Біблійная школа “Профэтэс” вачыма яе выкладчыкаў

У красавіку біблійная школа “Профэтэс”, якая працуе пры парафіі Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку, працягнула сваю работу. Гэта ўжо чацвёртыя заняткі (першыя адбыліся 22-24 студзеня).

Карэспандэнт парафіяльнай газеты Фаіна Малюжэнец запыталася ў біблійных багасловаў пра іх бачанне гэтай евангелізацыйнай ініцыятывы.

Дзеля інтэрв’ю ў перапынках паміж лекцыямі я сустрэлася з яе выкладчыкамі. Мае мэты былі розныя. Па-першае, хацелася больш дэтальна прыгледзецца да гэтай новай ініцыятывы ксяндза Юрыя Жэгарына ў справе евангелізацыі насельніцва, вядома, каб потым праз парафіяльную газету расказаць людзям пра плён, які яны могуць атрымаць ад школы.

Па-другое, мяне вельмі вабіла знаёмства з выкладчыкамі. Часам па справах газеты мне даводзіцца гутарыць са святарамі, і, паверце, я ведаю цану гэтых размоў. Кожны раз гэта вялікае ўзбагачэнне… верай, розумам і разуменнем, дабрынёй… А зараз усім гэтым я хачу падзяліцца з вамі, паважаныя чытачы.

Знаёмцеся:

Ксёндз канонік Аляксандр Мацкевіч, доктар біблійнага багаслоўя, канцлер Гродзенскай дыяцэзіі, выкладчык Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжу святога Казіміра ў Гродне, выкладае 4 прадметы, якія скарочана можна назваць навукамі біблійнымі. Нарадзіўся ў Гродне, пасля заканчэння Гродзенскай духоўнай семінарыі служыў вікарыем у Ашмянах. З бласлаўлення ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча вучыўся ў Рыме, закончыў Папскі Грыгарыянскі ўніверсітэт, там абараніў доктарскую дысертацыю.

Ксёндз Валерый Марціноўскі, доктар Біблійнага багаслоўя, выкладчык Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне, рэзідэнт парафіі Езуса Міласэрнага ў г. Паставы, духоўны айцец Віцебскай дыяцэзіі. Родам з Мёраў. Закончыў Пінскую духоўную семінарыю. Служыў вікарыем у Віцебску, пробашчам у Гарадку (Віцебская дыяцэзія). Сваю адукацыю прадоўжыў у Каталіцкім універсітэце ў Любліне. І вось ужо другі год працуе у Гродне ў семінарыі, выкладае святое пісанне – пяцікніжжа, гістарычныя кнігі. Яму таксама даручана біблійная спецыялізацыя.

Ксёндз канонік Юрый Санько, ліцэнзіят Пастаральнага багаслоўя, выкладчык Міждыяцэзіяльнай Вышэйшай Духоўнай семінарыі  ў Гродне і Мінскага Тэалагічнага каледжа імя святога Яна Хрысціцеля, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, пробашч касцёла Святога Роха ў Мінску. Быць душпастырам (пробашчам) лічыць сваёй галоўнай функцыяй. Родам з Нясвіжа. Пасля заканчэння ў 23 гады семінарыі паўгода (з лютага па верасень) быў на практыцы ў Маладзечне, там ладзіў 15-ю пілігрымку ў Будслаў. Будучы дыяканам быў пераведзены у Мінск сакратаром на Кальварыю. 2 чэрвеня 2007 года біскупам Антоніем Дзям’янкай пасвенчаны ў ксяндзы. У 2007-2014 гады служыў душпастырам у Шабанах, з 2014 года прызначаны у парафію Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) у Мінску, дзе раней працаваў біскуп Юрый Касабуцкі.

Кс. Юрый Жэгарын, доктар пастаральнага багаслоўя, ліцэнзіят журналістыкі і сацыяльнай камунікацыі, выкладчык Вышэйшай Міждыяцэзіяльнай Духоўнай cемінарыі ў Гродне і катэхетычнага каледжа ім. Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах, пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Навагрудку. Родам з Гродзенскай вобласці, пасля заканчэння Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне быў скіраваны на практыку ў в. Макараўцы (Бераставіцкі р-н), Забалаць (Воранаўскі р-н). У 2007 годзе прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча і быў скіраваны на служэнне ў Сапоцкін (Гродзенскі р-н), а пазней на навучанне ў Люблінскі Каталіцкі ўніверсітэт, дзе ў 2011 г. абараніў доктарскую дысертацыю.

Фаіна: Хвала Хрысту, паважаныя святары і выкладчыкі біблійнай школы “Профэтэс”! Найперш раскажыце, якія дарогі прывялі вас у Навагрудак, дакладней у Біблійную школу? Што пасадзейчала таму, каб вы, маючы выкладчыцкія абавязкі па навучанні будучых святароў, усур’ёз заняліся рэлігійнай адукацыяй свецкіх людзей?

Кс. Юрый Санько: На вякі вечныя! Калі дазволіце, я адкажу за ўсіх прысутных тут ксяндзоў. Мы ў Навагрудку па запрашэнні вашага пробашча, ксяндза Юрыя Жэгарына. Але ў адносінах сябе, дадам, што я тут не проста ў якасці запрошанага, у нейкім сэнсе я нават маю дачыненне да арганізацыі гэтай школы. Пачну, як кажуць, здалёк.

Мы з ксяндзом Юрыем разам вучыліся і сябравалі на працягу 6 гадоў вучобы ў семінарыі. Разам рыхтаваліся, і парай удвух здавалі cantus (спеў), гэта такі абавязковы прадмет, які, як і літургія, у семінарыі вывучалі на працягу шасці гадоў. Мы і да сённяшняга дня захавалі добрыя стасункі і маем зносіны.

Калі гадоў дзесяць таму ў маім жыцці наступіў духоўны крызіс, Бог праз Біблію дапамог мне справіцца з гэтым. Бог – Той, Хто здольны змяніць наша сёння, і Ён  адкрыў у маім жыцці новае. Адбылася сустрэча са свецкім чалавекам, доктарам па прафесіі, – спадаром Васілём Шутавым, які больш за 20 гадоў самастойна вывучае Біблію, дарэчы, ён таксама выступае ў школе “Профэтэс”. І мы разам паглыбіліся ў Біблію. Гэта мне дапамагло справіцца з крызісам.

Пра ўсё гэта мы часта разважалі з ксянзом Юрыем і так з’явілася ідэя арганізацыі Біблійнай школы. Так што школа спалучыла мой досвед і праграму ксяндза Юрыя, спадзяёмся, людзям будзе цікава.

Фаіна: І вось школа пачала працаваць. Дзякуючы сацыяльным сеткам пра яе даведаліся ва ўсёй Беларусі, і для многіх людзей яна стала чаканай сустрэчай з Бібліяй. Дарэчы, як вам паказаліся слухачы школы? Падзяліцеся сваімі ўражаннямі аб удзельніках. Напэўна вы ўжо паспелі да іх прыгледзецца.

Кс. Валерый: Так, я ўжо другі раз праводжу тут заняткі і бачу зацікаўленасць слухачоў. Але адначасова бачу і розны ўзровень іх падрыхтоўкі. Самае складанае для выкладчыка – усвядоміць, што перад табой не навукоўцы. Я таксама не адразу ведаў Біблію, цалкам я яе прачытаў толькі ў семінарыі. У школе ж некаторыя з слухачоў нават цытуюць Святое Пісанне, яны свядома слухаюць яго. Біблія – гэта невычарпальная кніга. Таму са слухачамі школы на працягу года будзем сістэматычна працаваць па яе вывучэнні – чытаць, разбіраць і г.д.

Кс. Аляксандр:  Слухачы школы маюць вельмі добрае прагненне – пазнаваць Святое Пісанне. Біблія – слабое месца многіх католікаў, звычайна людзі знаёмы з ёю павярхоўна. Таму лічу, што біблійная школа вельмі патрэбная! Тут добрыя слухачы, уважлівыя, зацікаўленыя ў вывучэнні Бібліі. Вядома, што школа для свецкіх людзей мае сваю спецыфіку. У семінарыі студэнты вучаць Біблію па праграме навучання, больш глыбока і дэтальна. Для свецкіх людзей немагчыма выкладаць Святое Пісанне ў такім аб’ёме. Але, на маю думку, заняткі ў школе для свецкіх таксама дастаткова грунтоўныя і абшырныя. Відаць, што слухачы знаёмы са Святым Пісаннем, любяць яго, сістэматычна чытаюць, папросту жывуць Бібліяй. Ва ўсякім разе ў мяне склалася такое ўражанне. Радуюся, што ёсць людзі зацікаўленыя Словам Божым, гатовыя прысвяціць час і старанні, каб яго яшчэ лепей пазнаць.

Фаіна: Ксёндз Аляксандр, Вы, у адрозненне ад ксяндза Валерыя і ксяндза Юрыя ў школе першы раз. Якой яна Вам падалася?

Кс. Аляксандр: Мне ў школе спадабалася. Наколькі я зарыентаваўся, тут ёсць не толькі лекцыі, але і работа ў групах, дыскусіі. Такая інтэрактыўная работа ў групах яшчэ болей развівае слухачоў. Спадабалася, што пасля лекцый адбываецца адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, што ёсць магчымасць індывідуальнай малітвы. Біблійная школа – гэта не толькі ўзбагачэнне інтэлектуальнае, але і абавязкова духоўнае. Усебаковае развіццё – гэта калі веды плюс вера. І “Профэтэс” гэта спалучае.

Фаіна: Значыць, на вашу думку, у гэтай Біблійнай школы ёсць будучае? Якім бачыце яе развіццё? А можа што параілі б змяніць?

Кс. Аляксандр: Гэта вялікая радасць, што ёсць такая школа, якая стварае магчымасць вывучаць Божае слова. Гэта ўсяляе аптымізм. Магчыма, маё першае ўражанне няпоўнае. Яно эмацыянальнае. Але мне здаецца – гэта пазітыўная ініцыятыва.

Фаіна: Ну а зараз мне хочацца, каб кожны з вас адным сказам абазначыў будучае Біблійнай школы “Профэтэс”.

Кс. Юрый: Школа будзе развівацца.

Кс. Аляксандр: На маю думку, школа мае будучыню, хаця немагчыма сёння сказаць наколькі масава гэта будзе.

Кс. Валерый: Што з гэтага атрымаецца, пакажа час.

Фаіна: У свецкім жыцці зараз модна, каб кожны праект, кожная ініцыятыва мелі свой слоган, такі кароткі рэкламны заклік. Раней гэта называлася дэвізам. Не ведаю, наколькі гэта можна прымяніць да рэлігійнага праекту, але тым не менш, які слоган на вашу думку можа мець Біблійная школа “Профэтэс”?

Кс. Аляксандр: Слоган? Сама назва школы. Профэтэс – у перакладзе з грэчаскай мовы – прарок. Біблійныя прарокі абвяшчалі сучаснікам Слова Божае. Назва цікавая, арыгінальная. Кожны хрысціянін з’яўляецца ў пэўным сэнсе прарокам, калі слухае Божае слова і дазваляе, каб яно ім кіравала.

Кс. Валерый: А вось вам слоган ад мяне. На маю думку, ідэю і мэты школы дакладна адлюстроўваюць словы “Выплыві на глыбіню!”.

Фаіна: Пра школу мы пагаварылі, яна для дарослых, а можа б вы яшчэ далі і нейкія рэкамендацыі па далучэнню дзяцей да чытання Бібліі?

Кс. Аляксандр: Дзяцей далучаць да Бібліі – цяжкі, але важны занятак. Сёння можна знайсці дзіцячыя Бібліі з малюнкамі. Але выхоўваць трэба не такім спосабам, што садзім дзяцей і чытаем, ім неабходна расказваць. Дзецям лягчэй зразумець вобразы. Сітуацыі запамінаюцца. Да самастойнага чытання Бібліі чалавек павінен дарасці. Аповеды збоку дапамогуць дзіцяці зразумець. А бацькам трэба разумець, што вера нараджаецца са слухання. Аб гэтым піша святы Павел Апостал у Пасланні да Рымлянаў (10,17): “Такім чынам, вера ад слухання, а слуханне – ад слова Божага”. Менавіта так і нарадзілася Біблія.

Кс. Валерый: Я згодзен з ксяндзом Аляксандрам: вера нараджаецца са слухання. Я, як чалавек, які духоўна падтрымлівае святароў (мы ўсе слабыя людзі), бачу моцную сілу Божага слова.

Кс. Юрый: Магчыма, я скажу не зусім па тэме біблійнага выхавання дзяцей, пра што казаў ксёндз Аляксандр, але азіраючыся на сваё дзяцінства і юнацтва, разумею, што для фарміравання дзіцяці, у тым ліку і рэлігійнага, вызначальным з’яўляецца і слова, і таксама станоўчы прыклад… бацькоў, святароў – усіх тых, хто сустракаецца на іх жыццёвым шляху. Дзякуючы таму, што ў маім жыцці былі менавіта тыя, што трэба, людзі, я ўжо ў 11 класе ведаў, што пайду ў семінарыю, і дакладна ўсведамляў, кім хачу быць. І Бог благаславіў мяне.

Я трэці сын у сям’і. Маці праваслаўная, бацька быў католік. Гэта ён навучыў мяне чалавечнасці. Сваімі ўчынкамі. Паказаў, якімі павінны быць сямейныя адносіны. Цудоўны фундамент добразычлівасці, спагады, чым хочацца дзяліцца з людзьмі. Увогуле, мае бацькі былі чалавечнымі.

У касцёл мяне ніхто не прымушаў хадзіць, нават бабуля. Я сам пайшоў з сябрам, мне было 9 гадоў, яму – 7. У 11 гадоў прыняў Першую Святую Камунію. І вось тут у маё станаўленне важкі ўклад унёс ксёндз прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, які служыў у нас у Нясвіжы, я быў тады міністрантам. Па нядзелях ездзіў з ім па святынях, дзе ён правіў Імшы. Бачыў, як людзі чакаюць святара, каб паўдзельнічаць у Эўхарыстыі, а мы, трэба сказаць, іншы раз спазняліся туды, бо вельмі далёкі быў маршрут. Ксёндз паказваў мне сваё стаўленне святара, таксама расказваў і пра цяжкасці святарскага жыцця.

Таму, калі хочаце, каб з дзяцей штосьці атрымалася, паказвайце ім асабісты прыклад, размаўляйце з імі!

Фаіна: Дзякуй вам усім за размову, за вашу працу ў біблійнай школе, за тую навуку і тыя настаўленні, якія вы паспелі даць нават у ходзе гэтага інтэрв’ю нам, парафіянам касцёла Святога Міхала Арханёла ў Навагрудку. На завяршэнне можа хто з вас яшчэ выкажа свае ўражанні ад нашага горада, зробіць і яму рэкламу таксама, бо напэўна гэты нумар газеты слухачы школы павязуць да сябе дамоў у розныя куткі Беларусі. Хай і там ведаюць пра нас.

Кс. Аляксандр: Навагрудак? Прыгожы гарадок. Унікальныя пейзажы. Багатая гісторыя, культура. Калі бываю тут праездам, абавязкова спыняюся і здзяйсняю прагулкі, каб палюбавацца. Навагрудак несумненна мае месца ў маім сэрцы. Горад уражвае, дае новыя эмоцыі, захапляе.

Жадаю… мы жадаем усім навагрудчанам заставацца з Богам і жыць біблійным словам!

Са святарамі гутарыла Фаіна Малюжэнец

для друку для друку