Гэта адбылося 4 сакавіка, у першы дзень візітацыі Віцебскага ардынарыя ў германавіцкую парафію.
Іерарха запрасілі ў школу па просьбе ксяндза Яна Пугачова, пробашча парафіі Перамянення Пана ў Германавічах.
Напачатку біскупу паказалі гісторыка-краязнаўчы школьны музей, які адлюстроўвае гісторыю былога мястэчка Германавічы, а таксама гісторыю германавіцкай школы, якая нядаўна адзначыла свой векавы юбілей.
Шмат экспанатаў музея прысвечаны падзеям апошняй вайны, землякам, якія ваявалі супраць нацыстаў, а таксама воінам Савецкай Арміі, якія вызвалялі Германавічы ад гітлераўцаў. Завуч школы Іна Пучынская, якая выкладае гісторыю, цікава і з любоўю можа распавядаць пра кожны экспанат, што тут знаходзіцца. Шмат цёплых слоў яна сказала пра настаўнікаў, што раней тут працавалі, а таксама пра выпускнікоў гэтай школы.
Потым біскуп наведаў экалагічны клас, які з’явіўся ў мясцовай школе мінулай восенню. Пра экалагічную дзейнасць вучняў і настаўнікаў, пра магчымасці гэтага класа вельмі цікава распавяла настаўніца Марына Фёдарава. Праца такога педагога як Марына Аляксандраўна, дапоўненая магчымасцямі новага абсталявання, дазваляе выхоўваць у вучнях беражлівае стаўленне да прыроды роднага краю, вучыць дзяцей ганарыцца сваім родным краем.
Біскуп Алег у сваю чаргу таксама адзначыў, што захаванне прыродных багаццяў Касцёл лічыць Божай справай. Ён быў вельмі ўражаны ўбачаным, бо не спадзяваўся ўбачыць такога ў простай вясковай школе.
Пасля школы іерарх наведаў этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча, які месціцца ў былым палацы Шырынаў. Менавіта прадстаўнік гэтага роду быў фундатарам касцёла ў Германавічах.
Супрацоўніца гэтага музея Людміла Навіцкая правяла вельмі цікавую экскурсію па залах музея. Ён быў заснаваны ў свой час Адай Райчонак, якая працавала тады настаўніцай у германавіцкай школе. Гэты музей напачатку і быў школьным, бо і сама школа да пабудовы новага будынка знаходзілася ў былым палацы Шырынаў.
У музеі шмат старых рэчаў, якія распавядаюць пра жыццё і побыт нашых продкаў. Спадарыня Людміла распавяла пра тое, як даўней людзі пралі ніткі, як іх фарбавалі, як потым ткалі палатно, а яшчэ прыгожыя дываны.
Менавіта роспісам палатна і займаўся сярод іншага Язэп Драздовіч, некалькі маляванак якога знаходзяцца ў гэтым музеі. Але не толькі гэтым займаўся Язэп Драздовіч. Як распавядае Людміла Навіцкая: “Язэп Драздовіч – фігура вельмі шматгранная. Як для Беларусі, так і для Германавічаў таксама. Ён вельмі шмат зрабіў для мясэчка, для ваколіц, у Сталіцы (вёска побач з Германавічамі) ён адкрыў беларускую школу. Праўда, яна праіснавала толькі тры месяцы і была закрытая тагачаснымі польскімі ўладамі. Ён у Германавічах адкрыў дзве бібліятэкі, аматарскі тэатр, пачатковыя школы. І маці яго пахавана тут. Таму як для Глыбоччыны ён лічыцца сваім, так і для нас ён з’яўляецца нашым.”
Напрыканцы экскурсіі біскупа і журналістаў пачаставалі гарбатай, дзе гутарка працягвалася ў цёплай атмасферы. Гэтаму спрыялі і інтэр’еры былога палаца Шырынаў.
Ужо сцямнела, калі біскупа запрасілі ў прыватную галерэю Ады Райчонак. Высокага госця сустрэла сама гаспадыня і правяла для яго цікавую экскурсію. Ада Эльеўна з любоўю распавядала пра свае карціны, пра гісторыю іх напісання, пра саміх мастакоў. Некаторых з іх ужо, на жаль, няма сярод нас, а іх творы працягваюць радаваць наведвальнікаў галерэі.
Біскуп Алег так выказаўся пра першы дзень сваёй візітацыі: “Было вельмі прыемна, вось у такіх парафіях, якія на першы погляд, здаецца, нічым не вызначаюцца, знаходзіць багацце традыцый і культуры, якое шмат дзе яшчэ ў нас схаванае. Варта на гэта звяртаць увагу і памятаць, што гэта зямля на працягу стагоддзяў была і застаецца вельмі багатай у духоўным плане.”
Біскуп падзякаваў ксяндзу Яну за прадастаўленую магчымасць пазнаёміцца з культурным жыццём у Германавічах і пажартаваў, што нават крыгаход на Дзісне пробашч змог арганізаваць да яго прыезду. Бо менавіта ў гэты дзень рака пачала вызваляцца ад лёду.
Напрыканцы пробашч парафіі ксёндз Ян Пугачоў адзначыў, што яго вернікі павінны ганарыцца тым, што яны нарадзіліся і жывуць у Германавічах, бо гэта месца з’яўляецца значным не толькі для іх, але і для тых людзей, што сюды прыязджаюць.
Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа
