім бласлаўленні, калі ён публічна звяртаўся да Якуба, ён даў “бласлаўленне Абрагама табе і нашчадку твайму з табой, каб ты мог атрымаць у спадчыну зямлю, на якой жывеш, якую даў Бог Абрагаму” (Быц 28,4). Ісаак сапраўды меў намер блаславіць Эзава часовай уладай, але бласлаўленне Абрагама – спадчына Святой Зямлі і найважнейшая місія патрыярхаў – патомства – былі зарэзерваваныя за Якубам з самага пачатку.

Па-другое, сам падман, можна сказаць, быў затым Якубам адпакутаваны. Якуб падвяргаецца шэрагу няшчасцяў і іроніі, адносіны якіх да першапачатковага падману не могуць быць выпадковымі. Ён павінен працаваць на свайго “брата” Лабана (Быц 29,15) замест таго, каб яго брат працаваў на яго (Быц 27,37). Ён падмануты пры першай шлюбнай ночы (Быц 29,24-26), а яго сыны падманваюць яго вопраткай Юзафа і крывёю казла (Быц 37,31). Яго адносіны з Эзавам з’яўляюцца якраз супрацьлеглымі тым, якія павінны былі быць дасягнутыя: Эзаў з’яўляецца яго гаспадаром (Быц 32,5.6.19; 33,8.13.14.15). Больш за тое, знясільвальны страх Якуба перад сваім братам вынікае з таго самага акту, які павінен быў усталяваць яго першынства. Такім чынам, існуе дастаткова доказаў, што Якуб павінен быў падвергнуцца шэрагу пакаранняў, каб залагодзіць свой акт падману.

“Ключавое” слова дадзенай сцэны мае корань, які азначае “падмануць” (літары resh-mem-yod רמי). Такая камбінацыя сустракаецца ў Кнізе Быцця тройчы. Першы выпадак той, у якім Ісаак кажа Эзаву, што яго брат падманам узяў яго бласлаўленне (Быц 27,35). Другі – калі Якуб пытаецца ў Лабана, чаму ён яго падмануў (Быц 29,25). Трэці выпадак, у якім Сімяон і Левій падманліва размаўляюць з Сіхемам (Быц 34,13). Гэта, верагодна, мае на мэце паказаць, што Якуб павінен быў “пакаштаваць” падману, здзейсненага сынамі. Ён павінен быў стаць на тым месцы, дзе стаяў яго бацька, калі яго сын Якуб падмануў яго.

Але ў Кнізе Быцця ёсць яшчэ адзін акт сыноўняга падману, падабенства якога з Якубам здаецца беспамылковым. Якуб “шыфраваў” ад бацькі сваю асобу, выдаючы сябе за кагосьці іншага. Аналагічным чынам яго ўласныя пакуты дасягаюць поўні экспіяцыі, калі яго сын Юзаф “шыфруе” сваю асобу і ўдаецца некім іншым, чым ён ёсць насамрэч. Юзаф таксама падманвае бацьку, даючы яму ежу, як Якуб падмануў свайго бацьку, прыносячы яму “смачную ежу”, каторая яму падабалася (Быц 27,7.14.17.25). Дадаткова ў фінальнай канфрантацыі паміж Юзафам і Юдам апошні з’яўляецца відавочна заменнікам Якуба, дзейнічаючы для абароны Бэньяміна in loco parentis (Быц 44,32).

Падсумоўваючы, можна сцвердзіць, што нельга адназначна сказаць пра асобу Якуба і яго чын, праз які ён атрымаў дзейснае бласлаўленне. Логіка Бібліі цудоўна перадаецца Кнігай Ёва 41,2-3: “Хто ж можа выстаяць перад Маім абліччам? Хто апярэдзіў Мяне, каб Мне аддаваць яму? Пад усім небам усё Маё.” Таму ласка Божая і Яго бласлаўленне дзейнічаюць, нягледзячы на людскую слабасць і грахі, прыводзячы чалавека да пакаяння і навяртання.

Бібліяграфія

  • Marcus, “Traditional Jewish Responses to the Question of Deceit in Genesis 27”/ у: Jews, Christians, and the Theology of the Hebrew Scriptures, рэд. A.O. Bellis, J.S. Kaminsky, Atlanta, GA 2000, c. 294-305.
  • Berger, Cultures in Collision and Conversation: Essays in the Intellectual History of the Jews, Boston, MA 2011, 236-250.
  • J.A. Diamond, Jewish Theology Unbound, Oxford 2018, 36-40.
  • Anderson, Jacob and the Divine Trickster: A Theology of Deception and YHWH’s Fidelity to the Ancestral Promise in the Jacob Cycle, Winona Lake, IN 2011, 160-171.
  • Frank, “Dominion, Guilt, and Reconciliation: The Contribution of the Jacob Narrative in Genesis to Political Ethics”, у: Semeia 66/1994, 67–77.
  • Genesis Rabbah: The Judaic Commentary to the Book of Genesis, A New American Translation, vol. III, Parashiyyot Sixty-Eight through One Hundred, on Genesis 28:10 to 50:26, Atlanta, GA 1985.

Кс. Валерый Марціноўскі, доктар тэалогіі

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі